Заданне ад Уладыкі

У дзень Узвіжання Крыжа Гасподняга ў старым храме нашага горада, дзе свята з’яўляецца прастольным, літургію служыў Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан.
Пасля завяршэння малебна Ўладыка, якога суправаджалі настаяцель протаіерэй Васілій Дужак і клірык іерэй Георгій Філіновіч, наведалі Мелясніцу. Дзякуючы гэтаму, для жыхароў вёсачкі сёлетні “святок” стаў сапраўды гістарычным.
Гэта паселішча вядома з пачатку XVII стагоддзя як валоданне, разам з Лунінцам, Дзяцелавіцкага Нова-Пячэрскага Прэабражэнскага мужчынскага манастыра. Абіцель дзейнічала амаль 250 год, а пасля закрыцця Мелясніца засталася ў Лунінецкім прыходзе. Да вайны тут пражывалі больш за 300 сялян.
1 кастрычніка 1943 года дзве трэці жыхароў былі забіты фашыстамі, вёска – спалена. Людзі, якія цудам выратаваліся, пахавалі костачкі сваіх родных у брацкай магіле, а з цягам часу – адрадзілі Мелясніцу. Вёска ўвекавечана на Дрэве Жыцця мемарыяльнага комплекса Хатынь.
На жаль, у перабудоўчыя часы прамая дарога працягласцю ў 2,5 кіламетра была закрыта. З Лунінца да вёскі праз Вульку 1 даводзіцца пераадольваць адлегласць больш чым у 10 кіламетраў, што стварае зразумелыя перашкоды. Мелясніца паступова змяншаецца. Цяпер тут у 15-ці дварах пражывае 32 чалавекі, палова з якіх – пенсіянеры, і ніводнага школьніка.
Можна ўявіць радасць вяскоўцаў, якія мелі гонар прымаць высокіх гасцей! 92-гадовая Надзея Яфімаўна Паўлюкавец з дапамогай дачкі, 65-гадовай Ганны Максімаўны Даўгун, вітала Ўладыку караваем. Ён благагавейна пацалаваў хлеб і благаславіў старажылаў. Шчырыя словы падтрымкі адрасаваў “дзецям вайны”, якім удалося выжыць у час трагедыі вёскі і захаваць адданасць малой радзіме. Не ўдзельнічала ў свяце прыкаваная да ложка 85-гадовая Любоў Міхайлаўна Гардзіевіч. З ёй падзеляцца ўражаннямі на 10 год малодшыя Раіса Паўлаўна Мыслейка і Тамара Мікалаеўна Літвінчук, а таксама Яўгенія Міхайлаўна Прыходзька, якая нарадзілася ў лесе праз два месяцы пасля знішчэння вёскі.
Пастаянны ўдзельнік мелясніцкіх сустрэч – 88-гадовы ветэран вайны і працы Міхаіл Міхайлавіч Канапацкі, былы лунінецкі чыгуначнік. А сям’я яшчэ адной ахвяры фашызму на мітынгу-рэквіему прысутнічала ўпершыню.


У полымі загінулі 25-гадовы Аляксандр Негацін з жонкай і 8-месячным сынам. Звесткі аб трагедыі, што і цяпер баліць, занатаваў яго бацька. Напісаныя крывёю сэрца радкі былі агучаны каля абеліска. Разам з жыхарамі Мелясніцы ў хвіліне маўчання застылі нашчадкі адзінай дачкі Васіля Негаціна, якая жыла ў Лунінцы. Унукі захавалі дзённікі дзеда. Адна з іх, Дана Георгіеўна Сярогіна, уручыла каравай Благачыннаму. У памятным мерапрыемстве ўдзельнічалі яе сын-масквіч, сястра Ганна Мігалевіч, якая жыве ў Лахве, з дачкой і зяцем.
Уладыка адзначыў, што вельмі важна, святкуючы юбілеі ваенных падзей, шанаваць памяць ахвяр фашызму. Сучасная моладзь павінна ведаць, што ад гітлераўскага генацыду нас выратавала вызваленне Беларусі і Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. У памінальнай малітве злучыліся духавенства і ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Да абеліска былі ўскладзены вянкі ад Уладыкі, Лунінецка-Ганцавіцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, СВК “Хваецкае”.
Штогод адзначаючы гадавіны трагедыі, адначасова ўшаноўваем меляснян з нагоды Дня пажылых людзей. Ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа падарункі ўручыла Надзея Ігнаткевіч, ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – Лідзія Чыжакова.
Своеасаблівае паломніцва на прастольнае свята ў Мелясніцу ажыццявілі гімназісты. І менавіта да юнакоў і дзяўчын звяртаўся Ўладыка, нагадваючы аб агульнахрысціянскай святыні – Крыжы Гасподнім. Настаўніца Ірына Аляксандраўна Грушэўская ўсхвалявана адзначала, што, прыхаджанкай, часта была ўдзельніцай набажэнстваў, якія служыў Уладыка, але ўпершыню трапіла ў святло дабрыні яго вачэй і благаславення, што сыходзіла і на старых, і на моладзь. Словы Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана аб каштоўнасцях сям’і і роду натхнілі намесніка дырэктара Вольгу Вячаславаўну Сыцэвіч на правядзенне творчага конкурсу, што яна будзе лічыць ганаровым заданнем ад Уладыкі. Сімвалічная экскурсія можа мець працяг, як лічыць сёлетні пераможца міжнароднага экалагічнага конкурсу, алтарнік храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”), 11-класнік Улад Барысевіч:
Нічога значнага не зрабілі, а жыхары дзякавалі нам проста за тое, што на іх адзінай вуліцы Партызанская нарэшце чуліся размовы і смех моладзі. Раскажам пра Мелясніцу сваім аднакласнікам і сябрам. Яшчэ раз хочацца наведаць вёску, магчыма, з велапрабегам і большай колькасцю гімназістаў…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии