«Завіце мяне Фёкла!»

З такой просьбай звярнулася да знаёмых адна з лунінчанак, калі даведалася пра жыццё сваёй нябеснай ахоўніцы.
Гэта імя ў 1950-ыя, у памяць бабулі і прабабулі, далі ёй бацькі, занатавана яно і ў пашпарце. Але паважаная жанчына лічыла яго нямодным і непрыгожым, таму і прасіла называць яе па-іншаму. Такое шчырае прызнанне ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) пачулі ўдзельніцы чарговай сустрэчы, якая была прысвечана імянінніцам кастрычніка.
У першы дзень месяца царква прыгадвае Фёклу (з грэчаскага – “слава Божая”, па-лацінску – Тэкля) – роўнаапостальная першапакутніца вылечвала людзей ад хвароб. 21 кастрычніка адзначаецца дзень дзвюх святых. Імя Пелагея (з грэчаскага – “марская”) таксама цяпер не карыстаецца папулярнасцю. Магчыма, даведаўшыся, што нябесная ахоўніца была вялікай праведніцай, носьбіты імя будуць яго шанаваць. У “Таісіі” занатавана сувязь з грэчаскай багіняй ўрадлівасці Ізідай, тлумачыцца імя яшчэ як “мудрая”. З павагай прыгадалі Т.І. Басюк і Т.Р. Зоцікаву, якія былі першымі настаўніцамі многіх гараджан, урача-дэрматолага Т.В. Марэйка, якая стаіць на варце здароўя лунінчан.
Гэтаму і наступнаму імя больш пашанцавала, хаця цяпер яны дастаткова рэдкія. Святая Зінаіда (з грэчаскага – “як Бог”) шануецца 24-га. У рэдакцыі раённай газеты (дарэчы, таксама імянінніцы кастрычніка!) працавалі цёзкі – бухгалтар З.І. Клімовіч і карэктар З.В. Мельнікава. У паслядоўніцы ветэрана працы, цяперашняга спецыяліста “ЛН”, мама – З.М. Поляк – носіць такое імя. Калегай газетчыкаў можна назваць З.А. Гнедзька, якая працавала ў “Саюздруку”. Яна з’яўляецца прыхаджанкай храма, як і ветэран працы Фонду сацыяльнай абароны З.С. Богдан. Віталі з надыходзячым днём анёла Зінаіду Сяргееўну, а таксама З.М. Молчан. Імя добрасумленнай працаўніцы БУ-62 (што, на жаль, спыніла сваё існаванне) было занесена ў раённую Кнігу Гонару. На заслужаным адпачынку Зінаіда Міхайлаўна прысвяціла сваё жыццё храму – удзельнічала ў яго ўзвядзенні, выконвала розныя паслушанні. І дагэтуль запатрабаваны яе высокапрафесійныя будаўнічыя ўменні.
Для імянінніц, іх родных і сяброў, усіх удзельнікаў сустрэчы быў паказаны фільм “Нечаканы Афон”. Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь расказаў аб яго стваральніку. Гэта – пісьменнік Юрый Вараб’еўскі, з якім бацюшка пазнаёміўся ў Пінску на адным з фестываляў праваслаўнай культуры.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии