Нашчадкі, годныя памяці продкаў

У храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) рыхтуюцца да сустрэчы мошчаў благаверных князя Пятра і княгіні Феўроніі.
У праекце “Сямейнае кіно” праглядзелі фільм, прысвечаны Мурамскім цудатворцам, якія шануюцца як заступнікі сям’і. Жыццё святых дастаткова вядомае. У гонар Пятра і Фяўроніі 8 ліпеня, калі іх памінаюць, у Расіі абвешчаны як Дзень сям’і. Там узведзены дзясяткі помнікаў святым і адзін – ужо ў Беларусі. Традыцыя стала ўладкаваннем каля пастаментаў “лаўкі прымірэння” – месца спынення спрэчак паміж мужам і жонкай.
Яшчэ больш гледачоў уразіла гісторыя манастыра, дзе захоўваюцца мошчы святых. У атэістычны час абіцель закрылі, а будынак быў прыстасаваны для розных грамадскіх патрэб, а потым наогул закінуты, стаўшы прытулкам для асоб “без вызначанага месца жыхарства”. Здымкі пачатку 1990-ых прымушаюць жахнуцца нас таксама, як і тых першых манахінь, якім было даручана аднаўленне манастыра. І на нашых вачах дэманструюцца крокі цяжкай працы, вынікам якой стала адроджаная святыня.
Пасля прагляду відэафільма гледачы дзяліліся ўражаннямі.
Каб не дакументальная хроніка, немагчыма было б паверыць, што слабымі жаночымі рукамі з суцэльных руін за кароткі час можна стварыць такое хараство…
Мне пашчасціла наведаць гэты манастыр у горадзе Мурам Уладзімірскай вобласці, але ўжо ў росквіце. Не ўяўляла, што такім жудасным магло быць святое месца раней… А вы заўважылі, як ішлі хрэсныя ходы? У нас жа людзі па баках аглядаюцца, перагаворваюцца, даруй Госпадзі. А там тры манахіні з малітвамі і іконамі абыходзяць вялікую тэрыторыю, не звяртаючы ўвагі на навакольных. Хочаш – далучайся, хочаш – не. Выбар дадзены кожнаму…
Мяне ўразіла традыцыя манастыра, каля пасля вячэрняй службы манахіні просяць прабачэння адна у адной. Сапраўды, ніхто ж не ведае, ці перажыве ноч…
Памятаеце, якая вялікая ў абіцелі гаспадарка? Каровы, коні, авечкі, больш, чым у калгасе. Якой жа рознабаковай трэба быць ігуменні, каб кантраляваць і будаўніцтва, і жывёлаводства!
Яна робіць уражанне вельмі патрабавальнай, нават жорсткай кіраўніцы. І колькі горкай праўды ў словах матушкі-настаяцельніцы: ніхто не бачыць, як манахі працуюць, затое ўсе бачаць, як манахі пасварацца, – аб гэтым прэса паведаміць усяму свету…
Але ж строгасць у яе знешняя, а пазіцыя – вельмі дэмакратычная. Спачатку адмаўлялася ствараць дзіцячы прытулак, таму што лічыць манаства асэнсаваным выбарам свядомага чалавека. Калі ж сталі прыводзіць дзяцей-бадзяг з вакзала ці проста пакідаць малышоў у манастарыскім двары, вымушана была змяніць погляд на гэту праблему.
З якой любоўю манахіні адносяцца да сваіх выхаванцаў! Гэта бачна і па адзенню дзяцей – проста анёльчыкі, і па занятках, што з імі вядуцца, – музыка, спевы, маляванне. Ім дапамагаюць вызначыцца ў жыцці, а потым –выбіраць свой шлях.
Упершыню бачыла, як вышываюцца аблачэнні ці тыя ж плашчаніцы, што маюцца ў кожным храме. Вельмі цяжкі працэс, што адначасова вядуць некалькі манахінь з сапраўды залатымі рукамі. Цяпер з асаблівай пашанай буду глядзець на гэтыя царкоўныя рэчы, усвядоміўшы, колькі малітваў і працы ў іх увасоблены.
Вынікі своеасаблівага абмеркавання падвеў настаяцель іерэй Сергій Крышталь:
Нам невядома, праз якія выпрабаванні Бог прыводзіць чалавека ў храм. І гэта датычыць не толькі жыцця святых Пятра і Февроніі, але і пастаянна здараецца ў сучаснасці. Сёння пасля службы да мяне падышоў сталы мужчына, які стаў прыхаджанінам месяцы тры таму. Ведаю, што ён лечыцца ў анкалагічным дыспансеры. Уразілі словы, пачутыя ад гэтага чалавека. Ён сказаў: як я ўдзячны Богу за хваробу; калі б не рак, ці прыйшоў бы ў храм… Маё ж пажаданне людзям: знайдзіце час, наведайце Жыровіцкі манастыр на некалькі дзён. Там асаблівая засяроджанасць і таму – асаблівая малітва... А паколькі на зямлі самай вялікай каштоўнасцю лічым сям’ю, запрашаю наведаць храм у час знаходжання ў нас мошчаў благаверных Пятра і Феўронні, пакланіцца памяці святых, папрасіць заступніцтва Неба для сваіх блізкіх і родных…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии