Заступнікі сям'і,

аб якіх трэба ведаць з дзяцінства, благаверныя князь Пётр і княгіня Феўронія, Мурамскія цудатворцы. Іх мошчаў чакаюць у Лунінцы.
У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адбыўся чарговы відэалекторый, прысвечаны падрыхтоўцы да сустрэчы святыні. У праекце “Сямейнае кіно” праглядзелі яшчэ фільм, прысвечаны святым, якія шануюцца як заступнікі сям’і. З экрана матуля чытала дзецям жыццё святых, што было праілюстравана клеймамі на вялікай старажытнай іконе. Яна захоўваецца ў музеі г. Мурама і ўражвае незвычайнымі памерамі – пісана на трох шырокіх дошках. Абраз знаходзіўся над ракай у манастыры, а ў атэістычны час быў перададзены ва ўстанову культуры, як і самі мошчы. Адразу ў дзясяткі разоў павялічылася колькасць наведвальнікаў музея. Савецкія ўлады спачатку ўзрадаваліся, а пасля ўсвядомілі “ідэалагічную небяспеку” сапраўднага паломніцтва. Каштоўныя “экспанаты” былі схаваны далей ад людскога пакланення – у фонды. Як ні прыкра канстатаваць, але ўсё ж музей стаў надзейнай абаронай. Можна ўявіць, што адбылося б, калі б святыні былі пакінуты ў абіцелі, якая хутка была разрабавана, закрыта і фактычна разбурана...
Але вернемся зноў да юных слухачоў жыцця благаверных Пятра і Феўроніі. Мама чытае ім на нач. На тварах хлопчыка і дзяўчынкі адлюстроўваюцца то перажыванні за князя перад яго змаганнем са Змеем, то шкадаванне яго з-за хваробы, то абурэнне ім за падман дзяўчыны... Нарэшце, заспакоеныя ўстанаўленнем справядлівасці ў адносінах Пятра і Феўроніі, дзеці засынаюць. Мама, паправіўшы коўдры на іх ложках, таксама ідзе адпачываць.
Далей фільм дае яшчэ адну магчымасць завочнага знаёмства з манастыром – правобразам раю на зямлі.
Пры абмеркаванні фільма ўдзельнікамі відэалекторыю гучалі шматлікія пытанні, у тым ліку і наступнае: як часцінка мошчаў з Уладзімірскай вобласці трапіла ў Беларусь? Настаяцель іерэй Сергій Крышталь адказаў, што дзяржаўная статыстыка дае сучасную лічбу скасавання шлюбаў – апошнім часам разводзяцца 80 працэнтаў зарэгістраваных пар. Яшчэ 10 год таму гэта лічба была 50 працэнтаў. І ўжо тады мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, натуральна быў усхваляваны зніжэннем у грамадстве ўзроўню статусу сямейных каштоўнасцей. Тым больш – на фоне палітыкі фактычнага знішчэння паняцця “сям’я”, што агрэсіўна праводзяцць у краінах Еўрапейскага Саюза. Гэта супярэчыць асновам маральнасці чалавека, сутнасці хрысціянскіх якасцей.
Чым можам абараніцца? – рытарычнае пытанне задаў бацюшка. – І сам жа адказаў:
Толькі малітвай. Менавіта для гэтага Ўладыка Філарэт і папрасіў святыні з Мурама.
Як расказаў свяшчэннік, у ліпені 2011 года жыхары Беларусі ўручыста сустракалі мошчы святых Пятра і Феўроніі, вялікіх цудотворцаў, ахоўнікаў сямейнага шчасця, кахання, любві і адданасці. Мноства вернікаў з розных куткоў нашай краіны змаглі пакланіцца ім, прынесці святым сваю малітву, боль і надзею.
Па хадайніцтву кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы, свяшчэннаначальства Уладзімірскай епархіі, да якой належыць Мурам, вызначыла пакінуць мошчы ў Мінску. Месцам пастаяннага іх знаходжання вызначаны прыход, што будуецца ў гонар Богаўлення, у мікрараёне Лошыца беларускай сталіцы. Штогод мошчы святых Пятра і Феўроніі ўрачыста прыбываюць ў розныя гарады Беларусі. У Лунінцы, як вядома, яны будуць адкрыты для малітоўнага пакланення веруючым з 5 па 9 лістапада з 7.30 да 21 гадзіны.
Малітва за сям’ю лішней не бывае, – завяршыў гутарку бацюшка.
Як не згадзіцца з гэтым мудрымі словамі… Застаецца запрасіць усіх у храм.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии