І кнігі злучаюць гарады…

Шырока вядома грамадская дзейнасць прыходу храма Богаяўлення, што будуецца ў мікрараёне “Лошыца” г. Мінска.
Як ганаровых гасцей у свой час там прымалі і двойчы Героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта Георгія Грэчку, і славутага падарожніка – свяшчэнніка Фёдара Конюхава. Многія лунінчане былі радыёслухачамі ці тэлегледачамі гэтых сустрэч.
У час нядаўняга знаходжання ў храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца з часцінкай мошчаў святых благаверных князя Пятра і княгіні Феўроніі, Мурамскіх цудатворцаў, сёстры міласэрнасці сталічнай царквы падарылі нам вельмі каштоўныя выданні яшчэ аднаго сябра мінскага прыходу.
У асяроддзі гісторыкаў добра вядома імя аўтара. Гардзей Шчаглоў шмат працуе ў архівах і на падставе дакументаў прымушае перагледзець наша ўяўленне аб многіх падзеях ці асобах мінулага Бацькаўшчыны. Аказалася, што цяперашні свяшчэннік храма ў імя св. Мікалая Японскага ў Мінску – сакурснік па духоўнай семінарыі ў Жыровічах настаяцеля нашага храма іерэя Сергія Крышталя. Ён расказаў:
Айцец Гардзей быў старэйшы за нас год на 15. Справа ў тым, што ў свой час яму не дазволілі паступіць у духоўную школу. Закончыў Акадэмію мастацтваў, абараніў дысертацыю па культуралогіі, а толькі потым стаў семінарыстам. Вельмі выручаў нас, калі не былі добра падрыхтаваны да адказаў. Прасілі сакурсніка: Гардзей, адцягні ўвагу лектара пытаннямі. Цяпер яго глыбокія веды па царкоўнай гісторыі адзначаны ступенню доктара навук.
Падзякаваўшы за падарунак, бацюшка пакінуў некалькі экземпляраў у прыходскай бібліятэцы. Частка кніг уручана прадстаўнікам навучальных устаноў, якія былі ўдзельнікамі нядзельнай сустрэчы ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма.
Падарунку асабліва ўзрадавалася настаўніца гісторыі СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Раманаўна Сладзінская. Па кнізе “Адняты крыж” яна выступіла на Пятых Свята-Андрэеўскіх педагічных чытаннях і накіравала артыкул у часопіс “Выкладанне гісторыі ў школе”.
Настаўніца англійскай мовы Лунінецкай гімназіі Ірына Аляксандраўна Грушэўская таксама з удзячнасцю прыняла кнігі. Для калектыву асабліва знакавай стане яшчэ адно выданне Гардзея Шчаглова – “Гісторыя і цуда Васькаўскай іконы Божай Маці”. Справа ў тым, што другая яе назва – Ельская. У гэтым гарадку на Гомельшчыне захоўваецца спіс цудатворнага мясцова шануемага абраза. А нас звязвае імя навукоўца Мікалая Пятровіча Анцукевіча, які нарадзіўся ў Ельску, а працаваў у 1920-1927 гг. у Лунінецкай рэальнай гімназіі. Памяці гэтай неардынарнай асобы, аднаго з перакладчыкаў “Слова аб палку Ігаравым”, у ліцэі праводзяца гісторыка-філалагічныя чытанні, што ў гэтым навучальным годзе адбудуцца ў чацвёрты раз – цяпер ужо ў гімназіі. Кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” ўпэўнена: адно з даследаванняў абавязкова будзе прысвечана гэтай нацыянальнай святыні, што была страчана ў час паслярэвалюцыйных разбурэнняў храмаў...
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара і Кірыла САВІЧА.

Комментарии