Урок аб мінулым з заданнем на будучае

Памяць прападобнага Нестара Летапісца, Пячэрскага (+1114), з нагоды 900-годдзя яго прастаўлення ўшанавалі прадстаўнікі грамадскасці.
У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца адбылася сустрэча ў гонар святога, заслугі якога высока ацэньваюць як у царкве, так і ў грамадстве. Настаяцель іерэй Сергій Крышталь павітаў удзельнікаў і падзяліўся асабістым пачуццём шанавання:
Кіеўская духоўная акадэмія, у якой мне давялося вучыцца, носіць імя прападобнага Нестара Летапісца. Яго мошчы знаходзяцца ў бліжніх пячорах Кіева-Пячорскай лаўры. У складаным становішчы, асабліва пры напісанні дысертацыі, зыходзіў у пячоры, маліўся святому з просьбай аб мудрасці. Заўсёды атрымліваў духоўную дапамогу. Калі ж летась мой навуковы кіраўнік перадаў у наш храм часцінку мошчаў прападобнага Нестара Летапісца, я быў так узрушаны, што не мог стрымаць слёзы…
Аб жыцці святога, які стварыў пачатак гісторыі ўсходніх славян, паведаміла настаўніца англійскай мовы Лунінецкай гімназіі Ірына Грушэўская. Потым за своеасаблівым “круглым сталом” неабыякавыя лунінчане абмеркавалі праблемныя пытанні выхавання гістарычнай памяці. Запісала выказванні ўдзельнікаў сустрэчы, сярод якіх былі таксама настаўнікі лунінецкіх СШ №2 – Дзіяна Сладзінская і Ірына Молчан, СШ №3 – Наталля Іванюк, мама вучаніцы адной з гарадскіх школ Ірына Камандзіс, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова, пенсіянеры Тамара Нарэнка і Ганна Аляшкевіч.
Што маем?

Д.Р. Сладзінская:
Тут прагучала абурэнне, што 9-класнікі не ведаюць, хто такі Аляксандр Матросаў. Гэта не віна іх, а бяда – па школьнай праграме тэма Вялікай Айчыннай вайны вывучаецца ў 10-ым класе. І настаўнікі нічога не могуць змяніць. У мяне вялікі педагагічны вопыт – выкладаю амаль 30 год. За гэты час у нас 6 разоў перавыдаваліся падручнікі па гісторыі. І яны не паляпшаліся – па меркаванню большасці педагогаў. Мне вельмі шкада, што гісторыя з самых любімых урокаў у многіх вучняў папярэдніх пакаленняў становіцца проста не патрэбным у сучаснасці прадметам.
І.Г. Камандзіс:
Вучылася ў СШ №4, у 1995-ым заканчвала ліцэй. Іншы раз дачка просіць растлумачыць нейкую гістарычную падзею. Чытаю параграф у падручніку – і сама нічога не разумею. Тэкст для дзяцей напісаны такой афіцыйнай мовай, што дарослым цяжка разабрацца. А гісторыя ж павінна прыцягваць, каб са школьнага ўрока стала захапленнем па жыцці! Інакш на чым выхоўваць сувязь пакаленняў? І яшчэ. На мой погляд, недаравальна, што гісторыя Старажытнай Русі, калыскі ўсходніх славян, вывучаецца па часе менш, чым тыя ж Кітай ці Індыя. Навошта Беларусь штучна прыцягваць да Еўропы? Мы ў ёй знаходзімся і застанемся, але нашы дзеці не будуць ведаць агульных каранёў.
Т.Р. Нарэнка:
Заканчвала школу ў савецкі час. У размовах з дарослымі сынамі высвятляю, што наш метад навучання прыносіў больш карысці, чым сучасны. Мы вывучалі сусветную гісторыю паралельна з гісторыяй Старажытнай Русі і Беларусі як яе часткі. Гэта дазваляе арыентавацца ў важнейшых падзеях: там нешта адбывалася ў той час, калі ў нас гэта было ў іншы і г.д. Упэўнена, на пагаршэнне інтэлекту сучаснай моладзі адмоўна ўплывае іх нежаданне чытаць кнігі, іх празмернае захапленне камп’ютарам.
І.А. Молчан:
Магчыма, дзеці і чытаюць – на электронных носьбітах. Але што? На маю думку, раней настаўнікі прывівалі густ да добрай літаратуры на ўзорах сапраўдных шэдэўраў. З цяперашняй школьнай праграмы многія з іх выкінуты. Не вывучаюць “Маладую гвардыю” Аляксандра Фадзеева. На чыіх прыкладах выхоўваць патрыётаў Айчыны? Цяпер, давайце гаварыць прама, ідзе вайна на Украіне. А нашы вучні не вывучаюць “Тараса Бульбу” Мікалая Гогаля. Як моладзі разабрацца, дзе дабро, а дзе зло? А кніга дала б выдатны адказ, прымусіла б задумацца, што самае дарагое ў чалавека – Радзіма, а здрада ёй, нават у імя вялікага кахання, караецца самым родным чалавекам – бацькам, навучыла б паняццям аб сапраўдных сумленні і гонары.
Н.І. Казанкова:
У свой час выкладала “Сусветную мастацкую культуру”. Кожны ўрок пачыналі з гісторыі, з характарыстыкі той эпохі, што спрыяла ці перашкаджала стварэнню шэдэўраў. Калі гэты прадмет выключылі з вучэбнай праграмы, адчувала, што робіцца глыбокая памылка. Нядаўна прачытала ў прэсе, што міністр культуры Барыс Святлоў прапаноўвае не толькі вярнуць у школу “Сусветную мастацкую культуру”, але і павялічыць колькасць гадзін музыкі. Літаральна за дзесяцігоддзе паявіліся прабелы ў развіцці пэўных напрамкаў духоўнай сферы. Яшчэ больш значнымі могуць быць грамадскія страты з-за пралікаў у выкладанні гісторыі.
Н.А. Іванюк:
У 1997-ым закончыла ліцэй. У нас былі цудоўныя выкладчыкі гісторыі – Пётр Дзмітрыевіч Лушчык, Уладзімір Іванавіч Гапко. З таго часу засвоіла звесткі аб святынях Беларусі – Францыску Скарыне, Ефрасінні Полацкай, з радасцю перадаю іх сваім вучням. Хтосьці выступае супраць урокаў-дыялогаў, маўляў, у дзяцей не развіваецца мова, а мне падабаецца такая форма. Яна робіць адносіны паміж вучнем і настаўнікам больш даверчымі, шчырымі…
Хто вінаваты?”
Н.І. Казанкова:
У выхаванні падрастаючага пакалення вялікая роля належыць сям’і. Але мне ўсё часцей становіцца страшна: ніякая школа не ў стане запоўніць тую пустэчу, што ўтвараецца ў душах дзяцей, калі да іх абыякавыя самі бацькі. Днямі ехала ў дызель-цягніку ў Пінск. Насупраць сядзелі мама з дачкой-падлеткам. За больш чым гадзіну шляху прагучала толькі адна фраза. Мама спытала: “Як ты спала?”. “Нармальна”, – адказала дзяўчынка. Я не магу назваць такое становішча нармальным. Ёсць жа столькі тэм для шчырай размовы! Хаця… Іншы раз зневажае ўзровень абмеркавання ў “сусветнай павуціне”. Калі ў Лунінцы адбудзецца нейкае цудоўнае мерапрыемства, інтэрнет-форум адгукнецца ў лепшым выпадку адным-двума водгукамі. Калі ж паўстала пытанне аб адкрыцці магазіна “Евроопт”, па колькасці выказванняў, здавалася, гэта самая злабадзённая тэма. Страшна, што цяперашнія – і маладыя, і не вельмі – людзі канцэнтруюць увагу толькі на матэрыяльных дабротах, хаця далёка не ў іх заключаецца сэнс жыцця…
І.А. Грушэўская:
Мой сын – студэнт-другакурснік. Трэба прызнаць, што з-за празмернай занятасці на рабоце не магла ўдзяляць яму шмат увагі. Вельмі ўдзячна маме і тату, якія з задавальненнем выкарыстовалі свой педагагічны вопыт на ўнуку. Па-мойму, бабулі і дзяды павінны дапамагаць бацькам, якія працуюць у час школьнага дзяцінства сваіх сыноў і дочак. І хаця сварыла сына з-за таго, што да позняга вечару сядзеў за камп’ютарам, вытрымлівала час разам з ім, каб на ноч пачытаць духоўныя расказы Барыса Ганага. Лічу гэтага аўтара незаменным памочнікам у выхаванні дзяцей. У сваю чаргу, каб даведацца пра цяперашнія інтарэсы сына, у час прыезду ў Мінск іду з ім у кінатэатр на стужку па яго выбару. Куды падзенуся – гляджу баявікі і радуюся, што гэта – не фільмы жахаў!
Г.А. Аляшкевіч:
Першакласніцай стала ў 1952 годзе ў Давыд-Гарадку. У сваім дзяцінстве таксама вельмі любіла кіно. Білет тады каштаваў адзін рубель. Іду да дзеда прасіць грошы. Ён палічыць, колькі нядзель у годзе і, значыць, колькі трэба выдаткаваць на гэту “распусту”, і адмовіць. Але хачу сказаць пра школу. Дагэтуль памятаю сваю першую настаўніцу. Для нас, дзяцей, яна тады была як святая, такая ж самая-самая родная, як мама.
Т.Р. Нарэнка:
У мяне таксама захаваліся самыя лепшыя ўспаміны пра настаўнікаў. Праўда, з мамай я наведвала царкву. Надышоў час, калі педагогі сталі браць гэты “крымінал” на аловак і выклікаць бацькоў “на дыван”. Зразумела, дарослыя не хацелі праблем сваім дзецям, таму і спынілася такая патрэбная кожнаму дарога да храма. Вельмі складана аднавіць духоўнасць. Але, на маю думку, захопленыя настаўнікі разам з бацькамі ўсё ж здолеюць выхаваць дзяцей у суладдзі з сумленнем і прыродай.
Што рабіць?”
І.А. Грушэўская:
Карэнная лунінчанка, але сама не так даўно пазнаёмілася са многімі святынямі нашага горада і нашага краю. Гэта неабходна ведаць кожнаму, каб ганарыцца малой радзімай. Паважаючы сваё, набудзем тое пачуццё ўласнай годнасці, калі з павагай – не з зайздрасцю – будзем адносіцца да чужога. У свой час у ліцэі вёўся спецкурс “Лунінеччыназнаўства”. На маю думку, яго неабходна аднаўляць у нас і пачынаць ва ўсіх школах.
Н.І. Казанкова:
Цяпер адзначаем вельмі важныя для нашай краіны даты – 70-годдзе вызвалення Беларусі, на наступны год – 70-годдзе Вялікай Перамогі. Усё менш застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай. Але ёсць жа “дзеці вайны”, ёсць неабыякавыя педагогі, якія могуць данесці свой боль аб трагедыях “палітыкі генацыду і выпаленай зямлі” на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Беларусі цяперашнім вучням, не чакаючы, калі гэта тэма будзе ў іх па праграме. Заклікаю сваіх былых калег дапамагчы маладым настаўнікам, якія, упэўнена, з радасцю запросяць іх на класныя гадзіны. Мой заклік: вяртайцеся ў школу!
Д.Р. Сладзінская:
Ужо двойчы праз раённую газету звярталася да настаўнікаў і старшакласнікаў розных школ: давайце 9 мая выйдзем на плошчу з партрэтамі дзедаў і прадзедаў, якія на франтах ці ў партызанскіх атрадах набліжалі Перамогу. Мая стрыечная сястра ў Піцеры раздрукавала здымак абаронцы Радзімы са сваёй сям’і на паперы і далучылася да звычайных жыхароў горада, якія прайшлі па Неўскім праспекце як “бессмяротны полк”. Гаварыла, што ніколі не была так узрушана, як у гэты час, – пачуццём нашчадка Вялікай Перамогі. Мне вельмі хочацца верыць, што і для нашых дзяцей гэта будзе вельмі дзейсным штуршком да асэнсавання ўласнай пазіцыі грамадзяніна і патрыёта.
Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии