Прыклад для пропаведзі

У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца адбылася праграма “У вытокаў прыгажосці”.
У нашых мясцінах Восеньскія Дзяды адзначаюцца напярэдадні свята Міхаіла Архангела. Працягам памінальнай суботы стала выступленне вучняў СШ в. Вулька 1. Разам з выкладчыцай Ганнай Трафімаўнай Кляўцэвіч яны прысвяцілі праграму настаўніку Міхаілу Негаціну (1911-1961), які выратаваў вучня, што тануў, але сам загінуў. Яго чацвёра дзяцей разам з маці пакінулі Вульку 1 і ніколі не наведвалі вёску. З таго часу ніхто не прыгадваў гэту трагічную старонку ў гісторыі паселішча. Аднаўляць яе дапамагаюць цяперашнія 65-гадовыя жыхары, якія былі сведкамі трагедыі, а таксама родныя педагога. На гэты раз успамінамі падзялілася ўнучатая пляменніца Ганна Георгіеўна Мігалевіч – загадчыца аптэкі з Лахвы. Разам з сястрой і сынам яны паставілі крыж з шыльдачкай на магіле роднага брата свайго дзеда.
Калі дзеці і дарослыя пачалі даследаванне, высветлілася, што, акрамя біялогіі і французскай мовы, Міхаіл Васільевіч выкладаў і маляванне. Больш таго – захапіў творчасцю самых здольных сваіх вучняў, якія праславіліся як мастакі далёка за межамі сваёй малой радзімы. У іх ліку – светлай памяці Аляксандр Стасюк, а таксама Іван Мельянец, які і сёння ўражвае адлюстраваннем прыгажосці роднага краю. Найбольшую ж вядомасць набыў Іван Абравец. Выпускнік геафака БДУ жыў у Мінску, закончыў і Усесаюзную Акадэмію мастацтваў, але цяжкая хвароба скараціла яго жыццё. Карціны мастака ў свой час набывалі музеі розных гарадоў саюзных рэспублік, у тым ліку трыпціх “Хлеб” – Лівадзійскі выставачны комплекс Крыма.
Выступленне гасцей з Вулькі 1 выклікала вялікую ўсхваляванасць удзельнікаў сустрэчы. Ад іх імя настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь падзякаваў настаўніцы і вучням за высакародную працу па аднаўленню незаслужана забытага імя. Свяшчэннік лічыць, што подзвіг настаўніка – гэта прыклад для пропаведзі як біблейская выснова: “Няма больш той любові, як пакласці жыццё за сяброў сваіх”. Але варты пераймання і намаганні новага пакалення юных вяскоўцаў, якія выконваюць хрысціянскі запавет: “Памінайце настаўнікаў вашых”. Удзячны пошук вучняў пацвярджае вечную ісціну: тыя, каго мы памятаем, жывуць…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии