«Бабуля, раскажы мне пра Матросава…»

Хочацца верыць, што з такой просьбай звернуцца да сваіх родных гімназісты райцэнтра. Днямі тут правялі Ўрок Памяці, прысвечаны “Лунінецкім Хатыням”.
Сёлета давялося ўдзельнічаць у шэрагу мерапрыемстваў у гонар маючага адбыцца 70-годдзя Вялікай Перамогі. У некаторых гарадскіх школах на маё пытанне: ці ведаеце, хто такі Аляксандр Матросаў, не адказаў ніводзін 9-класнік. Быццам бы абгрунтавана заяўлялі: гэта мы яшчэ не праходзілі…
Так, тэму “Вялікая Айчыннай вайна” на ўроках гісторыі будуць “праходзіць” у 10-ым класе. Але аб чым жа размаўляюць з сынамі і дочкамі бацькі? Подзвіг выхаванца дзіцячага дома, які – дзеля выратавання жыццяў таварышаў – сваёй груддзю закрыў амбразу варожага дота, трэба браць за прыклад з маленства. І расказваць яшчэ пра многіх герояў, самаахвярнасць якіх наблізіла завяршэнне вайны. І вучыць дзяцей ХХІ стагоддзя быць такімі ж патрыётамі сваёй Айчыны, якімі была моладзь “ракавых, саракавых”.
Піянерская дружына нашай СШ №2 насіла імя Аляксандра Матросава, – адзначае педагог-псіхолаг гімназіі Наталля Мікалаеўна Скамейка. – Ужо з чацвёртага класа мы захапляліся мужнасцю гэтага юнака…
Ці авалодваюць такія ж высокія пачуцці гімназістамі? Яны кранаюча прыгадвалі аб трагедыях вайны на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі раёна. Вядучыя – вучні 11 “А” і 9 “Б” класаў – дзяліліся дакументальнай інфармацыяй, што пераважае ў свядомасці цяперашніх прагматычных падлеткаў. Толькі асэнсаванне таго, што беларусаў на тры чвэрці знішчылі б як “ніжэйшую расу” і адну чвэрць зрабілі б рабамі, прымушае ацаніць усю значнасць вызвалення ў ліпені 1944-га. І, разам з гэтым, ушанавана памяць ахвяр сярод мірнага насельніцтва, якіх забівалі на працягу трох год акупацыі, аб’яўлена хвіліна маўчання па спаленых 70 год таму вёсках Белае Возера, што не адрадзілася, і Багданаўка…
Бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук падрыхтавала кніжную выставу “Памяць сэрцаў людскіх”. Вучні паведамлялі аб трагічных старонках мясцовай гісторыі. У пануючай цішыні вялікай актавай залы іх словы выклікалі боль за страты родных, блізкіх, землякоў. Калі ж чытала вершы Аксана Астапчык (11 “Б”), нельга было стрымаць слёзы. Зрабіла ўражанне таксама мастацкае чытанне Ганны Кругавец (11 “А”) і Насці Радзюкевіч (9 “Б”). І такі ж эмацыянальны ўздым перажывалі прысутныя, калі гучаў “Рэквіем” у выкананні старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталлі Іванаўны Казанковай (не выпрабоўвалі сучасных юнакоў і дзяўчат пытаннем, ці ведаюць яны паэта Роберта Ражджэственскага).
Ці ўдалося ў такой своеасаблівай пераклічцы пакаленняў дасягнуць тую пераемнасць, якая адна і мацуе грамадства? Адным урокам наўрад ці дасягнеш мэты, нават самай высакароднай. Але ўсяляюць надзею словы намесніка дырэктара гімназіі Вольгі Вячаславаўны Сыцэвіч:
Даведацца пра Матросава і іншых герояў вайны – гэта хатняе заданне, аб якім абавязкова спытаю на наступным тыдні. І калі неабходна, правядзем урок і на гэту тэму.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии