Шануючы мінулае, гарантуем будучае…



У Доме культуры чыгуначнікаў адбылася Х сустрэча аматараў краязнаўства памяці пісьменніка-земляка Мікалая Калінковіча (1950-1990).
Па традыцыі пачынаем з вітання маці заўчасна сышоўшага творцы. Па ўзросту і стану здароўя Вольга Іванаўна не магла быць сярод удзельнікаў, але дырэктар філіяла “Харчтавары” Рыгор Уладзіміравіч Насеня запэўніў, што рэгулярна наведваюць ветэрана гандлю на даму, аказваючы магчымую падтрымку.
Не так даўно супрацоўнікам раённага аддзела КДБ служыць Сяргей Хамук. Старэйшыя калегі з органаў дзяржаўнай бяспекі расказалі яму пра загінуўшага чэкіста. Сяргей Віктаравіч уручыў памятны дыплом настаўніцы Лунінецкай гімназіі Наталлі Вітальеўне Бойка за спрыянне ў працы многіх вучняў, якія даследуюць мінулае Лунінеччыны. Пра ўраджэнца Цны, выпускніка СШ №2 райцэнтра, даведваюцца усё больш людзей у Мікашэвічах. Памятны дыплом і падарунак ад станцыі Лунінец атрымалі 3-класніца СШ №2 маладога горада Насця Чарнавокая і яе настаўніца Алена Уладзіміраўна Баган.
Таксама, як юная чытальніца вершаў, гледачоў уразіла 9-класніца Багданаўскай СШ, выхаванка дзіцячай школы мастацтваў Яна Антановіч. Захапіла і творчасць дзяўчынкі, і яе выключная сціпласць – на вачах узнікалі слёзы пасля кожнага слова пахвалы. Дыплом памяці мастакоў – братоў Георгія і Міхаіла Ішчанкаў – і падарунак ад дыстанцыі пуці ўручыла старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова. Прысутныя ў думках пажадалі здароўя выкладчыку юнай мастачкі – Валянціна Фёдараўна Трухановіч знаходзіцца на лячэнні ў Пінскай анкалогіі. Яшчэ адна стваральніца прыгажосці – дызайнер па кветках Таццяна Грыгор’ева (асабліва прыемна, што яна – прыхаджанка нашага храма) узнагароджана дыпломам памяці Ксеніі Бесан, якая ў гісторыі горада засталася ўвасабленнем таленту спявачкі і арганізатара.
Дырэктар краязнаўчага музея Наталля Благадзёрава ў школы Мікашэвіч і Багданаўкі перадала кнігі “Лунінец” Мікалая Калінковіча.
Дыплом памяці паэткі Вольгі Аляшкевіч атрымала дачка Пятра Георгіевіча Богдана (1945-2014) – аматар літаратурнай творчасці, былы выкладчык фізікі політэхнічнага каледжа завяршыў зямны шлях у чэрвені… Яшчэ адзін дыплом і падарунак ад лакаматыўнага дэпо ўручаны ансамблю “Арт-Нуэво” Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў – пераможцу сёлетняга абласнога конкурсу.
Цяпер будзем ведаць, што прафесійныя заняткі музыкай у нашым горадзе пачыналіся з Аляксея і Аляксандра Матэусаў, – здзівілася незвычайнаму прозвішчу мастацкі кіраўнік новага калектыву Алена Ўладзіміраўна Коўшык.
Цікаўнасць удзельнікаў да падзей і асоб, якія змянілі аблічча Лунінца пасля пракладкі сталёвых магістраляў, задаволілі 5-класнікі Лунінецкай гімназіі Віталь Кацуба і Лаліта Хоміч. Дзеці жартам і ўсур’ёз, на канкрэтных прыкладах даказалі, што “чыгунка – гэта наша ўсё”: з яе 130 год таму ў Лунінцы пачаліся сярэдняя адукацыя, стварэнне парка і аркестра, узвядзенне клуба і цаглянай царквы...
У гэтым шэрагу – яшчэ адно імя, што ўшанавалі на сустрэчы. Мікалай Іванавіч Адамчык (1909-1989) у 1930-ыя гг. быў славутым стаерам, членам спартыўнага клуба “Варшавянка” ў сталіцы Польшчы, сябрам па камандзе чэмпіёна Алімпіяды-1932, які ў гісторыі застаўся як “Кусы”. У пасляваенны час ствараў стадыён “Лакаматыў” і загадваў ім, узначальваў ДСТ “Ураджай” і працягваў пераадольваць марафонскія дыстанцыі. Дырэктар РФСК “Здароўе” Ігар Іванавіч Гапон уручыў дыплом памяці “хлопца з Палесся”, як называлі нашага земляка польскія СМІ, чэмпіёнцы Беларусі ў семібор’і Ірыне Ванюк – выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву.
Настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь нагадаў, што сустрэча адбываецца ў дзень Іаана Златаўстага. Свяціцель вельмі любіў апостала Паўла, цытуючы яго словы: “Ад душэўнага – да духоўнага” ці “Здаровы дух стварае здаровае цела”. Бацюшка палічыў вельмі сімвалічным, што шанаванне памяці захопленых творчасцю ці спортам лунінчан адбылося ў дзень вялікага святога.
У многіх краінах велікоднаму посту папярэднічае карнавал (што ў перакладзе з іспанскага значыць “адмова ад мяса”). Наша сустрэча адбылася напярэдадні каляднага посту. Насуперак сцюдзённасці лістапада спякотнымі рытмамі “запаліў” канцэрт “Вечар у стылі танга”. Праграму правялі педагог СШ №4 Святлана Фёдараўна Карпінская, прадстаўнікі гімназіі – бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук і 9-класнік Аляксандр Верас. Ансамбль “Арт-Нуэво” і саліст Віктар Круглік – выкладчыкі Лунінецкай ДШМ – падарылі гледачам выпрабаваныя часам папулярныя мелодыі, аб’яднаўшы памяццю і захапленнямі прадстаўнікоў розных пакаленняў жыхароў раёна.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара і Юрыя ЎЛАДЗІМІРАВА.

Пётр БОГДАН (г. Лунінец).
МАЛІТВА СЫНА
Мілы Божа, я табе малюся
За матулю мілую сваю,
Будзь жа міласэрны, не скупіся, –
Прыгатуй ёй месца ў раю.
Пяцёра нас матуля ў свет пусціла,
Калі ж пыталі – як знайшла і дзе,
Ціха смеючыся, мама гаварыла:
Дзеткі мае любыя, вас знайшла ў лазе”.
Вучыла нас сумленна йсці па свеце,
Каб дзеянні – па праўдзе, каб не рабілі зла.
Век пражыла па Новым Запавеце –
Па-іншаму матуля не магла.
Не крыўдуйся, Божа, што матуля
Не хадзіла часта ў царкву,
Жыццё сваё Табе ўсё прысвяціла,
Табе аддала ўсю сваю душу.
За ласкі цеплыню прад мамай нізка
Сівую я схіляю галаву,
І кожны дзень малюся: мілы Божа,
Ты прыгатуй ёй месца ў раю.

Комментарии