«Што ў імя табе маім?»

У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адбыўся лістападаўскі “Дзень Анёла”.
Настаяцель іерэй Сергій Крышталь духоўную гутарку прысвяціў святым, у гонар якіх цяпер рэдка даюцца імёны нованароджаным. Пашанцавала хіба што Арцемію (з грэчаскага – прысвечаны Артэмідзе, багіне палявання) – многія бацькі зноў сталі так называць сваіх сыноў. Сенатар і ваенаначальнік, ён жыў у IV стагоддзі, быў паплечнікам імператара-хрысціяніна Канстанціна, потым – яго сына Канстанцыя. Вераадступнік Юліян, захапіўшы ўладу, прымушаў Арцемія вярнуцца да паганства. Вялікапакутнік быў закатаваны, але не здрадзіў веры. Святога лічаць заступнікам перад “сильными мира сего”…
Яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя ў нашым горадзе было папулярным імя Неаніла (з грэчаскага – два тлумачэнні: і супярэчлівая, і новая). Святая пакутніца жыла ў ІІІ стагоддзі, аддана служыла Хрысту, як і ўся яе сям’я. За гэта і пацярпелі разам – жонка, яе муж Цярэнцій, іх сямёра дзяцей.
У гэты ж дзень, 10 лістапада, шануецца памяць вялікапакутніцы Параскевы (з грэчаскага – Пятніца). Шырока вядомы подзвіг святой, якая прапаведавала імя Хрыста ў ІІІ стагоддзі, дзякуючы храмам, што ўзведзены ў яе гонар. У нашым краі іх два – царква ў Бастыні і капліца ў Вульцы 1. Параскева выпрабавала шмат пакут, але цярпенне, з якім яна пераносіла пакутніцкі подзвіг, садзейнічала хрысціянізацыі многіх людзей. Святая лічыцца заступніцай усіх жанчын, якія ў гэты дзень абавязкова стараюцца наведаць храм.
Нават бабулі многіх сучасніц насілі гэта імя. Адраджэнне запаветаў продкаў, што бачым у сённяшніх Арцёмках (як і ў Данілах, Ульянах, Варварах і г.д.), хочацца спадзявацца, распаўсюдзіцца на шанаванне і іншых святых, якімі б незвычайнымі не здаваліся сёння іх імёны.
Прыгадаўшы добрым словам лунінчан, якіх звалі Арцём, Неаніла і Параскева, праглядзелі першы фільм з серыялу “Падарожжа ў Літургію”, што згуртоўвае братэрствам і сястрыцтвам пакаленні хрысціян на працягу двух тысячагоддзяў.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии