«Сестра таланта – доброта…»

Словы з верша Вольгі Аляшкевіч (1977-2005) сталі лейтматывам вечару памяці зышоўшай у вечнасць лунінецкай паэткі, які правялі вучні 11 “Г” класа Лунінецкай гімназіі.
Праявы чалавечай натуры аднолькавыя ў розныя стагоддзі. Гэта датычыць і тых пачуццяў, аб якіх пісала Вольга. У сваіх вершах яна адлюстравала пяшчоту і сяброўства, здраду і зайздрасць, любоў да мамы і рамантычнае каханне... Перажыванні, што занатавала на паперу “залатая” выпускніца-1994 СШ №1 г. Лунінца, кранулі цяперашніх старшакласнікаў элітнай установы адукацыі раёна. Гэта выказалася ў пранікнёным чытанні вершаў паэткі – равесніцы іх бацькоў, вельмі пасуючага паэзіі музычнага аздаблення. Эмацыянальнае ўдзеянне слоў і мелодый было настолькі глыбокім, што выклікала слёзы не толькі ў дарослых. Дзеці жадалі здароўя і доўгага веку бабулі Вольгі, якая не змагла прыняць іх запрашэнне, – у сустрэчы прымала ўдзел цёця паэткі.
Расчуленая мама, Галіна Алікаўна Аляшкевіч, расказала аб духоўным сталенні таленавітай дачкі, аб людзях, якія прывялі Вольгу да Бога, выказала падзяку свяшчэнніку іерэю Сергію Крышталю, настаўніцам Вользе Гергіеўне Рашатко і Алене Георгіеўне Кавалевіч (дарэчы, апошняя цяпер – рэгент царкоўнага хора храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”).
У ліку педагогаў, якія выкладалі здольнай вучаніцы на даму, была і цяперашні класны кіраўнік 11 “Г” Таццяна Васільеўна Казлова:
Вольга была выключным чалавекам не толькі таму, што на ўроках знаходзілася ў інваліднай калясцы. Яна не гаварыла, што адзін прадмет мне спатрэбіцца, а другі – навошта вучыць? Дзяўчына прагла ведаў. Самастойна авалодала англійскай мовай, і гэты ўзровень уражваў замежных дабрачынцаў. Гасцінны дом з задавальненнем наведвалі многія. І захавалі памяць пра Вольгу. У горадзе Ройтваль у Германіі некаторыя вершы лунінецкай паэткі пераклалі на нямецкую мову. У чарговы прыезд запросім нашых сяброў і працягнем захапляцца творчасцю нашай таленавітай зямлячкі.
Праграма сведчыла: гімназісты вартыя памяці Вольгі. Юныя лунінчане прадэманстравалі і мастацкую адоранасць. Вершы “Молитва”, “Нежность” і “Вальс” ператварыліся ў песні і прагучалі ў цудоўным выкананні разумніц-прыгажунь. Дзеці гаварылі аб тым, чаму вучыць жыццёвы подзвіг паэткі: бачыць праблемы навакольных; быць чулым да чужой бяды; дапамагаць тым, каму больш цяжка.
Партрэт Вольгі, побач з якім гарэла свечка, аздаблялі штучныя кветкі. Сярод іх былі і лілеі – сімвал Архангела Гаўрыіла, у свята якога – 26 ліпеня – закладзены храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”. Гэта – і дзень завяршэння зямнога жыцця паэткі. У памяць пра таленавітую дзяўчыну яе родныя высадзілі шмат лілей на царкоўным двары…
Цацка-анёльчыкі, што напярэдадні калядных святаў падарыла класу мама Вольгі, будзе нагадваць гімназістам аб яе своеасаблівым крэда, выказаным адным з радкоў: “Сестра таланта – доброта”. І толькі пры гэтай умове увасабленне мар прагматычных сучаснікаў зможа прынесці карысць ім самім і нашай радзіме.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии