І на святых іконах шукаем рысы родных…

У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адбылася праграма “Дзень Анёла” ў гонар імяніннікаў снежня.
Па агульнаму меркаванню, вялікапакутніца Варвара і цудатворац Мікалай так шчыра шануюцца ў народзе, што жыцці гэтых святых дастаткова вядомы кожнаму з дзяцінства. Вырашылі прыгадаць пра звычайных людзей з гэтымі імёнамі, якія годна пражылі свой век і пакінулі дабратворны след у душах навакольных.
Іерэй Сергій Крышталь расказаў аб адной з прыхаджанак. Яна насіла імя Варвара, рэгулярна наведвала царкву. Калі здароўе стала падводзіць, а ўзрост – нагадваць аб завяршэнні зямнога шляху, сталыя дзеці сталі прапаноўваць запрасіць на дом свяшчэнніка для споведзі і прычасці. “Яшчэ не час”, – гаварыла бабуля, якой, тым не менш, ішоў 102-го год. Нарэшце напярэдадні дня святой Варвары родныя старажылкі патэлефанавалі айцу Сергію. Бацюшка выканаў таінствы. Хутка жанчына спакойна адышла да Госпада у дзень прычасця на свята вялікапакутніцы Варвары.
Звярніце ўвагу, – падкрэсліў свяшчэннік, – на іконах святая Варвара адлюстроўваецца з чашай. Менавіта да вялікапакутніцы звяртаюцца вернікі з малітвамі, каб не памерці без споведзі і прычасці...
70-гадовая лунінчанка Ганна Аляксандраўна Аляшкевіч падзялілася цёплымі ўспамінамі:
Маёй бабулі Варвары Бог падарыў 95 год жыцця, хаця і са шматлікімі выпрабаваннямі. Дзед выехаў на заробкі ў Амерыку, яна сама гадавала пяцёра дзяцей. У час вайны старэйшы сын змагаўся на фронце. Вярнуўся ў 1945-ым, але ад цяжкага ранення хутка памёр. Праз год пайшла з жыцця мая мама, пакінуўшы дзвюх малышак. Бацька па палітычных матывах быў арыштаваны і сядзеў у турме. Бабуля не дазволіла ўнучкам стаць сіротамі. У яе мы гадаваліся, ад яе ў школу пайшлі. Спачатку з палатнянай торбай, а потым дзесьці знайшла для мяне чырвоны “рэдзікюль”. Колькі было радасці і гонару! Бабуля была адданай верніцай, дома заўсёды чытала Біблію, а пра яе дабрыню з пакалення ў пакаленне звесткі перадаюцца…
Калі размова зайшла пра свяціцеля Мікалая, архіепіскапа Мір Лікійскіх, перш-наперш прыгадалі, што цудатворац стаў правобразам Санта-Клауса ў заходніх краінах, а ў нашай – Дзеда Мароза. Вядомы шматлікія добрыя справы, якімі дапамагаў святы ў самых безнадзейных сітуацыях, што адпавядае нашаму чаканню цуда ў калядныя і навагоднія дні.
Аказалася, што ў сям’і айца Сергія два блізкія чалавекі маюць імя Мікалай. Гэта бацька, аб якім знаёмыя пінчане адгукаюцца як пра чалавека з глыбокімі ведамі і філасофскім складам розуму. З такім жа імем быў і дзядзька, брат мамы, але, на жаль, памёр 19-гадовым, дарэчы, у дзень Вясновага Міколы 22 мая, на які ў той год прыпала і Ўвазнесенне Гасподняе. Па ўспамінах родных, вельмі захапляўся чытаннем, што было рэдкасцю ў палескай вёсцы…
Сёстры Людміла і Ірына Ванюк прыгадалі брата Мікалая, які ў Лунінцы таксама быў заўзятым бібліяфілам. Сваю любоў да кніг захаваў і ў Падмаскоўі, дзе займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Яму было толькі 55 год, калі спынілася сэрца. 95-гадовая мама цяпер жыве быццам за сябе і за сына…
Любоў Дзмітрук расказала пра свайго бацьку. Мікалай Якубовіч быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вяртання з фронту працаваў памочнікам машыніста паравознага дэпо. Гадаваць дзевяць дзяцей дапамагала прысядзібная гаспадарка – жылі ж на хутары Любажэрдзе. Усе дзеці выраслі годнымі людзьмі, набылі адукацыю, асталяваліся ў Лунінцы. Шкадуюць, што не захавалі старую ікону свяціцеля Мікалая, якая знікла, калі злачынцы разрабавалі бацькоўскі дом…
Жыццёвыя гісторыі, што гучалі ў драўляным памяшканні часовага будынка храма, нагадвалі традыцыйныя вячоркі, на якія спрадвеку доўгімі зімовымі вечарамі збіраліся жыхары нашых мясцін. І хаця за акном ішоў дождж, святлом любові да родных і ўдзячнасцю Богу за сённяшні дзень былі прасякнуты пачуцці ўдзельнікаў сустрэчы, якія на завяршэнне ажыццявілі кінападарожжа ў “Літургію” па блізкай і святой для беларусаў зямлі праваслаўнай Сербіі…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара. 

Комментарии