Юбілей з малітвай – да двух стагоддзяў і далей…

30 снежня 1884-га – важная дата ў гісторыі Лунінца, калі палескае сяло стала імкліва набліжацца да будучага статусу вузла і горада.
У 130-ую гадавіну гэтай падзеі настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь наведаў чыгуначныя прадпрыемствы. Кожнаму калектыву ў асобе яго кіраўніка ўручаны падзячныя лісты, у якіх, у прыватнасці, гаворыцца:
“…Узведзены ва ўсходняй частцы Лунінца ведамасны пасад з часам злучыўся са старажытным сялом і ператварыўся ў горад. З канца ХІХ стагоддзя жыхары Залесся былі прыхаджанамі чыгуначнай царквы ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, закрытай у 1930-ыя. 
Наш храм стаў яе пераемнікам і з пачатку ХХІ стагоддзя духоўна акармляе мікрараён Лунінца, які і цяпер называюць чыгуначным. Шчаслівы ўсведамляць, што многія работнікі вузла лічаць нашу царкву сваёй, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні храмавага комплекса асабістай дапамогай і матэрыяльнымі ахвяраваннямі.
Прыміце нашу шчырую падзяку за ўсе добрыя справы, якія звязваюць чыгуначнікаў з культавым аб’ектам.
Жадаем стабільнай работы, задавальнення ад важнасці вашай прафесіі, павышэння дабрабыту прадпрыемства і кожнага супрацоўніка. 
Міру і дабра вам і вашым сем’ям!”.
Атрымаўшы вітанне, начальнік станцыі Лунінец Сяргей Скіба шчыра падзякаваў за пераднавагоднюю сустрэчу. Ён назваў яе вельмі сімвалічнай і паказаў гістарычны дакумент. 4 студзеня 1885 года міністр шляхоў зносін дакладваў “Яго Імператарскай Вялікасці” аб тым, што “адкрыты рух ад станцыі Вільна Санкт-Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі”, і “са станцыі Пінск 30 снежня… першы тавара-пасажырскі цягнік быў адпраўлены да станцыі Лунінец пасля малебствія, які праведзены ў прысутнасці гарадскіх прадстаўнікоў…”.  
Начальнік дыстанцыі пуці Мікалай Шырчанка сустрэў свяшчэнніка як даўні сябар, якім лічыць сябе з таго часу, як айцец Сергій асвяціў адміністрацыйны будынак прадпрыемства.
Таксама цёпла сустрэлі бацюшку ў лакаматыўным дэпо, што ён наведаў упершыню. Начальнік Анатоль Жук паабяцаў, што экскурсію па прадпрыемству правядзе ў больш спрыяльны перыяд года, калі тэрыторыя ўпрыгожыцца зелянінай і кветкамі. Да выхаду свяшчэнніка суправаджаў старшыня прафкама Аляксандр Матор, які аказвае асабістае садзейнічанне многім праектам інфармацыйна-асветнага цэнтра храма. Настаяцель прызнаўся, што ў школьным узросце марыў стаць машыністам лакаматыву, і з задавальненнем сфатаграфаваўся каля цеплавозаў…
І хаця сёлета ўрачысты сход у гонар 130-годдзя Лунінецкага чыгуначнага вузла не адкрываўся “малебствіем”, работнікі сталёвых магістраляў упэўнены ў малітвах айца Сергія і сваёй працай забяспечаць рытмічны рух “сэрца” Лунінца – чыгункі...         
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии