«Я абяцаў цешчы…»

І выканаў сваё слова Рыгор БУТ-ГУСАІМ, калі на 30-годдзе шлюбу прапанаваў жонцы абвянчацца.
Валянціна Аляксееўна здзівілася рашэнню мужа, але быццам чакала такога працягу прапановы “рукі і кахання”, што прыняла шмат год таму. Яе душа з дзяцінства была адкрыта Небу. Нарадзілася ў сям’і, дзе гадавалася дзевяць дзяцей. Мама заўсёды наведвала храм, але ездзіла ў Столін, каб не нашкодзіць службовай кар’еры мужа. Начальнік аддзялення сувязі ў Відзіборы, ледзь перасягнуўшы 50 год, на жаль, завяршыў зямны шлях. Сям’ю папярэдзілі: будзеце адпяваць – пазбавім сірот пенсіі з нагоды страты кармільца.
Мама вымушана была падпарадкавацца – трэба ж было падымаць нас на ногі, – з сумам прыгадвае нядаўнія часы ваяўнічага атэізму жанчына. – Але ўсіх дзяцей выхавала па-хрысціянску...
Валянціна Аляксееўна прыцягвае навакольных светлай усмешкай, таму і захацелася пазнаёміцца бліжэй. Лунінчанкай яна стала ў 1981-ым – мужа, вадзіцеля тагачаснага МУААС, перавялі ў наш горад. Адзначае, што ўсіх яе сясцёр лёс раскідаў па свеце: адна – ва Ўладзівастоку, другая – на Гомельшчыне, яшчэ дзве – на Магілёўшчыне. На малой радзіме засталіся тры браты, чацвёрты – таксама на Століншчыне, у Верхнім Церабяжове.
Меліярацыйная арганізацыя прадаставіла маладой сям’і жыллё ў дзвюхкватэрным доме на Залессі. Яго лёгка пазнаць па стракатым дыване кветак, якімі захапляецца гаспадыня, на прысядзібным участку і на вуліцы, уздоўж агароджы.
Не вельмі хочуць расці, глеба ж – суцэльны пясочак, – адзначае Валянціна Аляксееўна. – Але мае рацыю прымаўка, што малітва – лепшы памочнік працы. Сёлета такія буйныя рамонкі квітнелі, што людзі спыняліся і любаваліся…
Кветкамі, якімі аздабляла памяшканні захоплены раслінавод, захапляліся работнікі і наведвальнікі аддзела рабочага забеспячэння станцыі Лунінец. Валянціна Аляксееўна спачатку працавала ў сталовай лакаматыўнага дэпо. Шкадуе, што з-за непрадуманага праекта – плоскага даху – будынку быў прычынены вялікі ўрон дажджамі і снегам. Установу грамадскага харчавання закрылі. Работнікаў перавялі ў магазіны, з аднаго з якіх яна і выйшла на пенсію.
Лічу вялікім шчасцем, што ў нашым мікрараёне пабудавалі царкву, – як асабістай, дзеліцца грамадскай радасцю Валянціна Аляксееўна. – Пакуль працавала, была абмежавана часам. Цяпер жа нішто не перашкаджае наведваць службы, па меры магчымасці ўдзельнічаць у агульнапрыходскіх справах.
Працягваючы размову, адзначае, што, хаця храм – у гонар іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) і ў кожнага хапае бядот, яна імкнецца сюды, перш-наперш, з падзячнымі малітвамі. Разам з мужам выгадавалі цудоўных сыноў, якіх далі імёны дзядоў. Абодва – выпускнікі СШ №3. Аляксей закончыў школу з сярэбраным медалём, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту – з чырвоным дыпломам. Асталяваўся ў Гомелі, выкладае ў школе машыністаў. Віктар таксама закончыў БелДУТ і магістратуру ў ім. Адпрацаваўшы па размеркаванню на Баранавіцкім аддзяленні чыгункі, атрымаў запрашэнне ў Мінск у замежную кампанію.
Прыкметна ганарыцца Валянціна Аляксееўна і пакуль адзіным унукам – пераможца алімпіяд па інфарматыцы, заўсёдны ўдзельнік губернатарскай ёлкі, у вольны час захапляецца танцамі і плаваннем. На летнія канікулы юны гамяльчанін любіць адпачываць у Лунінцы, дзе аддае перавагу бабуліным ласункам. Частуецца пірагамі і тортамі, адзначаючы, што смачнейшых немагчыма ўявіць! Яна з усмешкай згаджаецца: да маміных рэцэптаў дадала прафесійныя парады сябровак з чыгуначнага кандытарскага цэха. Яшчэ адзін любімы занятак – вязанне. Зробленыя ўласнымі рукамі вырабы, якія прысутнічаюць у калядных падарунках, саграваюць родных зімовай парой цеплынёй успамінаў аб бацькоўскім доме.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии