«А музыка звучит…»

У камернай зале Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся канцэрт народнага аркестра народных інструментаў.
Многія мае публікацыі (і ў раённай газеце “Лунінецкія навіны”, і ў пяці кнігах “Лунінецкая памяць”) адлюстроўвалі ўласнае перакананне, заснаванае на гістарычных падставах: святло ў душы ствараюць храм і школа. Канцэрт праслаўленага калектыву стаў чарговым пацвярджэннем плённага супрацоўніцтва служыцеляў лунінецкіх цэркваў разам з педагогамі сферы культуры і адукацыі.
Лепш не прыдумаць назвы праграмы “А музыка звучит…”, што прапанавала намеснік дырэктара ДШМ Алена Пятрэнка (дарэчы, матушка настаяцеля Свята-Параскевінскага храма в. Бастынь)!

Апошнім часам калектыў перажываў не лепшыя часіны з-за памылак, дапушчаных папярэднім дырэктарам. Але сёлета школу ўзначаліла Вольга Белавус (кіраўнік нядзельнага хору Свята-Крыжаўзвіжанскага храма). І музыканты дакладна вырашылі, што аднавіць заслужаны аўтарытэт можна толькі напружанай працай. Вынік такога агульнага імкнення і паказаў аркестр – калектыў з больш чым 40-гадовай гісторыяй.
Гучалі творы, што даўно палюбіліся публіцы, але рэпертуар уражваў і шматлікімі новымі нумарамі. Гледачы захапляліся цудоўнымі вакалістамі. Спевы Таццяны Мартынавай (рэгент хору Свята-Крыжаўзвіжанскага храма), якая выступае з песнямі, што выконвала Наталля Мурко, выклікалі шчымлівую памяць аб незабыўнай лунінчанцы… Салістка трох гарадскіх аркестраў Марына Корчык парадавала сучаснымі шлягерамі. Дэбютавала і прыгожае жаночае трыа: разам з вышэй названымі прыгажунямі вакальныя здольнасці дэманстравала Юлія Бузынчык (спявачка нядзельнага хору храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”, таксама, як і іншыя музыканты – Святлана Дубовік, Таццяна Чарнавокая, Людміла Езэпчук) – звычайна бачылі яе на сцэне як хормайстра. Якія шчырыя настальгічныя пачуцці выклікалі іх “вечныя песні аб галоўным”!
70-годдзю Вялікай Перамогі былі прысвечаны некалькі твораў, у тым ліку “Рэха кахання” кампазітара Пцічкіна на верш Ражджэственскага з кінафільма “Лёс”, што адкрыла канцэрт. Пранікнённа спяваў дуэт у складзе Марыны Корчык і Васілія Мартынава. А на завяршэнне дыякан Свята-Крыжаўзвіжанскага храма выканаў славутую “Мелодыю” Пахмутавай і Дабранравава. Яна прагучала настолькі моцна і душэўна, што малады спявак быў годны параўнання з вялікім артыстам, для якога ствараўся гэты песенны шэдэўр…
У аркестра ёсць і свае вядучыя, але зноў ролю “гаспадыні канцэрта” даверылі Святлане Карпінскай. Настаўніца СШ №4 (актыўная прыхаджанка храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”) не першы раз вядзе праграму калектыву і робіць гэта “прыгожа”, як сказала вядомы музыкант Валянціна Савінкіна (спявачка нядзельнага хору галоўнай лунінецкай царквы). Такая гарманічная сугучнасць педагогаў сферы адукацыі і культуры нагадала яшчэ адзін момант плённага супрацоўніцтва.
Некалькі год таму ў ліцэі – цяперашняй гімназіі – падрыхтавалі навуковае даследаванне “Сем цудаў Лунінца”, якое перамагло ў раёне і стала другім у вобласці. У ходзе сацыялагічнага апытання юныя лунінчане вызначалі аб’екты гісторыка-культурнай адметнасці нашага краю. У пераліку нематэрыяльных дасягненняў першым быў названы народны аркестр народных інструментаў на чале з Наталляй Юрцэвіч (таксама спявачка нядзельнага хору Свята-Крыжаўзвіжанскага храма Лунінца). І ён з году ў год пацвярджае свой высокі ўзровень!
Калектыў педагогаў ДШМ, згуртаваны ў аркестр, афіцыйна зарэгістраваны пры Лунінецкім ГДК. Пакідаючы ўтульную камерную залу, гледачы (у прыватнасці, урач паліклінікі Наталля Шумская, галоўны бібліятэкар ЦБ Галіна Гаўрыловіч, прадпрымальнік Сяргей Свірыд) шкадавалі толькі аб тым, што яна вельмі маленькая і не можа змясціць усіх прыхільнікаў таленту аркестра. Заставалася канстатаваць: галоўнае – гучыць музыка, якую таксама ахінае евангельскае святло, што ўвасоблена ў пушкінскім выслоўі: “Одной любви музыка уступает, но и любовь – мелодия…».
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии