Планета імя героя

18 лютага 1945 года ў канцлагеры Маутхаузен фашысты закатавалі генерал-лейтэнанта інжынерных войскаў Дзмітрыя Карбышава…
18 лютага адзначаецца дзень іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) – прастольнае свята новай лунінецкай царквы. Зразумела, што сустрэчу, прысвечаную 70-годдзю гібелі Героя Савецкага Саюза, лунінецкія гімназісты вырашылі правесці напярэдадні. Да іх далучыліся многія педагогі на чале з дырэктарам Аляксандрам Грушэўскім, вучні СШ №1 і СШ №2 г. Лунінца, работнікі політэхнічнага каледжа, прадстаўнікі грамадскасці. Усклалі вянкі да Кургана Бессмяротнасці, хвілінай маўчання ўшанаваўшы памяць загінуўшых, і накіраваліся да храма.
Падалося памылкай распаўсюджанае меркаванне, што юныя сучаснікі не чытаюць, калі ўбачылі захопленых кнігай дзяцей. Выступалі вучні 5 “Б” класа Эдуард Коўшык, Паліна Грыневіч, Кірыл Аляшкевіч, Насця Ячмяновіч. Бібліятэкар Ірына Раманчук падрыхтавала праграму на аснове старых выданняў. Удзячна работнікам цэнтральнай бібліятэкі, якія кнігу дакументальных успамінаў “Салдат, герой, вучоны” (1961) заказалі з Брэста. І гэта было таксама сімвалічна, таму што напярэдадні Першай сусветнай Дзмітрый Карбышаў быў вайсковым інжынерам у Брэсцкай крэпасці. Цяпер імя героя носіць абласная аўташкола ДТСААФ. І яшчэ адна кніга паспрыяла стварэнню сцэнарыя – “У коле святла” (2014). Яе аўтар – расійскі свяшчэннік Аляксандр Дз’ячэнка. Ён нарадзіўся ў Гродна, вучыўся ў школе імя Д.М. Карбышава. І гэта таксама падкрэслівала наша дачыненне да чалавека, які для многіх пакаленняў стаў сівалам мужнасці.
У чэрвені 1941-га ён быў у камандзіроўцы ў Заходняй ваеннай акрузе, у Гродна. З пачаткам вайны 60-гадоваму генералу выдзялялі ахову і транспарт, каб вярнуўся ў Маскву. Але ён не пакінуў поле боя, сваім учынкам натхняючы маладых неабстраляных радавых і камандзіраў на барацьбу з ворагам. Паранены і кантужаны, быў схоплены ў палон…
Ён прайшоў шмат кругоў пекла. Вядомы назвы гэтых страшных фашысцкіх “фабрык смерці”: Замосце, Фленсбург, Майданек, Асвенцым… Ворагі ведалі, што ў іх руках знаходзіцца вядомы фартыфікатар, доктар навук, прафесар Акадэміі Генеральнага штаба, аўтар дзясяткаў прац па розных галінах ваенна-інжынернага мастацтва. Фашысты любым чынам імкнуліся схіліць Д.М. Карбышава да супрацоўніцтва. Вазілі яго ў Берлін, абяцалі розныя перавагі. Калі пераканаліся ў непадкупнасці, білі і здзекваліся. Патрыёт не здрадзіў Радзіме, больш таго – кіраваў падпольным супраціўленнем. Яго мужнасць была прыкладам для тысяч ваеннапалонных.
Педагогі ўражваліся, як “разумнікі і разумніцы” ХХІ стагоддзя дакладна зразумелі галоўнае! Подзвіг, які здзейсніў стары генерал, не адпавядае звычайнаму ўяўленню аб гераізме. У сучасных жа баевіках што прыцягвае? Экстрым, “экшэн” з полымем, выбухамі і аўтаматнымі чэргамі. А Дзмітрый Карбышаў застаўся ў гісторыі веліччу сілы духу…
Маутхаузен стаў 13-ым канцлагерам няскоранага генерала. У дзяцей перахоплівае дыханне, калі яны чытаюць бязлітасныя радкі:
«Ноччу 18 лютага 1945 года Дзмітрыя Карбышава вывялі на лагерны плац, распранулі і пакінулі паміраць. Потым фашыстам падалося, што ён памірае вельмі павольна. Яго сталі абліваць халоднай вадой. Аблівалі да таго часу, пакуль генерал не ператварыўся ў ледзяную статую…”.
У гісторыі некаторыя падзеі і асобы не падлягаюць пераацэнцы часу. Таму што ёсць вечныя каштоўнасці. Уменне любіць. Асэнсаванне таго, што нельга здраджваць, – ні сабе, ні тым, каго любіш. І прыкладам захавання гонару і сумленнасці заўсёды застанецца Дзмітрый Карбышаў. Аб гэтым гаварылі старшыня міжраённай Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька, дырэктар Ельскай гімназіі Любоў Казак, в.а. начальніка Лунінецкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Віталь Рылач (дарэчы, прафесійнае свята супрацоўнікі чыгуначнай міліцыі адзначаюць таксама 18 лютага). І яны ж нагадалі, што, акрамя помнікаў у многіх гарадах былой вялікай краіны, малая планета №1959, адкрытая савецкімі астраномамі, называецца Карбышаў…
Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь прапанаваў імя Героя Савецкага Саюза ўшанаваць малітвай Божай Маці, у адзін са святаў якой пакутніцкую смерць прыняў генерал. На храмавым акафісце разам са свяшчэннікам укленчана стаялі дзеці і дарослыя, злучаныя ўдзячнай памяццю аб тых, хто паклаў свае жыцці на алтар Айчыны…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии