«Нет ничего на свете выше Бога, нет ничего прекраснее любви…»

Урачыстасці сустрэчы ў Лунінецкай гімназіі, прысвечанай памяці гісторыка і філолага М.П. Анцукевіча (1892-1971), надалі ганаровыя госці – свяшчэннікі, а таксама педагогі з імем Любоў…

Чацвёртыя чытанні ў нечым можна назваць першымі. Так, у 4-ы раз ушаноўваюць імя настаўніка Лунінецкай рускай рэальнай гімназіі, потым – дырэктара Віленскай беларускай гімназіі прызёры раённай канферэнцыі “З навукай – у будучыню”. Адна з іх, Аксана Астапчык (11 “Б” клас) з працай “Параўнальная характарыстыка раманаў Барыса Акуніна “Ф.М” і “Злачынства і пакаранне” Ф.М. Дастаеўскага”, ужо адзначана і дыпломам ІІІ ступені абласнога этапу конкурсу. Таксама захапляюча выступілі Артур Антановіч (11 “Д”) – “Багданаўскія замовы як жывыя сведкі захавання фальклору” (у вобласці ўзнагароджаны Падзячным лістом), Насця Макоўская (11 “Д”) – “Мянушка і яе роля ў жыцці чалавека (духоўна-маральная праблематыка паходжання радавых імёнаў)”, Аксана Коўшык (10 “В”) – “Вобраз палешука ў ХХ і ХХІ стагоддзях”. Навуковы кіраўнік першай – Марына Генаддзеўна Бандарэнка (руская літаратура), трох іншых – Валянціна Канстанцінаўна Казун (беларуская мова і літаратура). Настаўніцы прапанавалі вучням арыгінальныя тэмы, і яны выклікалі шчырую цікавасць у ганаровых гасцей гімназісцкага форуму. 

Настаяцель храма, што будуецца ў Пінску ў гонар пакутніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага, кандыдат багаслоўя, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі Пінскай епархіі іерэй Віктар Сачкоўскі адзначыў, што пад уражаннем ад даклада захацеў не толькі перачытаць класіка ХІХ стагоддзя, але і пазнаёміцца з сучасным расійскім аўтарам, якога раней не лічыў вартым увагі. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры эканомікі і кіравання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Любоў Макарава выказала думку, што многія работы варты міжнароднага ўзроўню і трэба выходзіць на навуковыя канферэнцыі расійскіх ВНУ, у чым паабяцала садзеянне. 

Чытанні, якія тры гады запар былі ліцэйскімі, сёлета праводзіліся ў гімназіі – летась адбылася рэарганізацыя. І таксама ўпершыню лунінчане запрасілі гасцей з малой радзімы асобы, адзначанай у энцыклапедыі “Хто ёсць хто з беларусаў свету”, – горада Ельск Гомельскай вобласці. Тамтэйшай гімназіі ідзе шосты год, таму нашым педагогам было карысна даведацца аб вопыце працы яльчан. У сваю чаргу дырэктар Любоў Казак і яе намеснік Алена Паўлава ўважліва знаёміліся з умовамі навучальна-выхаваўчага працэсу ў нашай прэстыжнай навучальнай установе, якая набліжаецца да 25-годдзя. 

Розныя грані біяграфіі, навуковай і педагагічнай дзейнасці М.П. Анцукевіча асвятлялі Дар’я Бярозка (11 “Г” клас, Лунінец) і Ірына Памфілава (8 клас, Ельск). Справай яго жыцця стаў пераклад “Слова аб палку Ігаравым”, зроблены ў 1926 годзе ў Лунінцы (сын Мікалая Пятровіча перадаў рукапіс нашаму гораду). Адну з версій аб аўтарстве старажытнарускай паэмы прааналізаваў Дзмітрый Кавалевіч (9 “А” клас, Лунінец). Адкрыццём для прысутных стала гісторыя паяўлення іконы Васькаўскай (Ельскай) Божай Маці, з прэзентацыяй аб якой “Жамчужыны майго мястэчка” выступіла Аліна Чарняк (9 клас, Ельск). Гэты каштоўны абраз госці падарылі Лунінецкай гімназіі. 

Урачыстую атмасферу чытанняў падкрэслівалі многія элементы, пачытаючы з кветак, якімі дырэктар Аляксандр Грушэўскі сустракаў на вакзале дэлегацыю з Гомельшчыны. Прыўзнята, грунтоўна, інтэлігентна правяла двухдзённы форум старшыня навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Ірына Грушэўская. Святочнасць чытанням надавалі і падарункі. Бібліятэкі гімназій у Лунінцы і Ельску набылі духоўныя кнігі, якія ўручылі кіраўнікам вышэй названы айцец Віктар і настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”), доктар багаслоўя Сергій Крышталь. 

Чытанні былі прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі – удзельнікі ўбачылі прэзентацыю “Вёскі Лунінецкага раёна, пацярпеўшыя ў час фашысцкай акупацыі”, падрыхтаваную пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Аксаны Рыгораўны Арашкевіч. Вялікая ўвага была нададзена і значнай мясцовай даце. Сёлета 125 год спаўняецца адкрыццю на Залессі першай установы сярэдняй адукацыі Лунінца. З цягам часу яна стала гімназіяй, дзе выкладаў М.П. Анцукевіч. Цікавае выступленне падрыхтаваў вучань 9 “А” класа Павел Лусевіч. Нашчадкам гімназістаў пачатку ХХ стагоддзя, юным лунінчанам, захопленым навуковымі даследаваннямі, сапраўдны фаліянт – юбілейнае выданне “Гісторыя Беларускай чыгункі” – перадаў машыніст цеплавоза лакаматыўнага дэпо Мікалай Якавец. 

Чытанні тройчы мелі статус міжнародных, дзякуючы ўдзелу ў іх унука славутага перакладчыка – грамадзяніна Літвы. Цёзка дзеда, таксама Мікалай (толькі Алегавіч) Анцукевіч сёлета не змог наведаць Лунінец. Але яго намаганнямі ўстаноўлены кантакты паміж нашай і Ельскай гімназіямі. Цяпер жыхар Вільнюса таксама даслаў прывітанне з падзякай юнаму пакаленню беларусаў, якія захоўваюць памяць аб людзях, што жылі і займаліся творчасцю ў родных мясцінах. Яго пажаданне, “каб і далей на вашай зямлі ўзрастала зерне культуры, дабрыні і памяці аб сваіх каранях”, было надзвычай сугучным агульнаму імкненню захопленых навукай гімназістаў і творчых настаўнікаў, якія ставяць перад выхаванцамі высокія мэты і дапамагаюць у іх дасягненні. 

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии