Інфармацыйна-асветны
цэнтр храма іконы Божай Маці “Спатоленне
пагіблых” (“Взыскание погибших”) у
чарговы раз прыняў наведвальнікаў
аддзялення дзённага знаходжання
інвалідаў.
Маладых
лунінчан з асаблівасцямі псіха-фізічнага
развіцця суправаджалі супрацоўнікі
раённага тэрытарыяльнага цэнтра
сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва,
некаторыя – былі разам з мамамі. У гэты
дзень – 4 лютага – надвор’е, дагэтуль
падобнае на вясновае, падарыла сапраўдную
зімовую казку: зіхацелі на сонцы
запарошаныя шэранем дрэвы, чысціў душу
бялюткі снежны дыван наваколля. Па ім
сцяжынку да храма бадзёра пратоптвалі
вучні Лунінецкай гімназіі, якія займаюцца
ў гуртку “Асновы праваслаўнай культуры”
пад кіраўніцтвам бібляітэкара Ірыны
Пятроўны Раманчук.
5-класнікі
спяшаліся паказаць прадстаўленне
“Святло Віфлеемскай зоркі”. А тут яшчэ
прырода паспрыяла ў думках вярнуцца да
цудоўнага настрою калядных святаў! Ва
ўнісон з ім дзеці чыталі вершы ў гонар
Божага Нараджэння, інсцэніравалі адзін
з сюжэтаў аб гэтай падзеі з простай
ісцінай, што ніколі не позна выпраўляць
дапушчаныя памылкі. Калі ж Марыя Хаменка
зайграла па цымбалах творы Іванова
“Пастараль” і “Навагодні вальс”, усе
пераканаліся, што нацыянальны інструмент
дасканальна перадае гучанне біблейскіх
мелодый…


Прыхаджанка
Таццяна Уладзіміраўна Самусевіч не
хавала расчуленых слёз:
–Якое
шчасце, што Іісуса Хрыста славяць
дзіцячыя вусны…
Падкрэсліваючы
акцыю міласэрнасці, салодкія падарункі
ад храма спачатку былі ўручаны гледачам
– нямоглым людзям, а потым – юным
артыстам. Але і гімназісты далі дарослым
урок – высакароднасці. Дзякуючы за
пачастункі, шчырыя разумныя дзеці
гаварылі, што галоўным для іх было
падзяліцца творчасцю і самае вялікае
задавальненне яны атрымалі ад
апладысментаў…
Таццяна
КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.
Комментарии
Отправить комментарий