Палюбі сябе, і гэтым дапаможаш тым, хто пакутуе побач…

Ужо некалькі год у Жыровічах праводзяцца міжнародныя духоўныя праграмы “Анастасіс”. У іх прымаюць удзел свяшчэннікі, урачы-псіхатэрапеўты, псіхолагі, прадстаўнікі таварыстваў Ананімных Алкаголікаў, Ананімных Наркаманаў, сямейных груп сузалежных Ал-Алон, грамадскіх арганізацый, што займаюцца дапамогай вышэй названым, самі грамадзяне, якія маюць такія праблемы, а таксама іх родныя. Тэмай чарговай сустрэчы стала “Вызваленне праз служэнне”. Упершыню яе ўдзельницай была жонка настаяцеля прыхода храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) Ірына КРЫШТАЛЬ. Па нашай просьбе матушка падзялілася ўражаннямі:

Гэтыя тры дні проста перавярнулі мой погляд на праблему, што даўно з прыватнай перарасла ў сацыяльную. Звычайна як бывае? Бацькі доўга церпяць сына-алкаголіка. Мама спачатку цягне вялікаўроставае дзіця ў медустанову. Урач не адмаўляе – прызначае кропельніцы, прэпараты. Калі лячэнне не дапамагае, разводзіць рукамі – чалавек сам павінны захацець адмовіцца ад шкоднай звычкі. Маці гэтага не чуе, крыўдуе на медыкаў. Між тым, сітуацыя ў сям’і пагаршаецца. Каб абараніцца, бацькі вымушаны звяртацца ў міліцыю. У праваахоўных органаў свае метады, але, калі нагадаюць аб адказнасці па законе сына, мама забірае заяву. І тады бяжыць у царкву: бацюшка, памаліцеся…
Але ж здзяйсняюцца цуды – і мамы, і свяшчэннікі сапраўды адмольваюць тых, хто гіне ад алкаголю ці наркотыкаў!
Цуды можна пералічыць па пальцах. А на сустрэчы выступалі дзясяткі людзей з уласнымі гісторыямі пра тое, як вызваліліся ад залежнасцей самі. Алкаголь – гэта сусветная праблема. І яшчэ ў 1950-ыя пачалі стварацца сямейныя групы “Ал-Анон”, што цяпер дзейнічаюць больш чым у 100 краінах. Гэта садружнасць родных і сяброў алкаголікаў, якія лічаць, што на іх жыццё паўплывала п’янства іх блізкіх. Яны збіраюцца разам і дзеляцца сваім вопытам, сілай, надзеямі для вырашэння агульных праблем. А вось “12 крокаў ананімных алкаголікаў” – гэта праграма выключна самавылячэння залежных.
Але ў бядзе трэба падтрымліваць – на гэтым грунтуецца мараль грамадства.
Гэта агульныя разважанні, а праблема – у канкрэтнай сям’і і канкрэтнага чалавека. Дапамогай Праваслаўнага рэабілітацыйнага цэнтра “Анастасіс” скарысталіся дзясяткі людзей, многія з якіх выступілі на сустрэчы. Яны так і гаварылі: я – алкаголік са стажам 20 год, але ўжо 10 год не п’ю. Яны шчыра казалі: нас ніхто не чакае ў грамадстве, трэба самім захацець вярнуцца ў нармальнае жыццё. Выступленні людзей, якія прафесійна займаюцца гэтай праблемай, у тым ліку кіраўніка і духаўніка “Анастасіса”, пераконвалі: у залежных асоб шмат волі, трэба накіраваць яе ў правільнае рэчышча.
Хіба не аб тым жа просяць сваіх хворых родных мамы, жонкі, сёстры?
Якраз прасіць ці дараваць, каб мець паўтор пройдзенага, не трэба. Тыя, хто вылячыўся ад залежнасці, падкрэслівалі: толькі калі ад іх адмаўляліся блізкія, яны быццам бы ўключалі свой розум. Чалавеку вельмі балюча трэба ўдарыцца, і тады ён знойдзе выйсце. Кожная гісторыя мяне ўзрушвала. Жонка выгнала мужа з дому – пашкадавала сястра. Але і яе ўгаворы не дзейнічалі на брата. Урэшце апынуўся на вуліцы. Мяне ўразілі яго словы: на ўсё Воля Гасподня, і выпадак – гэта псеўданім Бога, калі ён не жадае падпісвацца…
Атрымліваецца, што шчаслівы выпадак можа здарыцца тады, калі няшчасныя родныя спыняцца адчуваць сябе такімі?
Менавіта так! Былыя алкаголікі так і казалі: гэта вам здаецца, што мы пакутуем, – вы шкадуеце, а нам прыемна… Мама ці жонка павінны ўсвядоміць: гэта – яе жыццё, і не трэба марнаваць яго на пітушчых мужа ці сына. Выступалі жанчыны. Шчыра дзяліліся: мой муж – алкаголік са стажам 20 год ці мой сын – алкаголік са стажам 10 год. Яны вызваліліся ад залежнасці ад сваіх алкаголезалежных родных. Бачыла шчаслівыя вочы гэтых жанчын. Раней іх акружала спачуванне навакольных, што не дастаўляла радасці. Цяпер яны ў асяроддзі “Ал-Анон” – усё разумеючых людзей, таму што ў кожнага – аналагічная гісторыя.
Ірына Мікалаеўна, вы паведамілі аб каштоўным вопыце, што назапашаны на Гродзеншчыне. Ці ёсць практыка такіх сямейных садружнасцей на Брэстчыне?
Мне вядома толькі пра групу з пяці чалавек, якая збіраецца ў Пінску. Але вельмі спадзяюся, што “Ал-Анон” зацікавіць і лунінчан. Перад вачамі стаіць чалавек, які расказваў: “20 год я глядзеў на свет праз замочную адтуліну, у якую бачыў толькі бутэльку. Калі прыйшоў у Жыровічы і адолеў “12 крокаў”, убачыў дрэвы, прыроду, людзей. Цяпер іду па вуліцах роднага горада ў дождж, калі ўсе хаваюцца пад парасоны. А я ў кожнай даждзінцы бачу салют ад прыгожых вітрын…”. Так хочацца пачуць падобнае ад нашых, цяпер яшчэ пакуль хворых, людзей!
Куды звяртацца тым, хто прыме такое рашэнне?
У гэтым паспрыяе “Дзень адкрытых дзвярэй”, што Праваслаўны рэабілітацыйны цэнтр “Анастасіс” будзе праводзіць 9 мая. Калі ласка, пазначце адрас: Слонімскі раён, вёска Сасноўка, вуліца Школьная, 2. Больш падрабязную інфармацыю знойдзеце на сайтах цэнтра ці Жыровіцкага манастыра. Узнікнуць пытанні – тэлефануйце таксама па нумарах нашага храма. Звяртаюся да ўсіх шматпакутных маці і жонак: калі маеце жаданне палюбіць сябе і жыццё, набярыцеся мужнасці паспрабаваць змяніцца.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии