"Птушка..." вяртаецца ў пачатку красавіка


У духоўна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адбылася паэтычная сустрэча.

Гэта стала традыцыяй – напярэдадні 2 красавіка ўшаноўваць памяць паэткі Вольгі Аляшкевіч (02.04.1977-26.07.2005). Вершы таленавітай лунінчанкі чыталі 11-класнікі Лунінецкай гімназіі. Паэтычныя радкі гучалі пранікнёна і пяшчотна. Заўчасна памёршая творца належыць да пакалення бацькоў вучняў, але, пэўна, вершы адпавядаюць духу сучаснай моладзі. Любоў да Радзімы, асэнсаванне крыжовага шляху, шанаванне высакародных пачуццяў – дабрыні, цярпення, адсутнасці зайздрасці – блізкія юнакам і дзяўчатам. Аб гэтым сведчыць нават іх удзел у праграме – нягледзячы на загружанасць выпускнога класа, выпрабоўваючае холадам нядзельнае надвор’е, гімназісты падарылі прысутным радасць духоўнай паэзіі.
Ад шчырай удзячнасці слёзы выступалі на вачах не толькі ў мамы Вольгі. Галіна Алікаўна Аляшкевіч успамінала аб поспехах дочкі ў школе (залатая медалістка СШ №1) і ў творчасці, захапленні замежнымі мовамі, сяброўстве з равеснікамі, стасунках з замежнымі гасцямі, якія часта наведвалі дом па вуліцы Ясеніна ў Лунінцы.
Дзяўчыне, якая з дзяцінства была прыкавана да інваліднай каляскі, было ў каго вучыцца мужнасці. Яе прадзед быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, дзед – Вялікай Айчыннай. І нават бабуля дала прыклад сілы духу! У юнацтве, у час акупацыі, была прызначана на прымусовы вываз у Нямеччыну. Калі будучых нявольнікаў прыгналі на станцыю, каб грузіць у таварнякі, яна скарысталася няўважлівасцю нямецкай варты. Разам з сяброўкай паціху адышлі ад платформы і пабеглі праз могілкі. Уздагон ім свісцелі кулі, але лёс быў літасцівы да смелых лунінчанак. Дачка і жонка былых воінаў Яўгенія Мітрафанаўна Аляшкевіч працавала ў чыгуначным садку, клапацілася пра сям’ю. І менавіта на яе руках, пакладзеных пад галаву ўнучкі, пасля малітвы Багародзіцы Вольга заснула навечна. Дакладней, “улетела в небо птицей”, як прароцкі напісала паэтка ў адным з вершаў. І цяпер 88-гадовая бабуля заўсёды прыгадвае, што часта бачыць птушку, якая асцярожна стукае ў вакно, быццам перадаючы прывітанне з Неба…
Гэта назваў вельмі сімвалічным настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь: у чыне адпявання дзяцей прысутнічае слова “птушка”… Бацюшка нагадаў, што ў Бога няма мёртвых – усе жывыя. І прыклад Вольгі, з вершамі якой знаёміцца новае пакаленне лунінчан, сведчыць аб тым, што паэтка жыве з намі праз сваю творчасць…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.  

Комментарии