Шэсце да бессмяротнасці


На літургію 9 мая ў храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) многія прыхаджанне прынеслі партрэты ўдзельнікаў вайны.
Такім чынам юныя і дарослыя лунінчане далучыліся да акцыі “бессмяротны полк”, што стала галоўным момантам урачыстасцей у гонар 70-годдзя Перамогі ў многіх гарадах былой вялікай краіны. Прысутныя ахвотна дзяліліся думкамі аб аб’яднаўшай сучаснікаў падзеі.
Настаўніца гісторыі сельгаскаледжа Валянціна Мікалаеўна Баброўнік:
–Савецкі народ 70 год таму адстаяў незалежнасць Радзімы, таму што быў згуртаваны адной мовай, адной прагай вызвалення роднай зямлі ад фашызму, адным жаданнем перамагчы. На фронце загінуў мой дзед. Прыйшла з яго партрэтам, быццам прымаючы эстафету пераможнага пакалення…
Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова трымала ў руках партрэт свайго свёкра, якога ніколі не бачыла:
–Мікіта Казанкоў загінуў на фронце, пахаваны ў Польшчы. Мой муж свята шанаваў памяць бацькі, па яго прыкладу сам стаў ваеннаслужачым. Дзень Перамогі ў нашай сям’і заўсёды быў самым вялікім святам. Цяпер думаю: устаючы на месца загінуўшага ці адыходзячага пакалення пераможцаў, быццам бяром на сябе адказнасць за захаванне міру, які аплочаны жыццямі родных…
Намеснік старшыні раённага савета ветэранаў устаноў аховы здароўя Эма Васільеўна Шалік страціла ў час вайны бацьку і двух дзядзькаў, якія паклалі жыцці на алтар Перамогі. Прадстаўнікі пакалення “дзяцей вайны” таксама падтрымалі ініцыятыву моладзі і ўсталі ў строй разам з юнакамі і дзяўчатамі.
Настаяцель іерэй Сергій Крышталь выступіў з прачулай пропаведзю:
–Няма больш той любві, чым аддаць жыццё за сяброў сваіх. Вялікая Перамога аплочана цаною святой крыві. Шануйце свой род, памятайце сваіх блізкіх. Гэта дзякуючы самаахвярнасці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай у нашага народа паявілася будучыня, паявіліся вы…
У Лунінцы аднадумцы выйшлі на дэманстрацыю з георгіеўскімі стужачкамі, якія былі прышпілены на пінжакі ці сукенкі. Каля краязнаўчага музея быў аформлены “салдацкі прывал” – самае ўражваючае месца лунінецкіх урачыстасцей у гонар 9-га мая. Дырэктар Наталля Барысаўна Благадзёрава і яе юныя памочнікі таксама ўзялі ў рукі партрэты родных, загінуўшых ці ваяваўшых на фронце, каб занатаваць на фотаздымку пачатак фарміравання “бессмяротнага палка” ў Лунінцы. Верым, што шлях, пачаты ад храма, будзе дадаваць прыхільнікаў ідучай ад сэрца памяці.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии