Святыні суседзяў

зацікавілі вучняў СШ №18 г. Пінска, якія разам з педагогамі днямі ажыццявілі падарожжа па Лунінецкаму раёну.

Псіхолаг школы Ганна Анатольеўна Свірыдэнка расказала:
–Большасць дзяцей і дарослых – прыхаджане храма, які будуецца ў гонар святых Пятра і Феўроніі, мурамскіх цудатворцаў. Нашу экскурсію можна назваць сапраўдным паломніцтвам. У паселішчах, дзе пабывалі, ушанавалі брацкія магілы воінаў, даведаліся аб гісторыі мясцовых храмаў, узнеслі малітвы да Бога.
У Луніне, што даў назву будучаму райцэнтру, пакланіліся пахаванню лётчыкаў Першай сусветнай вайны. Гэта наша даніна памяці 100-годдзю акупацыі Беларусі кайзераўцамі… Барыса-Глебскі храм нагадаў аб хрысціянскім подзвігу сыноў роўнаапостальнага князя Уладзіміра, 1000-годдзе прастаўлення якога – самая значная сёлетняя падзея… У Лунінцы дзяцей і дарослых вітаў настаяцель протаіерэй Васілій Дужак. Уразіла незвычайная архітэктура Крыжаўзвіжанскай царквы. З асаблівым хваляваннем даведалася, што ў канцы ХІХ стагоддзя на храм ахвяраваў сродкі праведны Іаан Кранштадскі. Памяць вялікага падзвіжніка шануецца 2 студзеня, а гэта – мой дзень нараджэння…
У храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) настаяцель іерэй Сергій Крышталь правёў гутарку на тэму “Моладзь і праваслаўе”, адказаў на шматлікія пытанні гасцей… У Язвінках захапіліся тэрыторыяй Прэабражэнскай царквы, шлях да якой пачынаецца з занатаваных на камяні запаведзей Хрыстовых. Настаяцель іерэй Сергій Чыж засяродзіў нашу ўвагу на жыцці свяшчэннамучаніка Іаана Панкратовіча (+1933). У пачатку ХХ стагоддзя будучы святы служыў у Язвінках, узводзіў новы будынак храма, што ўражвае і ў сучаснасці. У 1914-ым быў пераведзены ў прыход Чыжэвічы на Случчыне. Загінуў у перыяд неабгрунтаваных рэпрэсій…
У Дзятлавічах са шкадаваннем адзначылі, што час бязлітасна сцёр сляды Нова-Пячэрскага Спаса-Прэабражэнскага мужчынскага праваслаўнага манастыра. А сёлета ён мог бы адзначыць 390-годдзе! У ХVII і XVIII стст. абіцель лічылася багацейшай у Мінскай епархіі! Звесткі аб астраўку праваслаўя ў перыяд уніяцкага панавання занатаваў свяціцель Дзмітрый, мітрапаліт Растоўскі. Падалося, быццам дух вялікага святога дагэтуль лунае над дваром адноўленага ў наш час храма – тэрыторыя на беразе ракі Цна, што быццам ахоўваецца магутнымі дубамі, з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
З шанавання памяці воінаў і партызан, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну пры вызваленні Бастыні, пачалося знаёмства са старажытным сялом. У храме святой вялікамучаніцы Параскевы настаяцель іерэй Іаан Пятрэнка адслужыў падзячны малебен, на якім удзельнікі падарожжа памаліліся за ўдала праведзены дзень. Тут жа паломнікаў чакаў разнастайны салодкі стол з “чырвоным золатам” – галоўным чэрвеньскім ласункам лунінецкага краю.
Традыцыйным для нас становіцца прыпынак на возеры Белае. Намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Вітальеўна Бойка расказала аб помніках прыроды заказніка “Лунінскі”, ад імя прыхажан Лунінскага храма пачаставала клубнікай. Своеасаблівай узнагародай палічылі магчымасць на свае вочы ўбачыць рэліктавую расліну з воднай жамчужыны Лунінеччыны, каб цяпер адрозніваць еўрапейскую каштоўнасць – лабелію Дортмана – ад іншых кветак гэтага сямейства.
Марым працягнуць знаёмства з такімі сціплымі на першы погляд, але такімі прыцягальнымі старонкамі гістарычных таямніц суседняга з Пінскам раёна…
Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии