Ушанавалі Канстанцінаў – праз славутага цёзку

У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) чэрвеньская праграма “Дзень Анёла” была прысвечана гістарычнай асобе.
Ці ведаеце, колькі шануемых хрысціянскіх святых носяць імя Канстанцін (з лацінскай мовы – цвёрды, пастаянны)? Сорак тры. У чэрвені святкуецца памяць аднаго з іх – роўнаапостальнага імператара, які абвясціў хрысціянства афіцыйнай рэлігіяй. У духоўнай гісторыі нашага краю таксама пакінуў дабратворны след чалавек з такім імем. Гэта Канстанцін Далмат – уладальнік шэрагу навакольных паселішчаў у пачатку ХVII стагоддзя. Цікавае паведамленне аб ім падрыхтавала намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Вітальеўна Бойка.
Перад прысутнымі паўстаў вобраз неардынарнай асобы, які, “движимый благочестивою ревностью о поддержании православия, преследуемого уже возникшей тогда унией”, запісаў свае маёнткі Лунінец, Мелясніца і Дзяцелавічы на аднайменную Спаса-Прэабражэнскую царкву з умовай, каб насельнікі Кіева-Пячэрскай лаўры заснавалі тут манастыр. Гэта і адбылося ў 1625 годзе. Манахі прынеслі ў нашу палескую глыбінку святло культуры і пісьменнасці, згодна з завяшчаннем заснавальніка, “чтобы из доходов оного монастыря всегда содержимо было по 12 монашествующих, по 12 вдов и 12 сирот, коих последних и обучать”. Самыя шчырыя водгукі аб манастыры пакінуў наведаўшы абіцель свяціцель Дзімітрый, мітрапаліт Растоўскі (1651-1709). У ХVIII стагоддзі манастыр лічыўся “богатейшим и лучшим в Минской епархии”. На жаль, пасля Айчыннай вайны 1812 года паступова збяднеў і, хутка пазбаўлены сялян, якія сталі “казёнными”, закрыўся ў 1855-ым.
–Але ў духоўнай гісторыі нашага краю гэта была самая значная падзея, якая шануецца ва ўсім праваслаўным свеце, – падкрэсліла прамоўца. – І хаця дакладна не вызначана, дзе знаходзіўся манастыр, у памяць аб ім тэрыторыі Дзятлавіцкага храма, што ўзведзены ўжо ў наш час, нададзены статус аб’екта гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, а геральдычны сімвал Дзятлавічаў занатаваў элементы герба Канстанціна Далмата…
Група прыхаджан ажыццявіла своеасаблівае паломніцтва да святыні нашага края.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии