Святочны ліпень

Духоўныя і свецкія адметныя даты спалучыла праграма “Дзень Анёла” ў храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).
Штодня царкоўны каляндар нагадвае нам: шануюцца ў вечнасці тыя, хто пацярпеў за Хрыста. Імёны Пётр і Павел у памяць апосталаў, якія прапаведавалі Святло Веры і прынялі смяротныя пакуты, у сучаснасці маюць такую ж павагу, што і амаль 2 тысячы год таму. Вядомая ісціна: для Бога няма мёртвых – усе жывыя. 
Ушанаванне пачалі з тых, хто шчыраваў на ўзвядзенні храма і гэтым пакінуў аб сабе ўдзячную памяць. 
Пётр Пятровіч Магер (1943-2010) нарадзіўся у Германіі, куды на прымусовую працу была вывезена мама. Непаўналетні вязень фашызму меў цяжкае дзяцінства, але захаваў светлую душу і чыстае сумленне. Шчыра дзяліўся пранікнёнымі ўспамінамі аб часе службы на Балтыйскім флоце. Захапляўся ігрой на баяне, любіў спяваць… Працаваў вадзіцелем ў МК-6 і пажарнай службе, потым – бульдазерыстам у дыстанціі пуці. Быў выдатным кавалём. Наогул меў залатыя рукі, якімі выкладваў і сцены нашага храма. На жаль, цяжкая хвароба спыніла яго зямны шлях… Шануюць памяць чалавека пяцёра дзяцей, восем унукаў. 
У калектыве прадпрыемства меліярацыйных сістэм цёпла прыгадваюць Пятра Іванавіча Малея (1957-2011). Вадзіцель-аўтакранаўшчык, ён быў незаменны на самых адказных работах пры ўзвядзенні храма. На жаль, бязлітасная хвароба спачатку пазбавіла яго жонкі, а потым напаткала і самога… Аб старанным працаўніку жыве памяць у сэрцах дачкі і сына. Дзмітрый Пятровіч Малей прыйшоў у ПМС на месца бацькі, старанна працуе вадзіцелем. 
Настаяцель іерэй Сергій Крышталь нагадаў, што імя Пётр абазначае “скала, камень”. Новы храм узводзіўся трыма майстрамі-цёзкамі. У выкананні царкоўнага хору “Многая лета” прагучала ў гонар усіх імяннінікаў, але з асаблівай шчырасцю павіншавалі Пятра Пятровіча Раманчука. Цудоўны плітачнік выклаў не толькі пешаходныя дарожкі і пляцоўкі, але і “галгофу” – падножжа Крыжа Господняга. Божае Слова нясе людзям яго жонка – бібліятэкар гімназіі Ірына Пятроўна. Два сыны-студэнты ў будучым стануць адпаведна ўрачом і выратавальнікам – вельмі патрэбныя для грамадства прафесіі параілі дзецям бацькі! Многія людзі ўкладвалі душу і старанне ў храм – радасць і прыгажосць усяго наваколля. Свяшчэннік і прыхаджане прыгадваюць іх, узносячы малітву. І ўсе мы памятаем франтавікоў і партызан, хто пераможным ліпенем 1944-га прынёс незалежнасць Беларусі, вызваленне Лунінцу і раёну. Юбілею Перамогі, свабодзе народа і кожнага чалавека была прысвечана мастацкая праграма. Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова і загадчык аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту Святлана Рыгораўна Філіновіч падрыхтавалі хранікальна-паэтычную кампазіцыю “Бессмяротны подзвіг”. Вершамі і спевамі парадаваў ансамбль “Вытокі” пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча Вячоркі. Святочнасць на царкоўным двары стварыў філіял “Грамадскае харчаванне” райпо, прапанаваўшы пасля посту вернікам ласункі кандытарскай вытворчасці. Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии