Лунінецкі Дзень перамогі

Традыцыйнаму аўтапрабегу, што сёлета прысвячаўся 71-ай гадавіне вызвалення раёна ад фашыстаў, маштабнасць і шчырасць надалі прыватныя таксісты. 
Штогод 10 ліпеня гэта мерапрыемства рыхтуе міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ. Сёлета да прадстаўнікоў таварыства далучыліся арганізатары аўтапрабега, які адбыўся 8 мая. Напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі, акрамя шматлікіх грамадскіх згуртаванняў, лунінецкія прадпрымальнікі запрасілі на аўтапрабег свяшчэннікаў. І ў ліпені зноў самым кранаючым момантам каля брацкіх магіл і абеліскаў загінуўшым землякам была малітва аб памяці “з роду ў род”. Гараджан, пэўна, складана чымсьці здзівіць, а вось аддаленыя вёскі ўпершыню бачылі такую вялікую кавалькаду матацыклаў і аўтамабіляў. Зноў выдатным арганізатарам праявіў сябе Канстанцін Канстанцінавіч Гоман. Ён і яго паплечнікі, кіраваўшыя ўласнымі машынамі, прыцягнулі да ўдзелу ў атапрабегу байкераў і вадзіцеляў рэтра-аўто з іншых рэгіёнаў. 
Ганаровымі гасцямі таксама былі землякі-ваеннаслужачыя з Пінскага пагранічнага атрада і Баранавіцкага гарнізона. Усклаўшы вянкі да магіл вызваліцеляў у цэнтры Лунінца, агульная калона рушыла да Кургана Бессмяротнасці. 

Паэтычнае віншаванне пакаленню пераможцаў падрыхтавалі выхаванцы нядзельнай школы храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Ліцію ў памяць ахвяр фашызму адслужыў настаяцель іерэй Сергій Крышталь, які пасля павіншаваў удзельнікаў з “лунінецкім Днём Перамогі”. На працягу ўсяго аўтапрабега ўрачыстаць асвяшчалі трое свяшчэннікаў: а. Георгій Філіновіч (Лунінец), а. Алексій Ільючык (Красная Воля), а. Сергій Чыж (Язвінкі) з царкоўнымі спевамі ў выкананні матушкі Алены і дачкі Агніі. 
Чарговы прыпынак – самалёт на ўездзе ў Лунінец. Ён стаў помнікам Герою Савецкага Саюза Мікалаю Сяргеевічу Давыдаву, які ў жніўні 1949-га цаной уласнага жыцця ўратаваў ад небяспекі наш горад… Далей па двух розных маршрутах рушылі дзве калоны. У Бастыні даніну памяці аддалі ахвярам фашызму і воінам-вызваліцелям розных нацыянальнасцей, якія загінулі ў ліпені 1944-га… У Велуце і Навасёлках прыгадалі загінуўшых землякоў… Паўсюдна гучалі паэтычныя радкі, падрыхтаваныя школьнікамі ў славу пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны. У Вялікіх і Малых Чучавічах і Лугах вершы спалучыліся з музыкай і песнямі. Да свяшчэннікаў далучыўся настаяцель Свята-Пакроўскага храма іерэй Уладзімір Тарчыла з царкоўным хорам. Безумоўна, кожны сельсавет вызначаўся адказнасцю і стараннасцю пры падрыхтоўцы святой памятнай даты. Самая ж шчырая сустрэча адбылася ў адной з 13-ці лунінецкіх Хатыняў – вёсцы Лугі, дзе аб трагедыі 20 лютага 1943 года прыгадалі відавочцы падзей… На беразе Белага возера, што захоўвае памяць аб аднайменным паселішчы – знішчаным і не адроджаным пасля вайны, злучыліся абедзве калоны. 
Удзельнікаў аўтапрабегу віталі школьнікі, якія адпачываюць у стацыянарным аздараўленчым лагеры “Спадарожнік”. Прыродная жамчужына краю заціхла ў хвіліне маўчання, а потым адказала аўтаматным залпам гучным эхам. 
Завяршэнне святкавання 71-ай гадавіны вызвалення раёна адбылося ў Лунінцы каля помніка воінам-“афганцам”. Быццам запавет новаму пакаленню незалежнай Беларусі – пазбегнуць войнаў “неаб’яўленых”, але заўсёды быць гатовымі абараніць незалежнасць роднай зямлі… Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии