Уладыка чытаў вершы

Якуба Коласа ў гонар адкрыцця мемарыяльнай дошкі на храме ў Пінску ў памяць аб народным песняры Беларусі.
У пералік годнага ўвекавечання памяці класіка нацыянальнай літаратуры на Палессі дабавіўся яшчэ адзін аб’ект. На ўваходзе ў храм святой вялікапакутніцы Варвары ўсталяваны напамін аб тым, што 3 (16) чэрвеня 1913 года ў Пінску вянчаліся настаўнік 3-га прыходскага вучылішча Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч і настаўніца чыгуначнай школы Марыя Дзмітрыеўна Каменская. Тут была асвячана Хрыстовым Таінствам іх сям’я, тут 30 верасня 1914 года нарадзіўся першынец – Даніла.
Ва ўрачыстасці з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі прынялі ўдзел Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, які ініцыіраваў гэту высакародную справу, і старшыня Пінскага гарвыканкама Андрэй Уладзіміравіч Мулярчык. Ганаровымі гасцямі сталіцы Палесся былі прадстаўнікі сям’і Якуба Коласа. Цікава, што нявестка песняра Аляўціна Цімафееўна мела адно прозвішча з мужам Данілам Канстанцінавічам, а наогул усе жанчыны рода, нават набываючы шлюбны статус, пакідаюць прозвішча славутага дзеда. Шчырую ўдзячнасць сумеснаму праекту духоўнай і свецкай улад Пінска выказалі ўнучкі Вера Данілаўна і Марыя Міхайлаўна Міцкевічы.
Адзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама арганізаваў для мінчан экскурсію ў абноўлены школьны музей у Пінкавічах, дзе сялянскіх дзяцей грамаце вучыў народны пясняр. У Пінску аб ім нагадваюць шмат мясцін. Вось і дзіцячая бібліятэка, якую таксама наведалі, носіць імя Якуба Коласа – аўтографы на кнігах дзеда тут занатавалі ўнучкі. Надзвычай уражанымі аказаліся ў музеі Пінскага Палесся. Тут захоўваюцца рэчы з дома чыгуначніка Балевіча, кватэру ў якім здымала маладая настаўніцкая сям’я. У пастаяннай экспазіцыі календар пачатку ХХ стагоддзя заўсёды адкрыты на даце 25 ліпеня – у гэты ж дзень у 2015-ым адбылася памятная сустрэча ў Пінску.
Памятаем пранікнёныя радкі Якуба Коласа:    
Хоць бы раз яшчэ, здаецца,
На Палессе мне зірнуць:
Так душа туды ірвецца
Пушчы роднай спеў пачуць!
Сваёй творчасцю Якуб Колас і не пакідае нас. Дзякуючы ж непрацяглай па часе і невялікай па колькасці ўдзельнікаў, але вельмі кранаючай урачыстасці, можна лічыць, што народны пясняр у чарговы раз ажыццявіў сваю мэту…  
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии