Благаславенне неба для шматпакутнай зямлі

У нядзелю імжыў дробны восеньскі дожджык, але надвор’е не перашкодзіла ўрачыстасці ў вёсцы Мелясніца: ва ўшанаванні памяці ахвяр фашызму і асвячэнні паклоннага крыжа прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці і духавенства.

У прыгарадным паселішчы, якое спрадвеку ўваходзіць у прыход лунінецкага храма, цяпер засталося толькі 32 жыхары. Да вайны іх было ў 10 разоў больш. 1 кастрычніка 1943 года фашысты забілі 159 старых, жанчын, дзяцей, спалілі 74 сядзібы. Пасля вызвалення Мелясніца адрадзілася, але нанесеныя трагедыяй раны баляць і дагэтуль...

Другі год запар у прастольнае свята Свята­-Крыжаўзвіжанскага храма своеасаблівае пешае паломніцтва ў Мелясніцу ажыццяўляюць прадстаўнікі гімназіі г. Лунінца, якая ўваходзіць у прыход храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Сёлета гэта былі 7­класнікі з бібліятэкарам Ірынай Пятроўнай Раманчук і настаўнікамі. Кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Ірына Аляксандраўна Грушэўская тлумачыць:

–Дзеці пішуць разнастайныя даследчыя работы, многія – на ваенна­гістарычную тэму. Наведванне пацярпеўшай вёскі з’яўляецца своеасаблівай практычнай часткай іх творчых прац. Наш паход называем акцыяй міласэрнасці “Марш жыцця” – ушаноўваем старажылаў і разам памінаем загінуўшых.

Вучні 7 “А” разам з класным кіраўніком Ірынай Іванаўнай Краўцовай падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю аб 13­ці “лунінецкіх Хатынях”, у ліку якіх – і Мелясніца.

Вядучыя Яна Грушэўская і Міша Братанаў паведамілі аб трагедыях вайны ў нашым краі, Юля Канапацкая, Кірыл Гаўрыловіч, Даніла Струшко нагадалі занатаваныя ў друку ўпаміны відавочцаў, Каця Богдан пранікнёна прачытала вершы.

Дзяцей уважліва слухалі вяскоўцы. Сёлета сярод іх не было 93-­гадовай Надзеі Яфімаўны Паўлюкавец, якая заўсёды сустракала гасцей каля абеліска. Яна, як і 87­-гадовая Любоў Міхайлаўна Гардзіевіч, цяпер знаходзіцца пад наглядам родных у Лунінцы. Чорны дзень паселішча ў думках прыгадвалі прадстаўнікі пакалення “дзяцей вайны” – Тамара Мікалаеўна Літвінчук і Раіса Паўлаўна Мыслейка, бацькі якіх напярэдадні трагедыі ўратавалі свае сем’і ў навакольным лесе. А Яўгенія Міхайлаўна Прыходзька паявілася на свет амаль праз два месяцы пасля трагедыі Мелясніцы і памятныя даты адзначае разам з уласнымі юбілеямі.

–Вы як сімвал неўміручасці нашага народа, – адзначыла намеснік дырэктара гімназіі г. Лунінца Наталля Мікалалаеўна Скамейка. – Акупанты знішчылі вёску – але насуперак фашысцкай палітыцы генацыду і “выпаленай зямлі” ў Мелясніцы нараджаліся дзеці...
Напярэдадні Міжнароднага дня пажылых людзей жыхарам паважанага ўзросту ўручылі падарункі старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Надзея Уладзіміраўна Ігнаткевіч і загадчык аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лідзія Станіславаўна Чыжакова.

Імёны ахвяр фашызму ўвекавечаны на сціплым помніку. Асобна вылучаны загінуўшыя партызаны і франтавікі. У іх ліку – радавы стралок Васіль Ільіч Паўлюкавец, які прапаў без вестак пры фарсіраванні Одэра... Па стану здароўя да памятнай урачыстасці не магла далучыцца яго дачка – цяперашняя лунінчанка Валянціна Васільеўна Аляшкевіч, якая з трох год засталася сіратой. Яе сыну Віктару, унуку воіна­пераможцы, давялося ўдзельнічаць у неаб’яўленай вайне ў Афганістане.

Сімвалічна, што ў сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі райваенкамата, раённых аддзела адукацыі і савета ветэранаў вайны і працы, старшыні мясцовых арганізацый ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Андрэевіч Жуланаў і “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Іванавіч Жураўлёў.

Памятаць загінуўшых воінаў і рабіць усё дзеля захавання міру заклікалі ён і іншыя прамоўцы, у ліку якіх былі таксама старшыня Лунінскага сельвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Якавец і арганізатар патрыятычных аўтапрабегаў па мясцінах баявой славы прыватны таксіст Канстанцін Канстанцінавіч Гоман.

На адзінай вуліцы са знакавай назвай Партызанская пражываюць яшчэ амаль 20 працаздольных меляснян. У жыццядзейнасці вёскі пераконвае і падзея, якая завяршыла сустрэчу. Устаноўку паклоннага крыжа ініцыіравалі жыхары на чале са старастай Ганнай Максімаўнай Даўгун, а іх прапанову падтрымаў старшыня СВК “Хваецкае” Васіль Антонавіч Лазіцкі, якому шчыра дзякавалі мелясняне.

У вялікае свята Узвіжання Крыжа Гасподняга Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан і благачынны Лунінецкай акругі протаіерэй Васілій Дужак у саслужэнні дыяканаў асвяцілі адноўленую святыню Мелясніцы. Узведзены ў юбілейны год Вялікай Перамогі паклонны крыж сімвалізуе і вечную памяць аб тых, хто дзеля міру ахвяраваў уласным жыццём, і імкненне сучаснікаў да новых стваральных спраў.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии