"Роднае" імя

Вядома, што імя Наталля перакладаецца з лацінскай мовы як “родная”, а сваю святую імянінніцы ўшаноўваць 8 верасня.
Напярэдадні ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адбылася сустрэча ў праекце “Дзень Анёла”. Прысутныя расказвалі аб тым, чаму атрымалі сваё імя. Адначасова светла прыгадваліся многія людзі, якія пакінулі свой значны след не толькі ў лёсах імянінніц. Былы і цяперашні дырэктары краязнаўчага музея першай назвалі незабыўную спявачку Наталлю Мурко, якая застаецца ўзорам таленту і дабрыні для сваіх цёзак. Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова пазнаёміла з публікацыямі “ЛН”, якія занатавалі лунінецкую “зорку”. Аб сабе ж паведаміла, што імя ёй выбрала старэйшая сястра. У СШ №2 у 1950-ыя, у час яе вучобы, было толькі дзве дзяўчынкі з такім імем, а ў СШ №4, у 1980-ыя, калі Наталля Іванаўна настаўнічала, у яе класе было дзевяць цёзак, што дазволіла нават стварыць “Хор Наташак”. Кіраўнік раёнага сховішча даўніны Наталля Благадзёрава за выбар імя ўдзячна маме і рада, што, дзякуючы гэтаму, далучана да папярэдніх пакаленняў, – а гэта імя ў нашым краі часта сустракаецца нават у ХVIII стагоддзі.
Ветэран працы Ніна Кузьмінічна (на жаль, адмовілася сфатаграфавацца разам) расказала, што Наталляй яе дачку назвала свякроў у гонар сваёй маці. Нявестцы гэта не падабалася, але яна была выхавана ў паслухмянасці і згадзілася. Усмешку выклікалі наступныя словы жанчыны:
Вельмі люблю сваю Наташу, але характар дачушкі – выліты, як у свекрыві…
Намеснік дырэктара СШ №2 Наталля Бойка прыгадала, што магла б і не насіць гэта імя. Мама прасіла назваць так першую дачушку, а бацька ў сельсавеце запісаў “Алена”. Пры нараджэнні другой парадзіха зноў настойвала на любімым імя, а яе спадарожнік жыцця запісаў “Святлана”. Трэцюю дачку мама не дазволіла рэгістраваць бацьку, а зрабіла гэта сама, як толькі была ў стане наведаць сельсавет.
8-класніца гімназіі Наталля Камандзіс перадала ўспаміны мамы. Акушэрка, якая прымала нованароджаную, стоячы побач з урачом Наталляй Шумскай, усклікнула:
Вось яшчэ адна Наташка будзе!
Парадзіха вырашыла пакінуць для дачкі першым прагучаўшае імя. Дзяўчынка гаворыць, што яно ёй вельмі падабаецца. У СШ №2, дзе раней вучылася, была адной Наталляй у класе, цяпер жа ў яе паявілася цёзка.
Спецыяліст па тэлекамунікацыям Васіль Бажко з жартам паведаміў, што вельмі хацеў запісаць дачку Наташай, а ў сельсавеце не згадзіліся і зарэгістравалі афіцыйным імем. Работніца прыватнай фірмы Тамара Нарэнка адзначыла, што мама яе – Наталля Андрэеўна. Пазнаёміўшыся з жыццём святых, яна мяркуе, што дзядуля мог быць хрышчаны Адрыянам, але ў пасляваенны час гэта імя часта запісвалі як Андрэй. Настаўніца СШ №2 Дзіяна Сладзінская адзначыла, што імя Наталля – у многіх яе сябровак, якія яна лічыць носьбітамі чуласці і мэтанакіраванасці.
Сустрэча адбывалася ў Дзень беларускага пісьменства. Удзельнікі чыталі вершы з кнігі “Акно для матылькоў” Міхася Скоблы – паэт піша і пра вечныя каштоўнасці, што захоўваюць храмы. Прыцягнуў вагу відэафільм аб стваральніках славянскай пісьменнасці роўнаапостальных Кірыле і Мефодыі. Затым у храме настаяцель іерэй Сергій Крышталь служыў акафіст святым Наталіі і Адрыяну – яны засталіся вернымі Богу і сямейнаму абавязку нават цаной сваіх жыццяў…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии