Ведай нашых! Трэці поспех!

У рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання” сярод 178-мі кніжных сховішчаў краіны работа бібліятэкара сельгаскаледжа Ніны Дамашэвіч заняла другое месца!
Ніна Мікалаеўна, з чаго пачаўся ваш прафесійны шлях, які прывёў да такога адметнага дасягнення?
Закончыла бібліятэчны тэхнікум. Першае месца працы – родная Язвінская СШ. Праз год тагачасны дырэктар, які ішоў на павышэнне ў Лунінец, параіў удасканальваць прафесію ў горадзе. Як раз тады адкрывалася сельскагаспадарчае ПТВ. На месца бібліятэкара было восем прэтэндэнтаў! На маю карысць сыграў той факт, што ў школе падрыхтавала праграму да 60-годдзя Кастрычніка для раённага семінара, якая была высока ацэнена прадстаўнікамі органаў улады. Так што працую з дня заснавання каледжа.
А вы мэтанакіравана звязалі жыццё з кніжным светам?
Марыла стаць педагогам, але ў ВНУ не прайшла па конкурсе. Тут жа падала дакументы ў Магілёў. Калі ўжо была залічана, атрымала накіраванне з калгаса, што было гарантыяй паступлення. Але вырашыла нічога не змяняць. І не шкадую. Заўсёды любіла чытаць. За час работы вывучыла запыты нашых навучэнцаў. Працаваць з моладдзю вельмі цікава. Праводзячы мерапрыемствы, у пэўнай ступені рэалізую свае педагагічныя імкненні.
Цікава, а вашы родныя захапляюцца чытаннем? Раскажыце, калі ласка, аб вашай сям’і.
Мы разам з мужам, які працаваў выкладчыкам, выхоўвалі ў дзяцей любоў да кнігі. На жаль, ён ужо амаль 20 год жыве толькі ў нашай памяці… Старэйшая дачка ў пэўнай ступені ажыццявіла маю мару, закончыўшы філфак БДУ. Малодшая – інжынер-эканаміст. Магчыма, прыцягненне сталіцы, дзе яны жывуць, сямейныя клопаты не дазваляюць аддаваць чытанню шмат часу, але пры сустрэчах абмяркоўваем кніжныя навінкі. Гэта дапамагае мне арыентавацца ў цяперашніх літаратурных густах.
Вас засмучае, што любоў да кнігі, якая захавалася ў нашага пакалення, не падзяляюць сучасныя юнакі і дзяўчаты?
На любой сустрэчы з моладдзю – у бібліятэцы, кабінеце, актавай зале – заўсёды нагадваю вядомае выказванне стваральнікаў інтэрнэту: той, хто чытае кнігі, заўсёды будзе кіраваць тымі, хто бяздумна сядзіць за камп’ютарам. У сваю чаргу імкнуся адцягнуць увагу сваіх патэнцыяльных чытачоў ад манітораў і зацікавіць нашых навучэнцаў жывымі рэальнымі справамі.
Мяркуючы па тым, што сталі прызёрам упершыню абвешчанага конкурсу, вам гэта ўдаецца.
Наша бібліятэка ўжо ў трэці раз адзначана на рэспубліканскім узроўні. У 1991-ым стала пераможцам конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Узнагароджана адпаведным дыпломам Міністэрства культуры і бібліятэчкай выданняў Івана Шамякіна з яго аўтографам. Гэта мой любімы пісьменнік, таму можаце ўсвядоміць радасць, што дагэтуль са мной, як толькі адкрываю кнігі! Памятаю, на ўручэнні прызоў мінчане раілі нам хутчэй пакідаць мясціны, забруджаныя Чарнобылем. Заспакойвала іх адказам, што не панікуем, а працягваем працаваць. Хутка зноў была адзначана ў гэтым жа конкурсе. Узнагародай сталі дыплом і факсімільнае выданне першай беларускай газеты “Наша Ніва”.
Сёлета вы занялі другое месца ў намінацыі “Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях”.
Моцны імпульс да гэтага напрамку дзейнасці ў бібліятэчнай рабоце дало асвячэнне храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”), да прыходу якога адносіцца наш каледж. Рэгулярна запрашаем на гутаркі настаяцеля іерэя Сергія Крышталя, самі з задавальненнем удзельнічаем у духоўна-асветных праграмах, што праводзяцца ў храме, арганізуем у тым ліку і раённыя сустрэчы на дыхтоўнай базе нашай навучальнай установы. Шчаслівая, што ў бацюшку Сергіі знайшла аднадумца-бібліяфіла. Заўважаю, што думка аўтарытэтнага свяшчэнніка мае значны ўплыў на моладзь. Аб нашых справах пастаянна паведамляем на старонках “ЛН” – удзячны рэдакцыі за інфармацыйную падтрымку.
Прыміце віншаванні з трэцім поспехам! Калі атрымаеце прызы?
Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 21-23 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”. У ліку 29-ці бібліятэк наша будзе адзначана Падзячнай граматай Патрыяршага Экзарха і камплектамі кніг. З задавальненнем рыхтуюся да паездкі ў Мінск. Акрамя зносін з калегамі і аднадумцамі, буду мець дадатковую нагоду наведаць дзяцей і ўнукаў.
Застаецца пажадаць вам новых поспехаў на шляху прыцягнення моладзі да спасціжэння вечнай таямніцы – кнігі.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара. 

Комментарии