“Малюся за Аляксандра”

Пасля паломніцкай паездкі на Святую Зямлю Людміла РАДЗЮК стала ў запісках за здароўе пісаць гэта імя асобна з указаннем – “прэзідэнта”.

Малая радзіма гэтай паважанай лунінчанкі – нарачанская зямля, паселішча са знакавай для Беларусі назвай Крывічы. Набыўшы адукацыю ў Пінскім мяса­малочным тэхнікуме, у 1970­ым была размеркавана ў Лунінец, дзе толькі што здалі ў эксплуатацыю новы завод масла і сухога абястлушчанага малака. Праз год вытворчы майстар сустрэла сваё шчасце на стаўшым родным прадпрыемстве – выйшла замуж за слесара КІПіА. Пэўны час жылі на здымнай кватэры ў старажылкі Залесся, ад якой даведалася шмат цікавага пра гісторыю Лунінца. Праз некалькі год маладой сям’і прадаставілі кватэру ў ведамасным доме па вуліцы Чапаева. Тым часам Людміла Аляксандраўна закончыла курсы эканамістаў і яшчэ больш як 25 год працавала па новай спецыяльнасці на малочным заводзе, пераўтвораным у акцыянернае таварыства.

–Заўсёды вызначалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй, таму не ўяўляла, як буду жыць без работы, – усміхаецца Людміла Аляксандраўна. – Але пашчасціла выйсці на пенсію, калі літаральна насупраць нашага дома сталі будаваць храм. З радасцю далучылася да агульнаграмадскіх спраў.

Яна прыгадвае, як з суседзямі працавалі на ўзвядзенні драўлянага часовага памяшкання, як выкопвалі катлаван пад падмурак цаглянага будынка, як суправаджала каштоўны груз для храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) – 32 вялікія імянныя іконы. Па­ранейшаму разам з іншымі прыхаджанамі прыкладна раз у месяц­паўтара нясе паслушанне начнога дзяжурства. Гаворыць, што такой благадаці, якая ахінае ў сваім храме, не адчувае ў самых намоленых мясцінах шматлікіх вандровак.

Падарожжамі Людміла Аляксандраўна захаплялася заўсёды. Штогод водпускі праводзіла ў санаторыях па ўсёй вялікай краіне. Апошнім часам больш сталі прыцягваць паломніцтвы. Неаднаразова наведвала святыні Беларусі, Пачаеўскую абіцель на Украіне, летась пашчасціла пабываць у Ізраілі.

–Адчуваю, што гэта – не апошняе замежнае турне! – жартуе суразмоўніца. – У нашай сям’і было дзевяць дзяцей. Адзін, на жаль, загінуў у вайну, але брата і семярых сясцёр бацькі выгадавалі. Я – самая малодшая. Уявіце, колькі маю пляменнікаў і пляменніц! Дзве з іх асталяваліся ў Італіі. Адна, мая хрэсніца Галіна, урач­-пульманолаг, выйшла замуж аж у Бразілію. Выбірай, цётачка, куды ехаць – паўсюдна запрашаюць.

Вольны час Людмілы Аляксандраўны нельга назваць бязмежным – тры гады таму яе выбралі старшынёй савета ветэранаў ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Са шчырай прыязнасцю яна расказвае, як падтрымлівае кіраўніцтва калектыву былых работнікаў прадпрыемства ў Лунінцы і філіяла ў Лобчы, колькі цікавых спраў арганізуецца напярэдадні адметных дзяржаўных святаў.

–Наша ветэранская арганізацыя шчыра ўдзячна дырэктару, – адзначае Людміла Аляксандраўна. – Калі ж была на Святой Зямлі, многія людзі ў храмах і манастырах з павагай гаварылі аб кіраўніку Беларусі. Можна сказаць, яны прымусілі нас больш уважліва ўгледзецца ў перавагі нашай  краіны. А яшчэ ўсе гаварылі: маліцеся за вашага прэзідэнта. Вось  і імкнемся прасіць Неба аб заступніцтве для нашай зямлі, для стваральных спраў, што выконвае кіраўніцтва дзяржавы дзеля дабрабыту народа.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии