Благадаць "Лазовай даліны"


Заказнік рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” гасцінна прыняў удзельнікаў экалагічнага злёту.

Да вучняў СШ №2 г. Лунінца, якіх суправаджалі настаўнікі Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў і Юлія Валянцінаўна Харавец, і Дзятлавіцкай СШ на чале з намеснікам дырэктара Ірынай Міхайлаўнай Молчан, далучыліся госці з гімназіі №2 г. Пінска.

Ранішні моцны марозік змяніўся сонечным цяплом, які не зменшыла рачная прахалода. Даўно запланаваная сустрэча юных і дарослых аматараў прыроды прынесла карысць і выклікала задавальненне.

–Адукацыйнай задачай мерапрыемства была дапрофільная падрыхтоўка вучняў, – адзначыла намесніка дырэктара СШ №2 Наталля Вітальеўна Бойка. – У сустрэчы прынялі ўдзел 8-­9­-класнікі, якія цікавяцца “зялёным светам”. Спадзяемся, злёт ім дапаможа зрабіць свядомы выбар будучага працягу навучання.

Настаўніцу адразу чакаў прыемны сюрпрыз: экскурсію “Па Лазовай даліне” правёў спецыяліст ДПУ Мікалай Чарняцоў – выпускнік ліцэя, у якога ў свой час яна вяла біялогію. Прагулка па экалагічнай сцяжыне суправаджалася тлумачэннямі аб “чырвонакніжніках”. Настаўнікі заклікалі дзяцей звяртаць увагу на непаўторнасць кожнай травінкі, лісточка, дрэва. Удзельнікі злёту актыўна папрацавалі на ўборцы ўзбярэжжа Прыпяці. Педагогі справядліва лічаць, што да добраўпарадкавання прыродаахоўнай тэрыторыі трэба прыцягваць усе школы... І нарэшце пачаўся заслужаны адпачынак з распальваннем вогнішча, смажаннем бульбы і сала, піццём духмянага чаю, настояннага на прыпяцкіх зёлках! Празрыстае паветра, блакітнае неба, чырвань і золата ападаючага лісця насычала зрок і душу благадаццю прыгажосці  Божага свету.

Не ўсе мясцовыя школьнікі працягнулі падарожжа наведваннем храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Упершыню сюды завіталі пінскія гімназісты. На царкоўным двары, дзе  ўвагу дзяцей прыцягнула велічная “гаспадыня”­кошка, была праведзена  геаграфічная віктарына. Як і чакалася, разумнікі і разумніцы давалі  дакладныя адказы. Лепшым знаўцам Прыпяці аднагалосна прызнана 9­класніца Сафійка, атрымаўшая прыз з элементамі флоры і фаўны.

Гутарка ў інфармацыйна­-асветным цэнтры спрыяла сяброўству юных  лунінчан і пінчукоў, зацікавіла дзяцей поглядам на ўласныя імёны праз  жыцці іх анёлаў­ ахоўнікаў. Настаяцель іерэй Сергій Крышталь нагадаў, што Руская Праваслаўная Царква з канца ХХ стагоддзя і цяпер занепакоена пытаннямі экалогіі. Выпрацавана канцэпцыя, прыняты  шэраг дакументаў. Тэма абароны навакольнага асяроддзя ўведзена ў  рэлігійную адукацыю, гучыць на пропаведзях і ў пастырскім служэнні. Сёлета прынята рашэнне Днём асаблівай малітвы аб Божым тварэнні прызнаць першую нядзелю верасня.

Але і ў кастрычніку была запатрабавана прыродаахоўная тэма. Пазнаёміўшы дзяцей з уладкаваннем храма, свяшчэннік маліўся за экалогію прыроды, неаддзельную ад экалогіі душы. На традыцыйным рэфлексійным трэнінгу, які правяла педагог­-псіхолаг з Пінска Ганна Анатольеўна Свірыдэнка, удзельнікі выказвалі свае ўражанні і шчыра дзякавалі арганізатарам злёту. Яшчэ адна сустрэча праз “навуку аб доме” (гэтыя словы сталі асновай тэрміну “экалогія”) згуртавала дзяцей і дарослых усведамленнем небяспекі сучасных выклікаў нашай планеце і неабходнасцю больш дзейсна зберагаць агульную прастору зямлян.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Кірыла САВІЧА і Наталлі БОЙКА.

Комментарии