“Якою далёкай ні будзе дарога, якім бы шырокім ні здаўся прасцяг, Вяртайся сюды, да святога парога, бо тут твой пачатак і тут твой працяг…”


Словы нацыянальнага класіка былі лейтматывам ХІ літаратурна-краязнаўчай канферэнцыі, якая адбылася ў Лунінецкай гімназіі.

Праграму адрасавалі тым цудоўным вучням, якія матывіраваны на набыццё глыбокіх ведаў і, пасля завяршэння прэстыжнай навучальнай установы, вышэйшай адукацыі. Звычайна сваё будучае гімназісты праецыруюць на мегаполісы ці новыя краіны. Гэта сустрэча мела мэту паказаць, што сапраўдныя творцы могуць жыць у маленькіх гарадках і аддаленых вёсках, але быць вядомымі далёка за межамі сваёй малой радзімы.

Разумнікі і разумніцы даведаліся аб земляках, якія пакінулі дабратворны след у гісторыі Лунінеччыны. Гэта музыканты, бацька і сын Матэусы – Аляксей (1874-1954) і Аляксандр (1910-1945); мастакі, браты Ішчанка – Георгій (1901-1988) і Міхаіл (1910-1937); спявачка Ксенія Бесан (1919-1963), марафонец Мікалай Адамчык (1909-1989), паэтка Вольга Аляшкевіч (1977-2005), пісьменнік-чэкіст Мікалай Калінковіч (1950-1990), якому прысвячаюцца штогадовыя сустрэчы. Дыпломы памяці гэтых выдатных лунінчан заснавалі калектывы, дзе яны працавалі, ці новыя пакаленні калег па службе.
Гімназістаў важна было даведацца аб творцах, якія ў сучаснасці праслаўляюць родны край. Сёлета памятнымі ўзнагародамі адзначаны: народны фальклорны калектыў “Лабчанка” (мастацкі кіраўнік Настасся Якавец), які першым у раёне за траецкі абрад “Ваджэнне куста” атрымаў статус “нематэрыяльны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”; настаўнік Мікашэвіцкай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Віктаравіч Круглік, які спалучае спевы на сцэне і на клірасе; выхаванец дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, чэмпіён вобласці па бегу з бар’ерамі Станіслаў Неўдах; народны майстар з Багданаўкі Васіль Максімавіч Савіч, які захапляецца і паэтычнай творчасцю.
Усе лепшае ў нас – ад педагогаў. Гэта падкрэсліў супрацоўнік аддзялення УКДБ Сяргей Хамук, уручаючы дыплом Наталлі Іванаўне Баброўнік. Слайды занатавалі гістарычную рэканструкцыю, якую настаўніца СШ №2 г. Мікашэвічы арганізавала са сваімі вучнямі. Начальнік станцыі Лунінец Сяргей Скіба, адзначаючы дыпломам гурток “Спадчына” СШ в. Вулька 1 і яго кіраўніка Ганну Трафімаўну Кляўцэвіч, выказаў захапленне інсцэніроўкай трагедыі адной з “лунінецкіх Хатыняў”, якую юныя артысты паказалі на некалькіх сцэнічных пляцоўках.
У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі ўпершыню праведзены і конкурс “Трыста год разам, ці Старонкі яўрэйскай гісторыі краю”. Дыпломам памяці Копеля Калпаніцкага (1926-2010), вязня Лахвенскага гета, які цудам выратаваўся ў час яго знішчэння, змагаўся з фашызмам, потым ваяваў за незалежнасць Ізраіля, а ў 1990-ыя садзейнічаў аднаўленню сувязяў былых землякоў з малой радзімай, адзначаны шасцёра гімназістаў – Ірына Кіндрук, Дар’я Рудовіч, Глеб Кэлкэй, Арцём Лягееў, Дар’я Завадская, Ірына Туміловіч. Узнагароды ўручыў сын былога партызана і франтавіка, ветэран вайны ў Афганістане інжынер-будаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Яфім Кірзнер.
Вучаніца Лунінскай СШ Дзіяна Ільючык перамагла ў конкурсе малюнкаў “Прыгажосць Божага свету”. Начальнік дыстанцыі пуці Васіль Майсак адзначыў дыпломамі і падарункамі юную мастачку і яе педагога Ніну Якаўлеўну Багданец. Настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” іерэй Сергій Крышталь адзначыў прызамі актыўных удзельнікаў творчага спаборніцтва і з гімназіі – Наталлю Камандзіс і Віталя Кацубу.
Гэты здольны вучань 6 “А” і яго аднакласнікі – Максім Драгунчык, Аліна Семянюк, Яна Сімонова, Лаліта Хомич, Максім Пашкевіч – разам з класным кіраўніком Ірынай Анатольеўнай Дасько выдатна правялі праграму. Яе тэхнічнае аснашчэнне забяспечыў 11-класнік Уладзіслаў Сідаровіч. Арганізатарам канферэнцыі было навуковае таварыства вучняў “Зямляне” на чале з яго кіраўніком Ірынай Аляксандраўнай Грушэўскай.
Гаспадары завяршаючай часткі праграмы – бібліятэкар гімназіі Ірына Пятроўна Раманчук і вучань 9 “Б” класа Уладзіслаў Шабан – запрасілі на канцэрт. Музычным падарункам для ўсіх удзельнікаў канферэнцыі стала выступленне народнага аркестра народных інструментаў педагогаў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў (дырыжор Наталля Юрцэвіч), салістаў Юліі Бузынчык, Марыны Корчык, дыякана Васілія Мартынава.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии