"Сціпла служыць Царкве..."

15 год таму іерэй Сергій Крышталь, настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”), прыняў духоўны сан.
Красавік – важны месяц у жыцці бацюшкі. У красавіку ён нарадзіўся. У красавіку адбылася яго хіратонія – і ў дыякана, і ў свяшчэнніка. І ў наш Лунінец ён быў прызначаны ў красавіку! З выдатнай датай, 15-годдзем духоўнага служэння, настаяцеля віншавалі ў вельмі важнае для храма свята – Пахвала Прасвятой Багародзіцы.
Цяперашні Патрыярх, яшчэ ў бытнасць яго рэктарам Ленінградскай духоўнай акадэміі, звяртаючыся да будучых свяшчэннікаў, казаў: “Не мы абралі Хрыста – гэта Хрыстос выбраў нас”. Пэўна, сутыкнуўшыся з бязмежнай адказнасцю, якая ўскладаецца на плечы пастыра, з цягам часу многія хацелі б больш спакойнага паслушэнства. Вядома, што і Патрыярха Пімена неяк спыталі, кім бы ён хацеў быць? І пачулі ў адказ: вартаўніком на ніжняй браме Пскова-Пячэрскага манастыра. У кожным жарце ёсць доля праўды…
Але яшчэ ў маладосці айцец Сергій мудра ўсвядоміў: кожны знаходзіцца на тым месцы, на якім павінен рэалізаваць сябе.
Як ўдзячны лунінчане, што Промысл Божы прывёў маладога свяшчэнніка ў наш горад! Яму паверылі людзі – і неўзабаве айцец Сергій ўзначаліў стварэнне новага прыходу. А затым, як у старажытныя хрысціянскія часы, на святым месцы – паміж воінскімі могілкамі Першай і Другой сусветнай войнаў – быў узведзены Дом Божы.
Свяціцель Мікалай Сербскі пісаў, што чалавек – вышэй за зоркі”. З такой жа павагай адносіцца айцец Сергій да кожнага чалавека. На стваральныя справы бацюшка згуртоўвае навакольных любоўю. Яго сардэчную цеплыню і добразычлівасць адчуваюць вельмі многія людзі, нават калі яны не з’яўляюцца прыхаджанамі нашага храма.
15-годдзе хіратоніі – гэта своеасаблівая справаздача, перш за ўсё, самому сабе. Ганаровы Патрыяршы Экзарх, мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) заўсёды заклікаў духавенствасціпла служыць Царкве”. Сціпла – у дадзеным выпадку зусім не азначае “абмежаваўшы сябе сценамі храма”. Айцец Сергій пастаянна прапаведуе Слова Божае ў школах і каледжах, на прадпрыемствах і ва ўстановах, дзе яго чакаюць значна часцей, чым дазваляе шчыльны графік занятасці.
Па збегу абставін віншаванні ў храме ў гэты дзень былі не такімі шматлікімі, як прывыклі прыхаджане, напрыклад, на храмавае свята. Але самае галоўнае – што лунінчане памятаюць наш “святок”, што 18 лютага многія вытворчыя кіраўнікі, грамадскія дзеячы і звычайныя людзі славяць Багародзіцу ў яе іконе “Спатоленне пагіблых”, цалкам справядліва атаясамляючы храм з яго настаяцелем.
Бог так уладкаваў, што чалавек змяняецца да лепшага з дапамогай іншага чалавека. Прыхаджане ўдзячны, што менавіта айцец Сергій дадзены нам для пастырскага служэння. Каб арганізаваць ўзвядзенне чарговых абектаў храмавага комплекса – упрыгожання былога ўрочышча Баханова. Каб натхніць прыхільнікаў на новыя напрамкі дзейнасці ў рэлігійнай адукацыі. Каб, пасля размовы са свяшчэннікам, перадаваць пазітыў і добразычлівасць раскошы чалавечых зносін сваім сябрам.
Пажаданні настаяцелю гучалі вельмі шчыра і ўдзячна. Каб шчасціла яго блізкім. Каб паяўлялася больш аднадумцаў у той высакароднай справе, што айцец Сергій робіць не дзеля сябе – для ўсяго грамадства. Каб да свяшчэнніка часцей прыходзілі людзі не толькі за суцяшэннем у смутку, але і падзяліцца сваёй радасцю (у адпаведнасці з высокім званнем – хрысціяне).
Ад імя прыходу кветкі і падарункі ўручылі першыя памочнікі свяшчэнніка ў набажэнстве – рэгенты хораў “Любімічы” (Алена Георгіеўна Кавалевіч) і “Мірніца” (Таццяна Віктараўна Круглік). Пад скляпеннямі храма трохразова гучала “Многая лета” як прыходскае блаславенне настаяцелю на працяг такога ж адданага пастырскага служэння – на ўвесь шлях, адмераны Госпадам...
Таццяна Канапацкая. Фота аўтара.

Комментарии