“Хрыстос васкрос, і свет прачнуўся…”


Вершы Ларысы Геніюш гучалі ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца, а біяграфія паэткі ўразіла дачыненнем да духоўнай гісторыі нашага краю.

Традыцыйную праграму “Дзень Анёла” адкрыў настаяцель іерэй Сергій Крышталь. Бацюшка расказаў аб нябесных заступніках, якія паяўляюцца ў кожнага з набыццём імя, што даецца пры хрышчэнні. Прыгадалі трох святых, памяць якіх шануецца ў красавіку. Іх імёны ў Год культуры гучаць вельмі сімвалічна: Лідзія – “культурная”, Алла – “вытанчаная”, Ларыса – “чайка” (птушыны палёт як увасабленне натхнення).
Гісторыя літаратуры занатавала шмат славутых імёнаў, якія сваёй творчасцю дасягалі вышынь духоўнасці. І гэтым даказвалі, што годныя імёнаў святых, у гонар якіх названы. Сустрэчу прысвяцілі Ларысе Геніюш (1910-1983), чые словы: “Як жыць – дык жыць для Беларусі, // А без яе – зусім не жыць!” сталі дэвізам жыцця многіх нацыянальных творцаў.
Госць з Мінска – паэт Міхась Скобла прадставіў новую мастацка-дакументальную кнігу “Духу магутныя чары…”, укладальнікам якой з’яўляецца. Ён расказаў пра вядомую паэтку, якая прайшла праз цярновыя пакуты, але захавала любоў да роднай зямлі і сілу духу. Магчыма, гэтыя пачуцці ўмацоўвала адданасць веры? Пасля вызвалення з гулагаўскага лагера Ларыса Антонаўна асталявалася ў Зэльве і жыла ў сядзібе насупраць царквы. Свяшчэннік, якому таксама было складана ў часы ваяўнічага атэізму, знайшоў прытулак у “блаславёнай хаце”. Пасля бацюшку давялося і адпяваць сваю духоўную дачку.
Літаратурна-музычныя сустрэчы ў памяць аб Ларысе Геніюш праводзяцца ў Свята-Траецкім храме г. Зэльва. У свой час мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт блаславіў узвядзенне помніка паэтцы на царкоўным двары.
Калі было названа імя яе духаўніка – айцец Васілій Чыкіда, – удзельнікі сустрэчы былі вельмі ўражаны. Многія жыхары раёна ведалі гэтага духоўнага пастыра, які служыў у Мікашэвічах, дзе на мяжы тысячагоддзяў закончыўся яго зямны шлях. Хочацца спадзявацца, што даследаваннем жыцця свяшчэнніка, які ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры, зацікавяцца мясцовыя гімназісты.
Салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава падарыла ўдзельнікам літаратурна-музычнай праграмы свае песні, якія сутнасцю і настроем адпавядалі малітвам. Сталічныя паэт і спявачка адзначылі, што ў памяшканні былога храма адчуваецца моцная энергетыка намоленасці, што ім хочацца яшчэ не раз выступіць у гэтых цёплых драўляных сценах, пад строгім і міласэрным наглядам лікаў святых з амаль 200 ікон. Гэта прызнанне з радасцю ўспрынялі ўдзельнікі сустрэчы.
Бібліятэкар політэхкаледжа Вера Яўгенаўна Скіба:
Праграма ўзбагаціла педагогаў інтэлектуальна і духоўна. Атрымалі столькі новых ведаў па беларускаму літаратуразнаўству! Што да дзяцей, то нашы першакурснікі ўпершыню сустрэліся з прафесійнымі паэтам і спявачкай, таму ўдзел у падзеі ўспрынялі за гонар. А яшчэ многія зрабілі адкрыцці, што шэдэўры лірыкі, напрыклад, “Мой родны кут” Якуба Коласа ці “Малітва” Генадзя Бураўкіна, сталі песнямі…
Ветэран-педагог Аляксандра Георгіеўна Кулага, узнагароджаная знакам “Выдатнік адукацыі Беларусі”:
Таленавітыя творцы падарылі столькі натхнення, што пасля сустрэчы здаваліся дробязнымі самыя складаныя праблемы! Госці нам прапанавалі азірнуцца і заўважыць адметнасць родных мясцін. Лунінецкі край таксама з’яўляецца неад’емнай часткай Беларусі, прыгажосць якой адлюстроўвалі вершы і песні. Такая творчасць, як і малітвы, нас прымушае станавіцца лепшымі…
Бібліятэкар сельгаскаледжа Ніна Мікалаеўна Дамашэвіч:
Дарослыя былі ў захапленні ад цудоўных вершаў і малітоўных спеваў! Што да навучэнцаў, то запрасілі на сустрэчу дзяцей, якія не вызначаюцца прыкладнымі паводзінамі, выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях. Не чакала адабрэння, але па стрыманасці і прыцішанасці юнакоў і дзяўчын магу меркаваць, што паэт і спявачка зрабілі ўражанне. Як трэба, каб такія духоўныя зносіны адбываліся часцей…
Ветэран педагагічнай працы Лідзія Уладзіміраўна Барадзінская:
Сустрэча – сапраўдны падарунак да дня анёла! Рада, што захапіла з сабой з дачы букет цюльпанаў і ўручыла гасцям. Яны ж падкрэслівалі, што ў сталіцы яшчэ нішто не цвіце, а на Лунінеччыне ўжо буяе прыгажосць вясны!
Госці з Мінска наведалі і Мікашэвічы. Завіталі ў храм Нараджэння Іаана Прадцечы, пакланіліся яго святыням – іконе, дзе лік Багародзіцы адлюстраваўся на шкле ківота, і караням дрэва, што зрасліся ў крыж...
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии