Ушанавалі
450-годдзе праведнай дзевы Іўліаніі,
княжны Альшанскай, якая другой (пасля
Ефрасінні Полацкай) з жанчын праваслаўнай
Русі была ўдастоена гонару ўпакоіцца
ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Аб жыцці святой
усхвалявана паведаміў 9-класнік Мікалай
Альцывановіч. 9-класніца Вераніка
Макаловіч нагадала аб 110-годдзі пачатку
творчасці Якуба Коласа (дарэчы, у трылогіі
“На ростанях” будучы пясняр увекавечыў
сям’ю свяшчэнніка, які ў пачатку ХХ
века пабудаваў у Лунінцы храм, стаўшы
ўпрыгожаннем горада). Гэтыя і іншыя
лунінецкія гімназісты разам з настаўніцай
Ірынай Грушэўскай добраахвотна дапамагалі
арганізацыі масавага відовішча. Вядучымі
былі бібліятэкар гімназіі Ірына Раманчук
і настаўніца СШ №4 Святлана Карпінская.
Актыўны ўдзел прынялі культработнікі,
якія забяспечылі музычнае суправаджэнне
фестывалю, арганізавалі выставы кніг
з аддзела адказнага захоўвання цэнтральнай
бібліятэкі і старажытных ікон з фондаў
краязнаўчага музея.
Аб’яднаныя
любоўю, на сцэне Лунінецкага ГДК выступалі
людзі розных узростаў. Рэгент
Свята-Параскевінскага храма в. Бастынь
Мікалай Кезь хутка адзначыць 80-годдзе,
а харыстцы Спаса-Прэабражэнскага храма
в. Язвінкі Ані Коваль – толькі 8. Сёлета
завяршыўся зямны шлях Дар’і Луцук, якая
амаль 80 год спявала ў храме Нараджэння
Багародзіцы в. Лахва. Месца прабабулі
на клірасе занялі 9-гадовая Каця і
13-гадовая Даша, якія саліравалі ў дзіцячым
калектыве (рэгент Валянціна Скрабец).
Зладжанасцю гучання ўразілі 35 юных
харыстаў храма Нараджэння Іаана Прадцечы
г. Мікашэвічы (рэгент Яўгенія Ткачук).
Пеўчыя
храма святых Веры, Надзеі, Любові і Сафіі
в. Багданаўка духоўны рэпертуар
разнастаілі фальклорам і інсцэніроўкай.
Праваслаўная моладзь далучылася да
больш вопытных спевакоў храмаў
Спаса-Прэабражэнскага в. Дзятлавічы,
Свята-Пакроўскага в. Вялікія Чучавічы,
Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх
в. Красная Воля. Асаблівую прыхільнасць
гледачоў выклікалі спевы харыстаў
Свята-Нікольскага храма в. Кажан-Гарадок
(рэгент Ірына Веляскевіч), двух калектываў
– “Мірніца” і “Любімічы” – храма
іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”
г. Лунінца (адпаведна Таццяна Круглік
і Алена Кавалевіч), ансамбля духоўных
спеваў “Логас” (Вольга Белавус), дзіцячай
і дарослай вакальных груп Крыжа-Узвіжанскага
храма г. Лунінца. Рэгент Таццяна Мартынава
зачаравала дзіўным голасам не толькі
ў царкоўных спевах, але і як салістка
народнага аркестра народных інструментаў
(мастацкі кіраўнік Наталля Юрцэвіч).
Калі таленавітая спявачка выконвала
песню Пятрова “На кургане”, немагчыма
было ўстрымацца ад слёз... Велікоднае
пераможнае лікаванне душы ўвасобілася
ў ігры на балалайцы Мікалая Кавалевіча,
які з аркестрам выканаў канцэртныя
варыяцыі Гарадоўскай на тэму рускай
народнай песні “Калінка”.
Таццяна
КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.
Комментарии
Отправить комментарий