Сямейная рэліквія


Конкурс сачыненняў на гэту тэму, які летась упершыню быў праведзены ў гімназіі г. Лунінца, сёлета стаў агульнараённым.

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму справу падтрымала метадыст ВМК Алена Іванаўна Юрко, за што ёй шчыра ўдзячны. Няхай не так многа настаўнікаў прапанавалі сваім вучням творча паразважаць над духоўнымі каштоўнасцямі роду, тым не менш, адгукнуліся 10 юных жыхароў.
Аб добрых сямейных традыцыях напісалі лунінецкія гімназісты: Цімур Скамейка і Марыя Хаменка з 6 “Б” класа, Ганна Нагорная і Раман Жук – з 5 “Б”. Вучні адзначаны сертыфікатамі ўдзельнікаў творчага конкурсу.
Тлумачальны слоўнік дае такое вызначэнне: “Рэліквія – асабліва шануемы прадмет, які захоўваецца як памяць аб мінулым”.
Шчырымі расповядамі аб каштоўнасцях роду – не столькі ў матэрыяльным сэнсе, колькі дарагімі для душы дакрананнем да рэчаў некалькіх пакаленняў, падзяліліся вучні 5 “Б” класа гімназіі г. Лунінца Яраслаў Коваль, Марына Наварыч, Аліна Стахміч і Любоў Яраховіч (кіраўнік гуртка “Асновы праваслаўнай культуры” бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук). Дзеці адзначаны Падзячнымі лістамі.
Пераможцамі творчага конкурсу прызнаны вучаніца 7-га класа Краснавольскай яслі-сад СШ (настаўніца Наталля Васільеўна Макейчык) і вучаніца 9-га класа СШ №2 г. Лунінца Марыя Пятрэнка (настаўніца Святлана Іванаўна Максімовіч).
Узнагароды ўручыў настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
На здымках: фрагменты правядзення цырымоніі ўзнагароджання “Так ідуць да зор” у гімназіі г. Лунінца; айцец Сергій разам (справа налева) з галоўным урачом Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы Ігарам Леанідавічам Неварам і дырэктарам гімназіі Аляксандрам Аляксандравічам Грушэўскім, а таксама разам з гімназістамі, адзначанымі ўзнагародамі. 

Публікуем сачыненні, якія адзначаны ўзнагародамі, на нашым сайце:


КАШТОЎНАСЦІ З КУФЭРКА
Памяць – аснова маральнасці. Зберагчы памяць – гэта наш маральны абавязак перад самім сабой і нашчадкамі. Памяць – наша багацце”.
Гэтыя словы акадэміка Дзмітрыя Ліхачова лічу эпіграфам да сачынення. Расповед прысвячаю памяці, якая перадаецца ўжо 4-му пакаленню нашай сям’і.
Мой любімы занятак у вольны час – зазірнуць у куфэрак прабабулі. Яна, Вера Нічыпараўна Богдан, гадзінамі магла расказваць пра кожную рэч – аб гэтым успамінае мая мама. Асаблівае месца ў куфэрку займаюць здымкі, узнагародныя кніжачкі і франтавыя лісты майго прадзядулі.
У каторы раз гляджу на фота. Прадзед такі малады, прыгожы, высокі. І заўсёды ўсміхаецца… Іншым яго не ведаю. Побач – прывабная дзяўчына, якая хавае шчаслівы твар у букеце бэзу. Гэта – прабабуля. Калі яна прыгадвае час маладосці, уяўляю гэта так яскрава, што, здаецца, нават кветкавы водар разліваецца па пакоі. Да аблічча прадзеда пяшчотна дакранаюся далонню. Гэта – яго адзінае адлюстраванне…
У Вялікую Айчынную Мікалай Фадзеевіч Богдан ваяваў на фронце. Дзякуючы лістам, што ўсё жыццё зберагала сям’я, даведваюся аб яго баявым шляху. Зімой 1945-га прадзед удзельнічаў у баях за вызваленне Польшчы. 1 лютага быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталях спачатку Львова, потым – Кіславодска. Там і сустрэў Перамогу. У адным з лістоў напісана: “Хацеў дайсці да Берліна, але варожая куля спыніла мой шлях. А, можа, проста наканавана было застацца ў жывых?..”. Сярод узнагарод прадзеда – медалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”, ордэны Айчыннай вайны – ІІ і І ступеняў.
Калі прадзед вярнуўся дамоў, пачуў проста неверагодную гісторыю, што здарылася з яго сям’ёй. У час акупацыі захопнікі вывозілі людзей на прымусовую працу ў Нямеччыну. Аднойчы ў чорны спіс трапіла і прабабуля з двума дзецьмі. Эшалон з няшчаснымі вяскоўцамі ішоў на захад. Але перад станцыяй Ашмяны партызаны падарвалі рэйкі, таму цягнік спыніўся. Так маім продкам пашчасціла апынуцца ў адной з вёсачак на Гродзеншчыне, дзе і перачакалі ваеннае ліхалецце. Пасля вызвалення вярнуліся ў родную Красную Волю. Дом быў спалены, сядзіба разрабавана. Прабабуля з дзецьмі пасяліліся ў зямлянцы, дзе і дачакаліся вяртання свайго пераможцы. Здавалася, разам пераадолеюць усе нястачы. На жаль, франтавыя раненні нагадвалі аб сабе, і прадзеда хутка пахавалі…
Дзеці выраслі, кожны знайшоў сваё месца ў жыцці, стварыў сваю сям’ю. І ўжо ўнукам Мікалая Фадзеевіча Богдана перайшлі ў спадчыну яго франтавыя лісты і ўзнагароды. А разам – нявыказаны, але ўсвядомлены і мной, праўнучкай, запавет: берагчы і Радзіму, і памяць пра свой род.
Дар’я БЯРОЗКА, вучаніца 7-га класа Краснавольскай яслі-сад СШ

***
 

МУЗЫЧНАЯ ДЫНАСТЫЯ
Важна ведаць свае карані – асобнаму чалавеку, сям’і, народу. Тады і паветра, якім дыхаем, будзе гаючым і смачным, даражэйшай стане выгадаваўшая нас зямля”.
Надзвычай дакладна сказаў Васіль Пяскоў! Калі стала пісаць сачыненне на конкурс, словы журналіста былі маім своеасаблівым дэвізам.
Якім быў мой прадзед? Не ведала яго. З пажаўцеўшага фотаздымка глядзіць сур’ёзны малады чалавек. Добра, што ёсць бабуля Вольга, яго дачка, якая з задавальненнем прыгадвае аб сваім бацьку.
На наступны год Якаў Іосіфавіч Якубовіч мог бы адзначыць 100-годдзе. На жаль, даўно ўжо жыве толькі ў сэрцах родных. Выхадцу з сялянскай сям’і, дзе гадавалася шасцёра дзяцей, яшчэ да вайны пашанцавала ўладкавацца ў паравознае дэпо. Разам з аднавяскоўцамі з Дрэбска дабіраліся на работу ў Лунінец на цягніку. У той час людзі любую справу выконвалі з песняй. Тады і праца здавалася лягчэйшай, хутчэйшай, жаданейшай.
Сярод сяброў бясспрэчным запявалам быў мой прадзед. Аднойчы, у чаканні цягніка, зацягнулі песню прама на пероне. Вакол спевакоў сабралася шмат народу. Адзін з “гледачоў” настойліва стаў запрашаць прадзеда ў прафесійны калектыў, якім кіраваў. Але Якаў Іосіфавіч адмовіўся – дома ў яго ўжо гадаваліся малышы.
На жаль, ваенны і пасляваенны час перашкодзіў марам прадзеда перадаць дзецям сваё захапленне, каб атрымалі спецыяльную адукацыю. Але калі падраслі ўнукі, па яго настаянню бацькі аддалі іх у музычную школу. Чацвёра прадстаўнікоў сям’і вывучылі нотную грамату і авалодалі ігрой на розных інструментах. Гэтаму таксама спрыяў прадзед – набыў нятанна каштуючыя фартэпіяна і тры баяны. Яны былі яму непадуладныя, таму прадзед толькі пяшчотна гладзіў рукой. Нам здаецца, што інструменты захоўваюць цяпло яго душы, таму і лічым іх сямейнымі рэліквіямі.
Музычную адукацыю ў школе, а потым і ў вучылішчы набылі наша мама і яе сястра Наталля. Яна сталі прафесійнымі музыкантамі.
Нядаўна і я закончыла Лунінецкую дзіцячую школу мастацтваў, захапляюся ігрой на фартэпіяна. Сёлетняя выпускніца ДШМ – мая сястра Вольга, а брацік Міколка яшчэ вучыцца ў эстэтычным класе.
Калі выходзім на сцэну, упэўненасці надае ўяўная падтрымка прадзеда і непасрэдная – бабулі, Вольгі Якаўлеўны Якубовіч, а таксама мамы. Яны сядзяць сярод гледачоў у зале, ганарацца юнымі артыстамі. І ўсе разам мы быццам трымаем справаздачу перад зачынальнікам музычнай дынастыі нашага шматлікага і паважанага роду.
Марыя ПЯТРЭНКА, вучаніца 9-га класа СШ №2 г. Лунінца.

***
Заручальны пярсцёнак
Калі мой прадзед знайшоў абранніцу лёсу, папрасіў выйсці за яго замуж. Пры гэтым падарыў ёй пярсцёнак з чырвоным каменьчыкам. Нявеста згадзілася на шлюб, таму што пакахала маладога чалавека. І хаця сям’і давялося вытрымаць выпрабаванні вайной, муж і жонка пражылі шчаслівае жыццё.
З цягам часу прабабуля Марыя перадала заручальны пярсцёнак дачцэ. На жаль, мая бабуля Любоў памерла рана. Але яна паспела перадаць спадчынную каштоўнасць сваёй 18-гадовай дачушцы і папрасіла зберагчы пярсцёнак.
Маёй матулі ён вялікі, таму і захоўваецца ў куфэрку. Калі мама дастае пярсцёнак, на яе вачах паяўляюцца слёзы плача ад сумных успамінаў сіроцтва. Але сямейная рэліквія быццам напоўнена добрай энергетыкай. Мама гаворыць, што пярсцёнак дапамагае справіцца з цяжкасцямі, надае сілы жыць далей.
Ведаю, што стану гаспадыняй каштоўнасці – не столькі ў матэрыяльным сэнсе, колькі значнай для душы сваёй прыналежнасцю да некалькіх пакаленняў сям’і. Гэты момант адбудецца ў дзень майго 16-годдзя. З радасцю прыму гэты дарунак і пастараюся, каб гісторыя пярсцёнка, што насычаны каханнем, на мне не спынілася.
Любоў ЯРАХОВІЧ, вучаніца 5 “Б” класа гімназіі г. Лунінца.

СЯМЕЙНАЯ РЭЛІКВІЯ
Серабро як сувязь часін
Аднойчы звярнуў увагу на сярэбраны пярсцёнак на пальцы ў таты. Ён заўважыў маю цікавасць і расказаў незвычайную гісторыю. Аказваецца, калі яму было 15 год, бацька даў сціплы абручык і сказаў: “Беражы яго, таму што гэта – падарунак мне ад твайго дзеда”. Так я даведаўся, што ў нашым родзе сярэбраны пярсцёнак перадаецца ад бацькі да сына. І ўжо на працягу шматлікага часу ў кожным новым пакаленні нараджаецца хлопчык, які ў 15 год становіцца ўладальнікам сямейнай рэліквіі.
Калі дасягнеш гэтага ўзросту, – працягнуў расповед тата, – атрымаеш пярсцёнак у якасці падарунка. Гэта – увасабленне духоўнай сувязі пакаленняў. Ці разумееш, якая адказнасць пры гэтым ускладаецца на чалавека? Трэба не проста “акальцаваць” палец, а стаць пераемнікам каштоўнасцей роду”.
Пасля той размовы, калі гляджу на татаў пярсцёнак, лічу яго чароўным. Цяпер мне 11 год. Адчуваю, што нельга проста чакаць. За некалькі год трэба паспець зрабіць шмат, каб стаць годным такога падарунка!
Яраслаў КОВАЛЬ, вучань 5 “Б” класа гімназіі г. Лунінца.

СЯМЕЙНАЯ РЭЛІКВІЯ
Каштоўнасць – ручнік
У спадчыну ад продкаў у нас захоўваецца ручнік. Ён быў вытканы рукамі маёй прабабулі Алены. Яна рыхтавала сялянскае багацце ў пасаг сваёй дачцэ і падарыла ручнік на вяселле маёй бабулі. Праз пэўны час беражліва захоўваемае палатно спатрэбілася маім матулі і бацьку – яны стаялі на гэтым ручніку ў царкве падчас вянчання.
На тонкім палатне – дзіўны узор з абодвух бакоў. Ромбы вышыты чырвонымі ніткамі, а знізу ручнік аздоблены белымі карункамі. Гляджу на гэту прыгажосць і ўяўляю, якой спрытнай майстрыхай была мая прабабуля. Сваё майстэрства перадала сваёй дачцэ. Бабулінымі ручнікамі карыстаемся на вялікія святы, калі сустракаем гасцей.
Мне вельмі хочацца навучыцца вышываць так, як гэта рабілі мае продкі. Гэта будзе і памяць пра іх, і, магчыма, папаўненне калекцыі сямейных рэліквій.
Марына НАВАРЫЧ, вучаніца 5 “Б” класа гімназіі г. Лунінца.

СЯМЕЙНАЯ РЭЛІКВІЯ
Каханне перамагло вайну
Калі яшчэ была дашкольніцай, сярод маміных рэчаў мой позірк прыцягнуў прыгожы чырвоны куфэрак на верхняй паліцы шафы. Падцягнула крэсла і палезла наверх.
Зразумела, куфэрак упаў прама на мяне, а потым на падлогу. Мама моцна насварылася на мяне, хаця я ніяк не магла зразумець, чаму: нішто ж не разбілася!
Потым я пасталела. Аднойчы мама паклікала мяне і сама раскрыла гэты таямнічы куфэрак. Там было многа медалёў круглай формы і ордэны – у выглядзе зорак. Мама расказала, што гэта – баявыя ўзнагароды яе дзеда: “Ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Аднойчы атрымаў цяжкае раненне. Хто ведае, ці выжыў бы, калі б ў шпіталі не быў пад наглядам чулай клапатлівай медсястрычкі. Пасля Перамогі яна стала яго жонкай. І ўвесь час дзед казаў, што яго ўзнагароды па праву належаць і бабулі…”.
Доўга знаходзілася пад уражаннем матулінага расповяду. Здавалася, вайна раз’ядноўвае сем’і, прыводзіць да страты блізкіх. А ў нашым родзе агульная трагедыя злучыла два сэрцы. Каханне перамагло вайну!
Сваіх прадзеда і прабабулю бачыла толькі на фотаздымках. Захоўваю ў душы памяць аб усім пакаленні пераможцаў, дзякуючы якім жывем пад мірным небам. А ваенныя ўзнагароды будуць нагадваць не толькі аб подзвігах, але і аб гісторыі кахання, што паклала пачатак нашай вялікай і дружнай сям’і.
Аліна СТАХМІЧ, вучаніца 5 “Б” класа гімназіі г. Лунінца.

 

Комментарии