Легенды нашага часу


ІІ праваслаўна-краязнаўчыя чытанні “Да вытокаў сваіх вяртаемся” адбыліся ў цэнтральнай бібліятэцы горада над Пінай з удзелам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана.
Выступленні свяшчэннікаў, прысвечаныя пастырам мінулых год, сцвярджалі неаспрэчную ісціну: той, хто аддана служыць сваёй справе, сапраўды навечна застаецца ў памяці народа. Іерэй Канстанцін Шалудзька (храм Святога Духа в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага благачынія) паведаміў аб прападобнамучаніку Серафіме Жыровіцкім (у свеце Раман Шахмуць), 115-годдзе якога адзначаецца сёлета... На 10 год старэйшыя дзве духоўныя асобы, якім таксама выпаў цярністы шлях жыцця. Протаіерэй Сергій Рабой (Свята-Варварынскі храм г. Пінска) сабраў звесткі аб дыякане Свята-Крыжаўзвіжанскага храма г. Лунінца Іаане Сабалеўскім. Ён быў рэпрэсіраваны ў 1940-ым, затым праз Іран і Англію апынуўся ў ЗША. Рукапаложаны ў свяшчэнніка, служыў у адным з храмаў Замежнай Рускай Праваслаўнай Царквы… Госць з Украіны – протаіерэй Павел Дубінец (Свята-Параскевінскі храм в. Марочна Зарэчнянскага благачынія Сарненска-Ровенскай епархіі) расказаў аб сваім папярэдніку. Вячаслаў Наўроцкі, афіцэр царскай арміі Першай сусветнай вайны, стаў свяшчэннікам у перыяд Польшчы, служыў Богу ў складаны час Вялікай Айчыннай. Сумленнасць, адданасць прыхажанам, вытрымка і пачуццё годнасці ў любой сітуацыі дапамаглі бацюшку захаваць дыпламатычнасць у адносінах і з акупантамі, і з бандэраўцамі, і з партызанамі. Апошнія пасля вайны стрымлівалі імкненне атэістычнай улады расправіцца са “служыцелем культа”. Толькі пасля смерці айца Вячаслава храм быў закрыты. Кранулі факты дачынення свяшчэнніка, які дагэтуль шануецца на ўкраінскім Палессі, да беларускага краю: у пачатку 1920-ых гг. ён быў настаўнікам Закона Божага ў школе вёскі Вулька ІІ, у канцы – падпісаў дакументы аб “пераўступцы” старога драўлянага храма царквы ў Лунінцы (калі ў горадзе быў пабудаваны ўжо новы цагляны будынак храма) прыходу вёскі Хойна, які ўзначальваў… У Лагішыне пад Пінскам 105 год таму нарадзіўся архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін (Хоміч). Аб Уладыку, якому прысвечана кніга “Жыццё ў малітве і любові”, паведаміла ветэран працы – былы мясцовы бібліятэкар Таццяна Плешка... Прэзентацыю аб Свята-Нікольскім храме в. Кажан-Гарадок падрыхтавала бібліятэкар Лунінецкага політэхнічнага каледжа Вера Скіба. Завяршаючы выступленне аб перліне палескага дойлідства, яна звярнулася да Ўладыкі Сцяфана:
Ужо другому пакаленню нашых прыхаджан вядома легенда, якую вас, Ваша Высокапрэасвяшчэнства, прашу абвергнуць ці пацвердзіць…
Вера Яўгенаўна пачала расказ, і хутка архіерэй з усмешкай сам прыгадаў той выпадак, што адбыўся ў Кажан-Гарадку ў пачатку 1990-ых гг. Накіраваўшыся на прастольнае свята, Уладыка праязджаў уздоўж палеткаў, на якіх старанна рупіліся мясцовыя жанчыны. Загадаўшы вадзіцелю спыніць аўтамабіль, архіерэй падышоў да калгасніц і звярнуўся з простымі словамі:
Сёння праваслаўны свет адзначае такое вялікае свята, а вы на полі працуеце…
Зрабіўшы заўвагу, вярнуўся да свайго маршруту. У храме ва ўрачыстым аблачэнні служыў Боскую Літургію, калі пачуўся незразумелы шум, але хутка сціх. Пасля службы Уладыку растлумачылі прычыну часовай мітусні. Аказваецца, у царкву адначасова ўвайшла вялікая група жанчын, якія адразу ўкленчылі каля храмавай іконы. На цікаўныя погляды аднавякоўцаў шэптам расказвалі:
Сам Свяціцель Мікалай выгнаў нас з поля, каб наведалі царкву…
Педагог-псіхолаг Пінскай гімназіі №2 Ганна Свірыдэнка на канкрэтых прыкладах разважала аб значэнні праваслаўнага краязнаўства ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Пачаўшы летась праект “Святыні нашай епархіі”, настаўніца разам з дзецьмі і іх бацькамі працягвае вандроўкі па благачыніях. Паломніцтвы адкрываюць свет неабыякавых людзей. Напрыклад, адзін наш зямляк у памяць загінуўшых франтавікоў узвёў храм на ўласным падворку, другі – стварыў музейную калекцыю ва ўласнай сядзібе. І юныя экскурсанты пачынаюць задумвацца над тым, які след пакінуць на роднай зямлі.
Ініцыятарам і арганізатарам чытанняў з’яўляецца Таццяна Баговіч – кіраўнік духоўна-асветнага цэнтра “Вытокі”, які дзейнічае пры Пінскай бібліятэцы. Яе намаганні актыўна падтрымлівае кіраўніцтва гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і Пінскай епархіі. Дзякуючы гэтаму, сустрэчы аднадумцаў становяцца сапраўднымі святамі душы і заклікаюць да яшчэ больш натхнённай працы ў славу легендарных асоб, што “праз цемру стагоддзяў свецяць” сучаснікам.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии