Альшанская святая, малі Бога за нас!

 У храме праведнай дзевы Іуліаніі, княжны Альшанскай в. Альшаны адбылося ўрачыстае набажэнства, што ўзначаліў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан.
Самая вялікая вёска Беларусі знаходзіцца ў Столінскім раёне і налічвае больш як пяць тысяч жыхароў. І храм тут можна назваць унікальным. Не толькі таму, што, адзін з двух у нашай краіне, асвячаны імем праведнай дзевы (другі – дамовая царква – знаходзіцца ў Слонімскім духоўным вучылішчы). Гэта – першы храм на тэрыторыі былога СССР, які дазволілі ўзвесці ў пасляперабудоўчы час, – будаўніцтва завяршылася ў 1987-ым.
Літургія захапіла мноствам адметнасцей. Малітоўна ўшанавалі святую не толькі жанчыны, якія звычайна пераважаюць у прыходах, але і значная колькасць мужчын. Прыхаджане саборна выконвалі “Верую” і “Ойча наш”, а таксама іншыя песнапенні, што прыгожа пачынаў царкоўны хор. Асаблівае замілаванне выклікалі дзеці. Больш за дваццаць падлеткаў з гонарам прыслужвалі духавенству. Яшчэ перад пачаткам літургіі прыцягнула размова дзвюх дзяўчынак старэйшага школьнага ўзросту.

–Паглядзела ў інтэрнэце звесткі пра святую Іуліанію Альшанскую. Яна праславілася 450 год таму. Даты жыцця – 1550-1566-ы.
–Таксама пазнаёмілася з жыццём святой. Складана асэнсаваць: праведная дзева Іуліанія, княжна Альшанская, пражыла толькі 16 год і стала святой!
–І мне хутка 16 год. Як хочацца адпавядаць хрысціянскім дабрадзеям, што мела будучая святая…
Сапраўды, у стагоддзях захаваліся рысы ўнутранай прыгажосці душы Іуліаніі Альшанскай. Гэта цнатлівасць, паслушанне бацькам, добрыя адносіны да бедных і гаротных, справы дабрачыннасці. Таму святую і называюць першай памочніцай у вылячэнні хвароб душы… Захоўваючы Божыя запаведзі, дэманструючы высокія хрысціянскія якасці, праведная дзева спасцігла вяршыні духоўнага ўдасканалення. Са святых жанчын Рускай Праваслаўнай Царквы Іуліанія Альшанская другой удастоена гонару быць пахаванай ў Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе знаходзяцца яе нятленныя мошчы. Ім пакланіўся сёлета, у дні вялікага посту, настаяцель храма іерэй Іаан Гарбуноў, які ажыццявіў паломніцтва ў абіцель.
Дзецям дазволена разважаць над тым, што трэба выконваць Запаведзі Божыя, што і ў 16 год можна заслужыць вялікую міласць Нябёсаў. За ўзор у жыцці святую Іуліанію Альшанскую бяруць многія дарослыя. У Пінскай епархіі ўстаноўлены медаль у гонар праведнай дзевы, якім адзначаюцца верніцы за адданасць хрысціянскаму служэнню. Адна з узнагароджанных – жонка настаяцеля храма мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі в. Багданаўка Лунінецкага благачынія Вольга Вабішчэвіч. Сёлета матушка была сярод паломнікаў у Альшанах. Яна адзначыла, што асабліва ўражана майстрам з Мінскай школы званароў, які меладычным гучаннем суправаджаў знакавыя моманты Боскай Літургіі.
Уладыку Сцяфану саслужылі дваццаць тры свяшчэннікі, протадыякан, два дыяканы з шэрагу благачыній Пінскай і іншых епархій. Хрэсны ход па царкоўным двары духавенства здзяйсняла з букетамі руж і хрызантэм, што ўручылі прыхаджанкі. Кроплі святой вады на шчаслівых тварах вернікаў своеасабліва працягнулі стан благадаці, атрыманай у храме пад час урачыстастага набажэнства ў гонар 450-годдзя прастаўлення святой…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии