Малітва над возерам

У Свята-Барыса-Глебскім храме в. Лунін архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан узнагародзіў удзельнікаў ІІ злёта праваслаўнай моладзі “Маранафа”.

48 юных прыхаджан сямі прыходаў Пінскага і Лунінецкага благачыній, якія ў суправаджэнні 12-ці дарослых тры дні правялі на беразе жамчужыны Палесся, могуць адрасаваць навакольным жартоўныя вершы Пімена Панчанкі:
“Вы былі на Белым возеры ці не?
Не былі? Дык не кампанія вы мне!”…
Нягледзячы на тыповасць назвы, наша возера Белае – адно з двух у Беларусі (разам са Свіцяззю ў Карэліцкім раёне) з рэліктавай раслінай лабелія Дортмана, што ахоўваецца нават у Еўрапейскім Саюзе. На сасне ў зялёным боры, што акружае блакітнае люстра, прымацавалі ікону Хрыста Збавіцеля, каля якой чыталі ранішняе і вячэрняе правілы. Як слушна заўважыла кіраўнік вялікай каманды Пінскага благачынія Ганна Анатольеўна Свірыдэнка (педагог-псіхолаг гімназіі №2 г. Пінска), малітвы гучалі не толькі каля абраза Госпада – сама навакольная прырода была іконай, да якой у думках звярталіся з просьбай аб захаванні тварэння Божага…


У першы дзень – “Экалогія душы” – правялі ўборку ўзбярэжжа і інтэрактыўную гульню “Палескія рабінзоны”. На наступны – даказвалі, што “Здаровы дух – у здаровым целе”, і спаборнічалі ў спартыўным арыентаванні, тэхніцы пешаходнага турызму, веласпорце, грэблі на байдарках. Не перадаць словамі і асалоду звычайнага плавання ў празрыстай вадзе… На актыўныя дзеянні настройвалі тэматычныя духоўныя гутаркі. Іх правялілі кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Пінскай епархіі іерэй Віктар Сачкоўскі, а таксама протаіерэй Сергій Чыж (Спаса-Прэабражэнскі храм в. Язвінкі) і іерэй Іаан Пятрэнка (Свята-Параскевінскі храм в. Бастынь) – каманды гэтых прыходаў удзельнічалі ў “Маранафа”. Прадстаўнікоў Лунінца ўзначалілі: ад Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы – Руслан Пятрэнка (слесар ТЭЦ), ад храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) – Ірына Аляксандраўна Грушэўская (настаўніца гімназіі), якая была і агульным кіраўніком злёту.
Сасна з іконай быццам асвяшчала вогнішча, на якім “анёл-карміцель” – так называлі падлеткі Ірыну Пятроўну Раманчук (бібліятэкар гімназіі г. Лунінца) – гатавала смачныя сняданкі, абеды, вячэры. Маме дапамагалі сыны Андрэй і Сяргей (адзін – студэнт, другі – малады спецыяліст, які дзеля агульнай справы ўзяў кароткатэрміновы водпуск). Прыцягненнем вечароў быў касцёр, каля якога правялі псіхалагічны трэнінг “Давайце пазнаёмімся” і конкурс духоўных песняў “Цудоўнае далёка” (дарэчы, славутая мелодыя з кінафільма “Госця з будучыні” стала гімнам злёту, а радкі з песні – “Я клянусь, что стану чище и добрее, и в беде не брошу друга никогда…” – дэвізам удзельнікаў).   
 
Патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай злучала складнікі праграмы. Усклалі кветкі да помніка вёсцы Белае Возера, якая 19 студзеня 1944 года была знішчана фашыстамі і не адноўлена пасля вайны. Аб трагедыі паселішча расказаў гімназіст Станіслаў Благадзёраў (Лунінец). У Луніне ўшанавалі памяць загінуўшых лётчыкаў Першай сусветнай вайны, якія пахаваны на царкоўным пагосце. У той час, 100 год, у нашых мясцінах служыў і рускі паэт Аляксандр Блок. Кнігу аб ім напісаў пісьменнік-зямляк Мікалай Калінковіч (1950-1990). Літаратурную віктарыну правяла бібліятэкар з Луніна Лідзія Кірылаўна Цімашэй, а пераможцам яе стаў гімназіст Цімафей Хоміч (Пінск). Правядзенню шэрагу акцыі злёту спрыялі кіраўнік раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Іванавіч Жураўлёў і старшыня Лунінецка-Ганцавіцкай аргструктуры ДТСААФ Барыс Іванавіч Гнедзька, якога 6 жніўня віншавалі з днём анёла і дарылі спевы “Многая лета”.


Святочную літургію правёў Уладыка Сцяфан у саслужэнні духавенства на чале з благачынным цэркваў Лунінецкай акругі протаіерэем Васіліем Дужаком. Благаславеннем свяшчэнніка адбыўся злёт, праграму якога зацвердзіў аддзел адукацыі, спорту і турызму (удзячны в.а. начальніка Наталлі Аляксандраўне Цяльпук і метадысту Алене Іванаўне Юрко). Вернікі розных узростаў ушаноўвалі памяць князёў Барыса і Глеба – першых святых мучанікаў Рускай Праваслаўнай Царквы, На працягу ўжо больш як тысячагоддзя яны застаюцца прыкладам самаахвярнасці дзеля яднання Айчыны і ім прысвячаюцца жнівеньскія сустрэчы праваслаўнай моладзі…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии