“…А з жыта валошкі дарылі сяброўкам”


У Лунінцы сабраліся выпускнікі розных год школы-інтэрната. 

Ініцыятарам сустрэчы стала Валянціна Казярская з расійскага Чэрапаўца. Праз інтэрнэт яна знайшла ў Століне аднакласніка Валерыя Вярэніча. Калі да іх далучылася лунінчанка Святлана Трухнова, гэта надало ўпэўненасці ў паспяховасці няпростай справы.
Выпуск нашых землякоў – 1967-ы, мой – 1974-ы, – адзначае Святлана Сяргееўна. – Мы не абмяжоўваліся пэўнай датай. Запрашалі ўсіх былых інтэрнатаўцаў…
Адгукнуліся каля 30-ці чалавек, у ліку якіх Аляксандр Шворын – выпускнік-1966. Прыехалі жыхары не толькі нашага раёна, Пінска і Пружан, Брэста, але і з шэрагу гарадоў Расіі і Латвіі. У храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) ушанавалі памяць настаўнікаў, выхавальнікаў, работнікаў абслуговага персаналу і вучняў, якія ўжо завяршылі зямны шлях. Па сцяжынцы прайшлі праз дэндрапарк, прыгадваючы, якое тут каласілася жыта, дзе хлопчыкі збіралі валошкі для свайго “першага кахання”. Перад вялікім дваром з дарагімі сэрцу будынкамі вучэбнага і спальнага карпусоў успаміны захлыналі немаладых людзей, якія разам вярталіся ў сваю маладосць. А далей іх наогул чакаў прыемны сюрпрыз: на ганку цяперашняй гімназіі сустракалі 7-класнік Станіслаў Благадзёраў з караваем і дзяўчынкі-11-класніцы з фірменнымі шалікамі. Кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Ірына Аляксандраўна Грушэўская паэтычна вітала гасцей:
Вы заўсёды знойдзеце цёплы прыём і шчырую ўвагу цяпершніх насельнікаў былога інтэрната. Адчувайце сябе такімі ж, як нашы дзеці, гаспадарамі школы, “земляне мои, дорогие мои земляки”…
Своеасаблівым ланцужком, што звязвае былыя пакаленні і сучасных вучняў, стала Людміла Емяльянаўна Кірыковіч, якая раней выкладала геаграфію, а цяпер – выхавальнік. Былыя выпускнікі пажадалі моцы духу яе маме Таццяне Іосіфаўне, якую памятаюць па працы бібліятэкарам, і разам пайшлі па кабінетах, дзе ў свой час набывалі “разумнае, добрае, вечнае”. У актавай зале спальнага корпусу доўга праглядалі фотаальбомы, якія захавала настаўніца, і прыгадвалі радасныя імгненні школьнага дзяцінства. Усе адзначалі: абдзеленым лёсам дзецям пашчасціла на сапраўдных настаўнікаў, якіх дагэтуль успрымаюць як родных людзей… Потым успаміны працягнуліся ў кафэ “Апачынак”. Арганізатары прадумалі і настальгічна-жартоўныя (“прыём у піянеры”), і шчымліва-прачулыя (“ушанаванне юбіляраў”) старонкі ўрачыстага застолля, дзе галоўнай стала “духоўная ежа”, наталіўшая прагу доўгачаканай сустрэчы…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии