"Гісторыя - падручнік жыцця"

Так лічыў славуты навуковец Васіль Ключэўскі (1941-1911) яго памяць ушанавалі ўдзельнікі VII навучаючага місіянерскага семінара, што адбыўся ў Лунінцы.
 Прыўзняты тон сустрэчы сваім шчырым вітаннем задаў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, які высока ацаніў ролю славутага гісторыка і багаслова. Разам з Уладыкам у прэзідыум былі запрошаны благачынныя – пінскі, протаіерэй Канстанцін Балакай, сакратар епархіі, і лунінецкі – протаіерэй Васілій Дужак, які садзейнічаў арганізацыі сустрэчы. Вялікая зала Лунінецкага ГДК гасцінна прыняла амаль 80 свяшчэннікаў – прадстаўнікоў Лунінецкай, Іванаўскай, Пінскай і Столінскай благачынных акруг, а таксама настаўнікаў шэрагу гарадскіх школ. На завяршэнне яго ўдзельнікі праглядзелі відэафільм, створаны праграмай “Існасць” тэлеканала БТ-1 аб Свята-Крыжа-Узвіжанскім храме г. Лунінца.
Семінар меў на мэце гісторыю і гістарычную навуку. Напачатку яго арганізатар – кіраўнік місіянерскага аддзела Пінскай епархіі, кандыдат багаслоўя, протадыякан Андрэй Гарбуноў (Свята-Пакроўскі храм г. Баранавічы) выклаў сваё бачанне сэнсу духоўнага жыцця і метадаў “настройвання” на яго на мностве звычайных, але цікавых прыкладаў. Айцец Андрэй завяршыў выступленне вершам Аляксандра Пушкіна “Прарок”. Гэта было своеасаблівае ўшанаванне Васіля Ключэўскага, многія прадбачанні якога спраўдзіліся ў пазнейшы час, і заклік ажыццяўляць запавет паэта: “Глаголом жги сердца людзей…”.
На біяграфіі В.О. Ключэўскага падрабязна спыніўся кандыдат багаслоўя, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі протадыякан Павел Бубноў (Свята-Георгіеўскі храм г. Баранавічы). Прэзентацыя занатавала здымкі сям’і сціплага сельскага свяшчэнніка, у якой нарадзіўся будучы карыфей навукі, дом у Пензе, дзе пасля смерці мужа і бацькі пражывалі Ключэўскія, а ў 1991-ым быў створаны мемарыяльны музей Васіля Осіпавіча і пазней – узведзены яму помнік. Выступоўца параіў сучаснікам чытаць пяцітомнік “Курса русской истории”, які дае адказы і на многія пытанні рэчаіснасці.
Шматлікія прыклады высокай духоўнасці В.О. Ключэўскага, які гістарычную навуку спасцігаў з расповядаў бабулі пра святых Рускай Праваслаўнай Царквы, прывёў госць з Магілёўскай епархіі – кандыдат багаслоўя, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка в. Лясная Слаўгарадскага благачынія протаіерэй Георгій Сакалоў. Аб значнасці асобы В.О. Ключэўскага сведчыць тое, што ён быў прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта, акадэмікам Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук, старшынёй Імператарскага Таварыства гісторыі і стражытнасцей, выкладаў у Маскоўскай духоўнай акадэміі, размешчанай у Троіца-Сергіеўскай лаўры.
Сёлетняя сустрэча даказала, што спадчына В.О. Ключэўскага запатрабавана і ў ХХІ стагоддзі. Адна з удзельніц, кіраўнік метадычнага аб’яднання выкладчыкаў гісторыі раёна, настаўніца СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Раманаўна Сладзінская выказала захапленне высокім адукацыйным узроўнем семінара. На яе думку, праграма адпавядала словам Васіля Осіпавіча: “Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”. Каштоўнейшы запавет кожнаму, хто нясе асветнае служэнне і ў школах, і ў храмах…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии