Авэ, Наталля і Эдуард…

V літаратурна-музычны фестываль «Зорка Наталлі», што праведзены ў гімназіі г. Лунінца, спалучыў імёны Наталлі Мурко (29.02.1952-31.12.2011) і Эдуарда Белавуса (11.09.1965-02.08.2016).
Па волі лёсу ў мінулую суботу адзначалася 40 дзён заўчаснай смерці выкладчыка школы мастацтваў, які ў сваёй творчасці спалучаў класіку, эстраду і духоўнасць. Безумоўна, прафесійныя музыканты могуць больш дакладна ацаніць грані таленту лепшага лунінецкага скрыпача. Але неабходна сказаць і аб высакароднасці душы Эдуарда Уладзіміравіча. На чале з ім узорны ансамбь “Канцэрціна” арганізаваў некалькі дабрачынных канцэртаў на карысць храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) у час яго ўзвядзення ў Лунінцы. Сярод шматлікіх узнагарод розных узроўняў выкладчык меў і Дыплом памяці лунінецкіх музыкантаў пачатку ХХ стагоддзя Матэусаў. Сімвалічная пераемнасць творцаў – скрыпка часоў Аўстра-Венгерскай імперыі, што належала А.І. Матэусу, стала рэліквіяй сям’і Белавусаў... У памяць аб сваім настаўніку выпускніца школы мастацтваў, гімназістка Аляксандра Елізава выканала пранікнённую “Мелодыю” Скорыка з кінафільма “Высокі перавал”.
Неаддзельны імёны Эдуарда Белавуса і Наталлі Мурко. Яна была салісткай “Канцэрціна”, часта выступала ў дуэце са скрыпачом. На першым дні яе памяці менавіта Эдуард Уладзіміравіч прапанаваў адкрыць у ДШМ музей славутых лунінецкіх настаўнікаў музыкі, каб увекавечыць дзейнасць спявачкі Наталлі Мурко, а таксама кампазітара Яўгена Куфайкіна і “бацькі хораў” Барыса Шчура. Цяпер у гэтым пераліку заўсёды будзе гучаць і яго імя. Гарманічнае сугучча таленавітых людзей – своеасаблівая пераклічка ў вечнасці...
Ведаем, як шмат абавязкаў у цяперашніх выкладчыкаў, але вельмі спадзяемся, што па поклічу сэрца, па загаду абавязку – і прафесійнага, і духоўнага, і асабістага – калектыў ДШМ зоймецца стварэннем музея школы. Памяць аб творцах натхняе паслядоўнікаў. Як сказаў паэт, гэта трэба не мёртвым – гэта патрэбна жывым...
Аб памяці ўсхвалявана гаварылі вядучыя сустрэчы – вучні 10 “А” класа Вікторыя Хвастова, Кацярына Калюціч, Аляксандра Елізава, Уладзімір Назараў, Дзмітрый Кішкевіч, Уладзіслаў Шабан. Гучалі відэазапісы Наталлі Мурко (хаця і аматарскія, яны ўсё ж захавалі незабыўнае аблічча і дзівосны голас спявачкі. Дыскі апрацаваў Сяргей Лышчык – бацька адной з гімназістак, функцыі аператараў выканалі 11-класнікі Аляксандра Прыгодзіч і Аляксандр Верас). Слёзы ў гледачоў выклікалі песні “Радость-душечка”, “Санта Лючыя”, “Буду ждать тебя”, “Авэ Марыя”.
Пад спевы Наталлі Мурко юныя танцоры ўзорнага ансамбля “Мірыданс” выканалі “Лунінецкі вальс”. Здольны лунінецкі харэограф Святлана Адамаўна Галка – вучаніца Я.Я. Куфайкіна, добра ведала і ўрача М.А. Прымчыка – аўтара слоў песні, якая застаецца любімай некалькімі пакаленнямі лунінчан.
Вядомы словы класіка, што “прыгажосць выратуе свет”. Кажуць яшчэ, што свет ператвараецца прыгажосцю, а таксама, што свет і выратуецца прыгажосцю. І ў гэтым пераконвае асоба Наталлі Мурко. Калі яна спявала, душа кожнага чалавека набліжалася да вышынь мастацтва. У прысутнасці Наталлі Іванаўны хацелася разважаць толькі пра “разумнае, добрае, вечнае”. Людзі, якія сутыкаліся са спявачкай, хацелі стаць крыху лепшымі, больш дасканалымі, проста імкнуліся да прыгажосці. Яе любілі не толькі ў Лунінцы – у дзесятках гарадоў шэрагу краін памятаюць таленавітую, сціплую і прыгожую жанчыну.
Сімвалічна, што пашыраецца кола людзей, якія знаёмяцца з творчасцю спявачкі. У гэты дзень гімназію наведалі госці з Ізраіля. Іосіф Шохат (Іерусалім), продкі якога жылі ў Мікашэвічах, адзначыў, што ўзяў жменю зямлі з малой радзімы сваёй маці, а ў сэрцы захавае спевы лунінчанкі, якая годна была выступаць на сцэнах славутых опер свету…
Дзякуючы Наталлі Мурко, усталяваны моцныя сувязі з вядомымі літаратарамі Беларусі, якія захапляліся яе “залатым голасам”. Сёлета гімназія прымала паэтку Інну Фралову, якая ўпершыню наведала Лунінец. Было цікава пачуць расказ аб святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Рагачове. На памяць вучням пакінуты фотаальбомы аб “калысцы” многіх нацыянальных творцаў, зборнік вершаў “Белы бераг” з аўтографам.
Пісьменнік (а таксама доктар юрыдычных навук, прафесар, спявак, проста вельмі паважаная асоба) Сяргей Трахімёнак падзяліўся ўспамінамі аб Наталлі Іванаўне, выканаў некалькі песен пад уласны акампанемент на гітары.
Ганаровымі гасцямі гімназіі былі і родныя Наталлі Іванаўны. Самая маленькая з чатырох унучак актыўна далучылася да фестывалю – уручала ўдзельнікам Дыпломы памяці Наталлі Мурко. Напярэдадні ў Цэнтры дзіцячай творчасці, дзе займаецца 6-гадовая Злата, была выстава творчасці юных гурткоўцаў. І сваімі малюнкамі юная мастачка ўшаноўвала памяць бабулі…
Адкрыў фестываль дырэктар Аляксандр Аляксандравіч Грушэўскі. У падрыхтоўцы праграмы ўдзельнічалі намеснік дырэктара Наталля Мікалаеўна Скамейка, бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук, класны кіраўнік 10 “А” Эдуард Паўлавіч Кунда, кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Ірына Аляксандраўна Грушэўская.
Пяць год таму 9 верасня Наталля Мурко была ганаровай госцяй гімназіі (тады яшчэ ліцэя). Спявала для педагогаў і вучняў свой любімы раманс “Зорка Венера”. Шануючы імя сёлетняга юбіляра – Максіма Багдановіча, быццам і ад лунінецкіх творцаў гучаў яго запавет…
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя,
папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі
i звадкі, боль i горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?”
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Сяргея Лышчыка.

Комментарии