Каласавіны ў Багданаўцы


“Людзі, услаўляйце Божую Праўду! Асвяці, Божа, люд неўспанялы…”

Радкі з паэмы народнага песняра стаў лейтматывам свята “Каласавіны” ў Багданаўскай СШ, прысвечанага 110-годдзю пачатку творчасці Якуба Коласа.
Літаратурны дэбют паэта адбыўся 1 верасня 1906-га. Спачатку ж Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч набыў педагагічную адукацыю, працаваў у школах Палесся. Сімвалічна, што сустрэча адбывалася напярэдадні Дня настаўніка. Тон ёй задала мясцовая настаўніца Вера Канстанцінаўна Ільючык, якая прааналізавала хрысціянскія матывы ў творах Якуба Коласа. Госці з шэрагу ўстаноў адукацыі раёна акцэнтавалі ўвагу на палескіх старонках жыцця, дзейнасці і ўшанавання імя нацыянальнага класіка.

Вучаніца 9 “А” класа СШ №2 г. Лунінца Марыя Зубік (кіраўнік Святлана Антонаўна Гардзіевіч) паведаміла аб наведванні Лунінца будучым пісьменнікам у 1903-1904 навучальным годзе. Вядома, што больш вывучаны перыяд знаходжання яго ў нашым горадзе ў 1911-1912 гг. Вершамі гэтага перыяду была прадстаўлена творчасць Якуба Коласа. Прыкрыя ўражанні засталіся ў народнага песняра ад навакольных людзей. Сумна не ад таго, што такімі былі палешукі 100 год таму, – шмат ад якіх заганаў не пазбавіліся і цяпер. Вершы чыталі навучэнкі каледжаў (іх падрыхтавалі бібліятэкары адпаведна Ніна Мікалаеўна Дамашэвіч і Вера Яўгенаўна Скіба). Насця Міхайлава (сельскагаспадарчы) з “Песняй п’янага” і Яна Канапацкая (політэхнічны) з “Вясною” заклікалі, каб словы паэта сталі навукай сучаснікам, “як не трэба рабіць, як не трэба жыць”…

9-класніцы Сінкевіцкай СШ Насця Гопта і Вераніка Капліч (кіраўнік Ларыса Мікалаеўна Пятровіч) выступленне прысвяцілі памяці аб Коласавай школе ў роднай вёсцы. Цікавыя даследаванні прадставілі і гімназісткі г. Лунінца. 10-класніца Марыя Каховіч (кіраўнік Валянціна Канстанцінаўна Казун) паказала бытавыя прадметы ў “Новай зямлі” як гістарычную спадчыну беларусаў, а 11-класніца Вераніка Макаловіч (кіраўнік Ірына Аляксандраўна Грушэўская) – прэзентацыю “Ўладыка i Пясняр”. Гэты летапіс сучаснасці адлюстраваў справы архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана па ўшанаванню памяці Якуба Коласа.
Па благаслаўленню архіерэя “Каласавіны” працягнуліся каля храма мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі – 30 верасня адзначалася прастольнае свята вёскі. Удзельнікі літаратурнай сустрэчы прынялі ўдзел у хрэсным ходзе, на завяршэнне якога Ўладыка Сцяфан вітаў малодшую ўнучку песняра – ганаровую госцю Багданаўкі. Для Веры Міцкевіч гэта была трайная ўрачыстасць: і дзень святых, што ўвасабляюць галоўныя хрысціянскія дабрадзейнасці, і дзень нараджэння бацькі Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча (які паявіўся на свет у Пінску, 30.09.1914-07.07.1996), стваральніка і першага дырэктара мемарыяльна-літаратурнага музея Якуба Коласа, і ўласны дзень анёла. Імянінніца прадставіла сваю кнігу, прысвечаную славутаму дзеду, што сёлета выйшла ў серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”. Першыя экземпляры выдання Вера Данілаўна ўручыла Ўладыку Сцяфану і настаяцелю храма протаіерэю Мікалаю Вабішчэвічу.
А затым пад блакітным небам у ззянні яркага сонца на празрыстым паветры восені загучалі вершы Якуба Коласа. Іх выконвалі лепшыя з васьмі фіналістаў чытальніцкага конкурсу – Станіслаў Верас (5-ы клас), Аліна Кавалевіч (9-ы), Дар’я Ільючык (10-ы). (Захапленне выклікалі і малюнкі здольных вучняў Багданаўскай СШ, прадстаўленыя на выставе ў школе, – госця з Мінска аддала перавагу 3-класніцы Вікторыі Савіч, якая адлюстравала “Палескія вобразы” Якуба Коласа).
Падарункам для ўдзельнікаў “Каласавін” стаў сумесны здымак з Уладыкам Сцяфанам, свяшчэннікамі, ветэранамі педагагічнай працы і сучаснымі настаўнікамі – усе яны з Верай, Надзеяй, Любоўю і мудрасцю вядуць нас да спасцігнення “Божай Праўды”.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии