Сумесная малітва

Настаўнік і вучань служылі акафіст іконе Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) ва ўганараваным гэтым імем храме.  
8 верасня Лунінец наведаў госць з Магілёўскай епархіі. Кандыдат багаслоўя, протаіерэй Георгій Сакалоў выступаў з дакладам на VII адукацыйным семінары місіянерскага аддзела Пінскай епархіі, што праводзіўся ў Лунінцы. Настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка в. Лясная з’яўляецца аўтарам фотаальбомаў аб славутасцях Слаўгарадскага раёна. У іх ліку – вёска, дзе знаходзіцца яго прыход (28 верасня 1708 года тут адбылося змаганне шведскага корпуса з рускімі войскамі пад камандаваннем цара Пятра Першага. Праз некаторы час ён канчаткова разграміў ворагаў, таму Ляснянская бітва і называецца “маці Палтаўскай перамогі”), а таксама святая Блакітная крыніца – адзіная ва Усходняй Еўропе ўнікальная мясціна, эталон чысціні падземных вод.
Ажыццявіўшы экскурсію па гістарычнаму цэнтру Лунінца і азнаёміўшыся са Свята-Крыжа-Узвіжанскім храмам, айцец Георгій накіраваўся на ўсходнюю ўскраіну горада. Былы выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі цікавіцца служэннем былых выхаванцаў. Адзін з іх – іерэй Сергій Крышталь. Свяшчэннікі адслужылі акафіст, а пасля паважаны госць падзяліўся асабістым дачыненнем да храмавай іконы.
Аказваецца, у атэістычны час яго дзяцінства ў роднай хаце не было абразоў. Калі ўсё ж бацькі ўсвядомілі неабходнасць духоўнай абароны сям’і, знайсці ікону было вельмі складана. Таму дарослыя вельмі радаваліся, калі здолелі атрымаць звычайнае некаляровае фотаадлюстраванне Багародзіцы з бледнымі зялёна-ружовымі фарбамі рэтушы. Значна пазней хлопчык даведаўся, што ікона мае назву “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). З таго часу айцец Георгій захаваў асабліва благагавейныя адносіны да гэтага абразу Божай Маці і быў шчаслівы служыць у новай лунінецкай царкве.
Настаяцель айцец Сергій падзякаваў свяшчэнніку за наведванне храма і сумесную малітву, выказаўшы спадзяванне на далейшыя сустрэчы з айцом Георгіем – вядомым даследчыкам гістарычнага і краязнаўчага мінулага Беларусі.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии