“Многи скорби праведным...”

Біблейскія словы адлюстравалі пакуты святых, дні памяці якіх адзначаюцца ў кастрычніку.

У інфармацыйна-асветным цэнтры іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) на праекце “Дзень Анёла” прагледзелі відэасюжэты аб шэрагу мучанікаў. На сустрэчы не было імяніннікаў месяца, але даведаліся аб іх ад родных ці блізкіх людзей.

4 кастрычніка шануецца памяць Дзімітрыя, мітрапаліта Растоўскага (1651-1709). У канцы ХVII стагоддзя ён наведваў наш край: занатаваў сведчанні аб Дзятлавіцкім Нова-Пячэрскім Спаса-Прэабражэнскім мужчынскім праваслаўным манастыры “як самым багатым у Мінскай епархіі”, падарыў ікону Божай Маці Вічынскаму Свята-Троіцкаму храму... У царкоўным календары свяціцелю прысвечана чатыры даты, наогул жа святых з гэтым імем (з новамучанікамі) – больш як 60. Першы сярод роўных – вялікамучанік Дзімітрый Салунскі (+306). Храм у гонар святога асвячаны ў Кажан-Гарадку, і 8 лістапада тут адбудзецца асаблівая ўрачыстасць.

Урач-гінеколаг Наталля Паўлаўна Шумская, якой сотні немаўлят абавязаны сваім нараджэннем і сотні лунінчанак – выздараўленнем, з цікавасцю даведвалася аб святых. Яе сына завуць Дзмітрый. Паважаны доктар слушна заўважыла, што пажадана прыгадваць свайго анёла ў кожны дзень памяці святых з імем, якое носіш...

Раз у год, 24 кастрычніка, царква ўшаноўвае мучаніц Зінаіду і Філанілу. Сваячкі апостала Паўла валодалі ўрачэбным мастацтвам і вылечвалі людзей малітвай, зваротам да Бога. Аднак ідалапаклоннікі забілі камянямі святых...

Пра пакутніцкі лёс сваёй цёці па маме (яны паходзілі з сям’і духавенства) расказала ветэран педагагічнай працы Ніна Скрабец.

Мужам Зінаіды (уроджанай Рубановіч) быў свяшчэннік. Настаяцель Петра-Паўлаўскага храма айцец Сяргей Рункевіч служыў у сяле Кішчына Слабада Барысаўскага раёна. У 1929 годзе абвінавачаны ў “антысавецкай агітацыі”, ён быў асуджаны на 3 гады зняволення ў Салавецкім манастыры (сумна вядомы СЛОН: Соловецкий лагерь особого назначения – по-русски). Сям’я бацюшкі таксама была саслана ў глыб Расіі. Зінаіда Вісарыёнаўна настаўнічала, але заробку не хапала, каб пракарміць шасцёра дзяцей. Яна памерла ад голаду... Тым часам, знясілены свяшчэннік атрымаў волю. Удавец запрасіў жанчыну, каб дапамагла яму выхоўваць двух сыноў і чацвёра дочак. Яна ж, згадзіўшыся апякаць старэйшых хлопцаў, непаўналетніх дзяўчынак завезла на вакзал і там пакінула. Савецкая ўлада паклапацілася аб дзецях без прытулку (якіх, дарэчы, сама і абяздоліла, але гэта – іншая гісторыя): сірот прызначылі ў дзіцячы дом. Затым сваякі маці дапамаглі ім ў жыццеўладкаванні. Сёстры працавалі, стварылі сем’і. Адна з іх стала жонкай каталіка, нарадзіла дваіх сыноў, выехала ў Польшчу. Да смерці хавала, што двое дзядоў і бацька былі праваслаўнымі свяшчэннікамі...

Летась завяршыўся зямны шлях 95-гадовай Веры, якая з мужам жыла ў Мінску, – у іх сям’і не было дзяцей... На жаль, страчана сувязь з 90-гадовай Таццянай, якая апынулася ў Францыі, выгадавала дваіх спадчыннікаў... У Расіі жыве старэйшая за сястру на 2 гады Галіна, якую апякае сын. З яго дапамогай жанчына працягвае шукаць сляды бацькі і братоў, якія зніклі ў віхуры шматпакутнага ХХ стагоддзя.

–Не ведалі даты смерці цёці Зінаіды, таму бабуля і мама паміналі яе ў дзень анёла, – гаворыць 86-гадовая Ніна Аляксандраўна. – Цяпер гэта раблю я разам з дачкой пакутніцы – маёй стрыечнай сястрой. Нас не будзе – спадзяюся, памяць захаваюць нашы дзеці...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии