Шчасце - гэта стан душы,

калі Богу больш дзякуем, чым аб чымсьці просім...

Такую формулу выпрацавалі ўдзельнікі ІІІ Рэспубліканскай канферэнцыі “Духоўнасць. Мараль. Традыцыі”, што 21-22 кастрычніка адбылася ў Жыровічах. Яе арганізатары – Міністэрства адукацыі, Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы, Мінскія духоўныя семінарыя і акадэмія – запрасілі да абмеркавання пытанняў сучаснасці педагогаў шэрагу школ і гімназій Мінска, Полацка, Наваполацка, Мазыра. Наш раён прадстаўляла бібліятэкар гімназіі г. Лунінца Ірына Раманчук, якая дзеліцца ўражаннямі:

–Наведванне святыні Беларусі лічу асабістым падарункам напярэдадні юбілею нашай установы, дзе працую 25 год. Канферэнцыя пачалася з малебна. На пленарным пасяджэнні ўдзельнікаў віталі Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, і начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саратнік.

Ірына Пятроўна выступіла з прэзентацыяй на секцыі “Вопыт рэалізацыі праектаў па духоўна-маральным выхаванні вучняў”. Педагагічную грамадскасць зацікавіла сумесная дзейнасць калектыву гімназіі г. Лунінца з прыходам храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Аб цікавых і карысных справах гімназістаў, якіх да вечных ісцін прыцягваюць неабыякавыя настаўнікі і свяшчэннікі, наша зямлячка расказвала і ў час пасяджэння за “круглым сталом” на тэму “Аб перспектывах развіцця супрацоўніцтва суб’ектаў адукацыйных адносін па духоўна-маральнаму выхаванню вучняў”.

–Самым важным момантам, – адзначае Ірына Пятроўна, – была шчырая размова педагогаў і свяшчэнства. Абмяркоўвалі шляхі сумеснай інфармацыйна-асветнай дзейнасці, накіраванай на ўдасканаленне асобы на прыкладах праваслаўных традыцый беларускага народа, і выхавання актыўнай дабрыні ва ўзаемадзеянні школы і соцыума. Мне асабіста вельмі цікава выкарыстасць магчымасці рэсурснага цэнтра па духоўна-маральнаму выхаванню, што створаны ў СШ No191 г. Мінска.

Праца з дзецьмі – гэта не тая рэч, што можна ацаніць адразу. Аднак імкненне дзяржавы і царквы сумеснымі намаганнямі дапамагчы юнаму пакаленню зрабіць правільны выбар сведчыць аб тым, што будучыня – у надзейных руках неабыякавых людзей.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии