Школе - творчасць

“Нам і не снілася, што паклонімся Крыжу заступніцы нашай зямлі, – гэту магчымасць далі ХV Свята-Ефрасініеўскія педагагічныя чытанні ў Полацку...”.

Настаўніца СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Сладзінская ўсхвалявана чарговым наведваннем калыскі беларускай дзяржаўнасці. У ліку дзевяці педагогаў агульнаадукацыйных і нядзельных школ раёна яна далучылася да традыцыйнай сустрэчы, што аб’ядноўвае духоўны і інфармацыйны пачатак. Удзельнікі чытанняў раніцай і вечарам на богаслужэннях прыкладваліся да ракі з мошчамі Святой Ефрасініі, жылі ў манастыры. Ігумення Еўдакія запрасіла настаўнікаў на трапезу, дзе расказала шмат гісторый з уласнага вопыту, як людзі прыходзяць да Бога.

–На чытаннях абмяркоўваліся пытанні культуры сям’і і праваслаўных традыцый, – адзначае Дзіяна Раманаўна. – Асаблівае ўражанне зрабіла выступленне архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. Уладыка нагадаў, што бацькі маюць уладу аб Бога, іх статус у вачах дзяцей павінен быць вельмі высокім. Стабільнасць сям’і трымаецца на падпарадкаванні. З маленства трэба выхоўваць павагу да старэйшых, добрасумленнасць у выкананні абавязкаў. З добрых дзяцей вырастаюць законапаслухмяныя і адказныя грамадзяне дзяржавы...

Яшчэ адна ўдзельніца чытанняў – настаўніца гімназіі г. Лунінца Ірына Грушэўская ўражана выступленнямі на пасяджэннях пленарным і па секцыях, “майстар-класамі”, што давалі калегі з многіх школ і ВНУ краіны.

–Загадчык кафедры Магілёўскага універсітэта Сяргей Сомаў прымусіў задумацца над словам “патрыярхальнасць”, – расказвае Ірына Аляксандраўна. – Лічым яго састарэлым, несучасным, нямодным. Між тым, сэнс паняцця – гэта славянская сям’я з аўтарытэтам бацькі. А ў нас з дзіцячага садка малышы завучваюць песні прыкладна такога зместу: “мама – ідэал, мама – генерал” і г.д. Важна аднаўляць у грамадстве мацуючую ролю мужчыны... Гэту тэму працягнуў намеснік дырэктара гімназіі №2 г. Вілейка (Мінская вобл.) Мікалай Іваненка. Ён лічыць адмоўным паняцце “гендэрная роўнасць”. На ўроках выкарыстоўвае поларалявое выхаванне – размеркаванне роляў у сям’і паміж мужчынай і жанчынай. Першы – адказнасць, памяркоўнасць, мужнасць. Другая – клопат, дабро, цярплівасць. І абодва – цнатлівасць, самаахвярнасць, працавітасць...

Лунінецкія настаўніцы шчыра парадаваліся за калег-мужчын, якія практычнай дзейнасцю вяртаюць сэнс бацькоўства і мацярынства, што захаваны ў генетычнай памяці народа. Педагогі перакананы ў тым, што толькі з дапамогай царквы можна аднавіць асновы выхавання ў сям’і – веру, аўтарытэт бацькоў, настроіць іх на асабісты прыклад, дысцыплінаванасць, у светапоглядзе з’арыентаваць на спрадвечныя каштоўнасці. Амаль тысяча настаўнікаў – удзельнікаў чытанняў – выказаліся за тое, каб вярнуць у школу прадмет “Асновы сямейнага жыцця”, канкрэтызаваць у ім праваслаўны складнік. Мэтазгодна, каб гэта не абмежавалася факультатывам, таму што ўсім трэба вучыцца, як быць годнымі татам і мамай.

Неабходнасць такога ўрока відавочна ўжо і дзецям. Вучаніца адной са школ горада Іванава нашай вобласці ўразіла глыбокім даследаваннем сучаснай беларускай сям’і, не па ўзросту сур’ёзнымі вывадамі аб выратаванні паняцця “сям’я”, што адмаўляюць еўрапейскія лжэстандарты. Чытанні заклікаюць да ўзаемадзення ўстаноў адукацыі, царквы і сям’і ў вырашэнні праблем бацькоў і дзяцей. Прыклад у гэтым паказвае школа імя Ефрасініі Полацкай, дзе праводзілася сустрэча, – на Віцебшчыне ўстанова з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па духоўна-аральнаму выхаванню.

На аднадушную думку Дзіяны Раманаўны і Ірыны Аляксандраўны, кожнаму настаўніку карысна прыняць удзел у Свята-Ефрасініеўскіх чытаннях, каб зарадзіцца энергіяй нацыянальных святынь і неабыякавых калег, пераняць іх вопыт у арганізацыі работы з дзецьмі і іх бацькамі па адраджэнню традыцыйнай праваслаўнай сям’і.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии