Бацькі і дзеці

аб’ядналіся на сцэне ў пастаноўцы па п’есе Яўгена Шварца “Адна ноч”, што адлюстроўвае гісторыю блакады.

Спектакль, а таксама літаратурна-музычную кампазіцыю “Песні ваенных гадоў” падрыхтавалі вучні і дарослыя з Санкт-Пецярбурга – удзельнікі творчага аб’яднання “Вобраз” пры Спаса-Парголаўскім храме. Самадзейныя артысты выступілі ў Брэсце, у абласных ліцэі імя П.М. Машэрава і політэхнічным каледжы.

–Не лічу сябе сентыментальнай, – расказвае настаўніца СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Сладзінская, – але праграму немагчыма было глядзець і слухаць без слёз. Вось так, з дапамогай сродкаў мастацтва, трэба фарміраваць пачуццё адданасці Радзіме, выхоўваць гонар за дзяржаву, народ, сям’ю. Адначасова ўвекавечаны подзвіг шматнацыяльнай краіны ў Вялікай Айчыннай вайне, а галоўнае – набываецца ўменне даваць адпор фальсіфікацыі тых гераічных і трагічных падзей...

Дзіяна Раманаўна была ў ліку лунінчан, якія суправаджалі гасцей з паўночнай сталіцы Расіі ў час знаёмства з нашай вобласцю. Настаўніца адзначыла, што сярод удзельнікаў групы было многа нашчадкаў ленінградцаў, якія перажылі блакаду. Значыць, на сцэне адлюстроўваліся сапраўды асабістыя пачуцці... Уразіла і тое, што паездку ў Беларусь дзеці і дарослыя ажыццявілі з мэтай больш паглыбленага вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай. Госці з Санкт-Пецярбурга хацелі наведаць Брэсцкую крэпасць, каб даведацца, што адбылося ў першыя дні вайны. Цытадэль іх уразіла – экскурсія была днём, а потым і вечарам схілілі галовы каля вечнага агню...

Тэма “1941 год. Пачатак” працягвалася і ў Белавежскай пушчы. Экскурсавод расказвала аб партызанскім руху, аб ваенных выпрабаваннях запаветнага куточка нашага краю. На завяршэнні жанчына звярнулася да Дзіяны Раманаўны:
–Не пазнаеце мяне? Я – Людміла Свібовіч. Вучылася ў СШ №2, вы выкладалі гісторыю...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии