Подзвіг у імя святла

Адукацыйныя чытанні ў Пінска-Лунінецкай епархіі, якія адбыліся другі раз (сёлета – у Баранавічах), прысвячаюцца прападобнамучаніку Макарыю.
Святы носіць найменні Оўручскі, Канеўскі, Пераяслаўскі, а таксама Пінскі – узначальваў абіцелі ў шэрагу мясцін, у тым ліку ў Купяцічах і самой сталіцы Палесся. Ён жыў у ХVII стагоддзі і мужна абараняў праваслаўныя святыні ад лаціна-палякаў. Загінуў у 1678 годзе ад туркаў, якія напалі на манастыр. Святы Макарый спрабаваў спыніць іх крыжам – на грудзях і ў руках. Ворагі павесілі ігумена за рукі і ногі паміж двух слупоў, праз два дні – адсяклі галаву. Манахі ўнеслі цела ў храм, але гэта нікога не выратавала. Туркі абклалі царкву паленнямі і падпалілі яе… Памяць прападобнамучаніка шануецца чатыры разы ў год, у тым ліку ў Саборах святых – Беларускіх і Валынскіх.
Да такога адданага служэння заклікаюць і штогадовыя духоўныя сустрэчы. У Другіх Свята-Макарыеўскіх чытанняў удзельнічаў настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь, які расказаў:
–Канферэнцыю прадстаўнікоў духавенства і навучальных ўстаноў сваёй прысутнасцю благаславіў Уладыка Сцяфан. Сустрэча праходзіла ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, вызначалася адукацыйным узроўнем вышэйшай школы. Выступілі гаспадары і госці – навукоўцы з універсітэтаў Мінска, Гомеля, Віцебска, Брэста, акадэмій – Мінскай духоўнай і Горацкай сельскагаспадарчай. На пленарным пасяджэнні заслухалі даклады аб практычнай рабоце па адраджэнню духоўнасці і аб рэлігіязнаўчых аспектах духоўна-маральнай адукацыі, аб мадэлі царкоўна-дзяржаўных адносін ў святле сучаснага сацыяльнага вучэння РПЦ. Духоўную ацэнку падзей 1917 года даў кандыдат багаслоўскіх навук протадыякан Павел Бубноў, знаёмы лунінчанам па выступленню ў верасні на місіянерскім семінары ў нашым горадзе. У кожнай з трох секцый было заяўлена да 15 дакладчыкаў. Як звычайна, неабыякавым людзям не хапала часу, каб падзяліцца хвалюючымі іх праблемамі. Для мяне асабіста карыснай была праца аб вопыце місіянерскай дзейнасці праваслаўнай царквы ў Палескай епархіі ў 1921-1939 гг.. Яе падрыхтаваў кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры славянскай гісторыі БрДУ ім. А.С. Пушкіна Аляксандр Мікалаевіч Свірыд. Разглядаліся таксама пытанні вывучэння і распаўсюджання педагагічнага вопыту духоўна-маральнага выхавання сярод вучняў і студэнтаў; узаемадзеяння Царквы з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, СМІ ў сферы духоўна-патрыятычнага выхавання грамадства і сацыяльнага служэння; значэнне праваслаўнай кнігі і інш.
Адзін з дакладаў меў назву “Ахвяра – праваслаўны прынцып выхавання”. Перафразуючы яе, можна сцвярджаць, што самаахвярнасць – сэнс жыцця праваслаўнага чалавека. Сведчанне гэтага – і служэнне свяшчэннікаў у ХХ стагоддзі, і роля праваслаўя ў гісторыі і культуры Беларусі, і подзвігі ў імя веры тысяч мучанікаў, якія ўласнае жыццё аддалі на алтар святла духоўнасці.    

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии