У
гонар вялікамучаніка Георгія Пераможаносцы ў царкоўным календары ўстаноўлены 4
святы, у тым ліку – 9 снежня.
Напярэдадні ў інфармацыйна-асветным цэнтры іконы Божай
Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адбылася традыцыйная праграма
“Дзень Анёла”. Імя “Георгій” з грэчаскай мовы перакладаецца як “земляроб”. Настаяцель
іерэй Сергій Крышталь прыгадаў свяшчэнніка, які яго хрысціў. Протаіерэй Георгій
Скабей прыцягнуў хлопчыка да духоўнасці і ўласным прыкладам – яго сын і трое
ўнукаў таксама выбралі пастырскі шлях... Актыўнымі ўдзельнікамі сустрэчы былі ветэраны
педагагічнай працы. Аляксандра Кулага і Ірына Барысава расказалі пра бацькоў,
якія працавалі на чыгунцы. Наталля Казанкова прысвяціла выступленне свайму
вядомаму дзядзьку. Георгій Сцяпанавіч Ішчанка – першы камсамолец Лунінца, у
пасляваенны час быў выкладчыкам чарчэння і малявання ў гарадскіх школах. Яго цудоўныя
карціны захаваліся толькі ў нашчадкаў – арганізацыя выставы пазнаёміла б
сучаснікаў з мастацтвам педагога… Узорам энцыклапедычных ведаў, высакароднасці
і інтэлігентнасці застаўся выкладчык хіміі Георгій Антонавіч Касцючэнка, якога
настаўнікам у прафесіі лічаць многія сённяшнія выдатныя педагогі… Такая ж
знакавая для Лунінца асоба – Георгій Аляксандравіч Вайндрах. Гісторык і
краязнаўца, пасля ён выкладаў у Брэсцкім педагагічным інстытуце, стаў
кандадытам гістарычных навук і занатаваў для Беларусі многія старонкі
рэвалюцыйнага мінулага Лунінеччыны…

З асаблівай цікавасцю расповяды аб легендах адукацыі
нашага краю слухалі госці – настаўнікі СШ №1 г. Лунінца. Прадстаўнікі старэйшай
школы раёна маюць падставы ганарыцца сапраўднымі зоркамі і сярод калег
папярэдніх пакаленняў, і сярод выпускнікоў. У іх ліку – генерал-маёр Георгій
Уладзіміравіч Вярэніч. Ён прайшоў “гарачыя кропкі” канца 1980-ых – пачатку
1990-ых, быў намеснікам камандуючага Маскоўскай акругі войскаў МУС, адзначаны
шэрагам узнагарод і баявых, і царкоўных. Ікона ў новым храме Лунінца нагадвае
аб сямейным ахвяраванні земляка сваёй малой радзіме...
Сустрэча нагадала аб многіх выдатных дзеячах з імем
шануемага ў праваслаўі Нябеснага Заступніка першапрастольнай. Праграму
завяршылі вальс і раманс Георгія Свірыдава да пушкінскай “Завірухі”. Бессмяротная
музыка сведчыла і аб вечным жыцці людзей, якія аддана служылі справай
грамадству.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.
Комментарии
Отправить комментарий